Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны шосты беларус марыць парадніцца з амэрыканцамі


Дэвід Суорц
Дэвід Суорц
Злучаныя Штаты прызналі незалежнасьць Беларусі 25 сьнежня 1991 году. Пасьля таго, як дзьве краіны ўсталявалі дыпляматычныя адносіны, у Менску 31 студзеня 1992-га была афіцыйна адкрыта амбасада ЗША. Першы амбасадар — Дэвід Суорц (David H. Swartz) прыступіў да выкананьня абавязкаў 25 жніўня і завяршыў тэрмін сваіх паўнамоцтваў роўна 15 гадоў таму, у студзені 1994-га. У зьвязку з чым мы і прапанавалі яму стаць чарговым грамадзкім рэдактарам тыдня.

Зараз спадар Суорц на пэнсіі, працуе на грамадзкіх пачатках выканаўчым дырэктарам Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў пры ўнівэрсытэце South Western у Канзасе. Цягам тыдня Дэвід Суорц выказваў сваё бачаньне пэрспэктыў разьвіцьця стасункаў ЗША і Беларусі. Ён пажадаў, каб журналісты Свабоды падрыхтавалі перадачу на тэму “Як мяняецца стаўленьне беларусаў да Амэрыкі”.

Шараговец: “Хутчэй за ўсё Амэрыка зьяўляецца агрэсарам. Але ў большай ступені — эканамічным”

Аляксандар Сасноў
Экспэрт зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) Аляксандар Сасноў кажа, што практычна ўсё насельніцтва Беларусі ведае пра такі амэрыканскі брэнд, як даляр:

- Вось ужо колькі год, калі лічыць па аптыньня НІСЭПД, 40-45 працэнтаў рэспадэнтаў кажуць, што гэта самая добрая валюта, якая ёсьць. Ад яе беларускі рубель адстае прыкладна на 10-15 працэнтаў. Да яго значна менш даверу, чым да амэрыканскага даляру. І колькі б ні казалі, што ЗША — галоўны вораг Беларусі, аднак наконт грошай, фактара надзвычайц сур’ёзнага, разуменьне грамадзкае вось такое…

Зразумела, беларусы — розныя. Адна справа — пэнсіянэры, аднагодкі спадара Суорца, якія дзесяцігодзьдзямі выхоўваліся ў духу савецкай антыамэрыканскай прапаганды, і — тыя, хто нарадзіліся ў год прызнаньня Рэспублікі Беларусь Злучанымі Штатамі. Ім сёньня па 18 гадоў, яны ўжо маюць праву ўдзелу ў выбарах дэпутатаў, кіраўніка краіны — інакш кажучы, вызначаць дзяржаўную палітыку. У тым ліку і міжнародную.

Дык як ставіцца беларуская моладзь да Амэрыкі і амэрыканцаў і ці зьмяняецца гэтае стаўленьне? Калі так — у які бок?

Каб знайсьці адказы, мы накіраваліся ў Горадню.

Карэспандэнт: Пра стаўленьне студэнтаў да Амэрыкі мне ўдалося паразмаўляць з сакратаром камітэту БРСМ Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Віктарам Косыравым.

— Адкрыта тое нідзе не абмяркоўваецца, масавага ажыятажу вакол гэтага пытаньня няма. У кожнага ёсьць сваё меркаваньне: у кагосьці скрайне нэгатыўнае, у кагосьці нэўтральнае — складана гаварыць за ўсіх.

Віктар Косыраў быў дырэктарам унівэрсытэцкай каманды КВН, яна выступала нават у Сочы. Яе назву — “Янкі” — часта ўспрымалі, як “амэрыканскую”. Віктар успамінае:

— У нас нават дэвіз быў, калі мы ўсіх перамагалі, заўзятары каманды выгукалі: “Янкі — гоў хом!”

Далей з пытаньнем — як ставіцца моладзь да Амэрыкі? — мы зьвярнуліся да Юрыя Касіцкага, які займаецца пытаньнямі ідэалёгіі ў Гарадзенскім абласным камітэце БРСМ.

— Адпаведныя сацыялягічныя апытаньні сярод моладзі не праводзіліся. І ў выхаваўчым працэсе гэта не прадугледжана. Важна, што адбываецца ў нас у краіне, каб у нас усё добра было, а як моладзь да Амэрыкі ставіцца — гэта меркаваньне кожнага, іх асабістая справа…

Камэнтуе экспэрт НІСЭПД Аляксандар Сасноў:

— Амаль да 10 працэнтаў хацелі эміграваць куды?У Злучаныя Штаты. І найперш гэта маладыя людзі. А Расею выбіраюць для сябе ўдвая менш людзей. Вось вам і чарговы парадокс…


Аднак працягнем далей нашае дасьледаваньне ў Горадні: што думаюць маладыя мінакі пра Амэрыку і амэрыканцаў? Пытаемся:

— Як вы ўспрымаеце Амэрыку: яна — вораг, агрэсар, ці ад яе шмат карыснага?

Малады спадар:

— Мне неяк усё роўна, нэўтральна ўспрымаю.

— І мне — што той прэзыдэнт у іх быў, што гэты. Амэрыка далёка, і яна ці агрэсар, ці хто… Можа трохі і агрэсар.

— А мне падаецца — зусім амэрыканцы не агрэсары!

— Маю пазыцыю фармуюць СМІ: хутчэй за ўсё Амэрыка зьяўляецца агрэсарам у большай ступені эканамічным. Гэта значыцца, усе яе ваенныя дзеяньні накіраваныя болей на эканамічныя выгады.

— Амэрыканцаў успрымаю нармальна: яны такія ж людзі, як і ўсе астатнія. Канкрэтна ад іх пагрозы не адчуваю, але ад Амэрыкі як дзяржавы — наадварот, адчуваю падазронасьць…

— Як нас вучаць у школе? Амэрыка — вялікая краіна, нічым не адрозьніваецца ад Расеі. Так, памяняўся прэзыдэнт, першы чорнаскуры. Я сам нічога супраць Амэрыкі ня маю. Сваякі там працуюць у Амэрыцы, яны атрымліваюць абсалютна адэкватны заробак…

— Мне бяз розьніцы: галоўнае, каб яна не перашкаджала інтарэсам іншых краінаў. Таму будзе бачна — як сябе пакажа новы прэзыдэнт і ў цэлым краіна.

— Я думаю, успрымаюць ЗША так, як успрымалі нашыя дзяды ў Заходняй Беларусі: гэта — край мары, куды хочуць трапіць, каб запрацаваць грошы і сюды вярнуцца, працягваць нейкую сваю справу ці навучаньне. Асабіста я там ніколі ня быў, але ўспрымаю вельмі дадатна. Мой пляменьнік афармляе паперы, ёсьць конкурс для старшаклясьнікаў, прайшоў паўфінал. Пісаў учора нейкія іспыты ў амбасадзе амэрыканскай. Гэта будзе навучальны візыт: паглядзець, як людзі жывуць, як мы маглі жыць, каб былі трошкі разумнейшыя…

Камэнтуе экспэрт НІСП Аляксандар Сасноў:

— Гатовыя разам працаваць з амэрыканцамі 23 працэнты беларусаў! Гэта другое месца пасьля заходнеэўрапейцаў. І ў пераліку падобных прыярытэтаў няма блізка ні Ўкраіны, ні Расеі… А з амэрыканцамі, калі ласка, хочуць разам нешта рабіць! Тое ж самае тычыцца і жаданьня жыць разам.


Уладзімер Мацкевіч: “Стаўленьне да амэрыканцаў — ядро сьветаўяўленьня нацыі”

Пакаленьне, якому сёньня 40 і болей гадоў, пасьпела адчуць на сабе і моц антыамэрыканскай прапаганды часоў халоднай вайны, і подых свабоды, калі жалезная заслона абрушылася і стала магчымым на ўласныя вочы пабачыць “гнілы захад”. Што зьмянілася ва ўспрыняцьці тых, каму зь дзяцінства даводзілі, што нарадзіцца ў СССР — шчасьце, а жыць у ЗША — амаль што трапіць у пекла?

Уладзімер Мацкевіч
На думку палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, савецкія стэрэатыпы часоў халоднай вайны адыгрываюць ролю і сёньня:

— Стаўленьне да амэрыканцаў і да Амэрыкі як такой — гэта наагул у ХХ стагодзьдзі вызначальнае стаўленьне, ядро зьнешнепалітычных поглядаў і сьветаўяўленьня чалавечага для шмат якіх нацыяў, народаў і гэтак далей. Адметнасьцю савецкага стаўленьня была яго татальнасьць. Амаль усе савецкія людзі да Амэрыкі ставіліся, як да пачвары, за рэдкім выключэньнем.

Што тычыцца сёньняшняй думкі, то яна не такая катэгарычная, не настолькі чорна-белая, не такая прымітыўная. Але нэгатыву ў адрас Амэрыкі хапае і сёньня. Калі ўзяць прапорцыю нэгатыву і пазытыву, то гэтая лічба ўвесь час вагаецца — незалежна ад таго, у Савецкім мы Саюзе жывем ці не…

Сяргей Вазьняк
Рэдактар газэты “Товаріщ” Сяргей Вазьняк таксама лічыць, што імідж Амэрыкі ў вачох старэйшага пакаленьня беларусаў — шмат у чым адмоўны. І ў гэтым найперш вінавата ўласна Амэрыка, а не беларуская прапаганда.

— ЗША шмат робяць на міжнароднай арэне такога, што фармуе адмоўнае ўражаньне пра іх. Таксама як і Расея, як і большасьць вялікіх дзяржаваў. На жаль, сусьветныя лідэры ня вельмі карэктна — у нечым нават і нэгатыўны прыклад: як толькі нешта ня так — адразу паслаць авіяносец, разбамбіць… Хаця ў ХХІ стагодзьдзі хацелася б, каб каштоўнасьці свае абаранялі і прасоўвалі больш мірным шляхам.

З другога боку, стаўленьне да Амэрыкі становіцца больш спакойным з-за таго, што зьявілася магчымасьць езьдзіць на Захад і ў ЗША ў тым ліку. І глядзець на жыцьцё ня скрозь прапагандысцкі рупар, а на ўласныя вочы — адпаведна рабіць уласныя высновы. Дадалася магчымасьць атрымліваць інфармацыю празь інтэрнэт, стала меней межаў у стварэньні ўласных меркаваньняў пра тое ці іншае — таму бязглуздай агрэсіі стала значна менш. Але я б не сказаў, што гэтай праблемы зусім не існуе…

Камэнтуе экспэрт НІСЭПД Аляксандар Сасноў:

— Калі мы спыталі, якая самая дрэнная краіна для Беларусі, то на першае месца нашыя рэспандэнты паставілі Злучаныя Штат — 64 працэнты. На другім, не паверыце, Польшча — 29 працэнтаў. На трэцім Літва — 21 працэнт. Далей тоўпяцца Латвія, Грузія і Брытанія — прыкладна па 20 працэнтаў. Гэта — вынік апрацоўкі беларусаў расейскім тэлебачаньнем.


Аднак працягваем дасьледаваньне наконт стаўленьня да ЗША людзей сталага ўзросту.

У рэгіёнах сытуацыя моцна адрозьніваецца ад сталіцы ды буйных гарадоў. Людзі значна больш думаюць пра побытавыя, штодзённыя праблемы і меней занятыя праблемамі зьнешняй палітыкі. Апроч таго, доступ да інфармацыі “у глыбінцы” — праблема. Разважае Валянціна Кудлацкая, грамадзкая актывістка зь Верхнядзьвінску:

— Сёньня людзі вельмі абмежаваныя ў інфармацыі. І гэта адзін з фактараў, які не спрыяе таму, каб мяняліся застарэлыя погляды, рабіліся нейкія высновы. Калі ўзяць сытуацыю ў Верхнядзьвінску — падпіску на дзяржаўныя-недзяржаўныя СМІ, тэлебачаньне, інтэрнэт, дык адчувальна не стае інфармацыі людзям. Але пакрысе трохі нешта мяняецца. Часам сутыкаесься з чалавекам вельмі катэгарычным, упёртым у сваіх поглядах савецкіх… Пачынаеш даводзіць, прыклады прыводзіць, з жыцьця нешта распавядаць — і бачыш: ён прынамсі твае погляды ў штыкі не ўспрымае, пачынае думаць…

Сяргей Касьцян
На думку Сяргея Касьцяна, экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў, Рэспубліка Беларусь і ЗША маюць вялікі патэнцыял супрацоўніцтва.

— Мы заўсёды паважліва да Амэрыкі ставіліся, як да дзяржавы. Ніксан быў першым прэзыдэнтам, які наведаў Беларусь. І тады на пляцы Волі ён сказаў: “Ня толькі Мінск — горад-герой, увесь беларускі народ — гэта народ-герой, уся Беларусь — гэта герой”. І амэрыканцы яму не даравалі тое, што ён пагадзіўся на пацяпленьне адносінаў з СССР. Ніколі ў нас не было нейкай лютай нянавісьці да Амэрыкі, няма яе і цяпер. І мы, і я ў тым ліку, і шмат хто ў Беларусі былі б вельмі рады, каб наладзіліся добрае супрацоўніцтва, добрыя стасункі на ўсіх узроўнях паміж ЗША і Рэспублікай Беларусь.

Камэнтуе экспэрт НІСЭПД Аляксандар Сасноў:

— 15-16 працэнтаў беларусаў хочуць, каб РБ усталявала найбольш добрыя адносіны з ЗША. Для параўнаньня: з Кітаем — 16-17 працэнтаў, з краінамі Эўрапейскай супольнасьці 45-46, а з Расеяй 64-65 працэнтаў. Гэта дадзеныя за сьнежань 2008 году.


Сяргей Гайдукевіч: “Тое, што зараз адбываецца ў Злучаных Штатах, тычыцца і нас непасрэдна”

На фармаваньні фіксаванай сацыёлягамі грамадзкай думкі адбіваюцца шмат фактараў. І сярод іх — меркаваньні вядомых асобаў. Што думаюць выбітныя людзі — палітыкі, навукоўцы, пісьменьнікі, музыкі?

Радзім Гарэцкі
Акадэмік Радзім Гарэцкі першы раз быў у Амэрыцы на Ўсясьветным кангрэсе геолягаў у 1978 годзе, у часы “жалезнай заслоны”, халоднай вайны. Другі раз — у перабудову. Ён кажа:

— Усё мяняецца. Прычым у лепшы бок. Хоць памятаю, калі пра Амэрыку казалі толькі адмоўнае. Пахваліш амэрыканцаў — здраднікам лічылі. Нават і такое было. Усё кепскае — у Амэрыцы: “Там мурынаў вешаюць!” Гэта ж не параўнаць — што раней было і зараз! Зьмены ідуць увесь час, на пад’ём. Але на гэтым тле ёсьць хвалі, хістаньні: то лепш — то горш, то лепш — то горш… Але цалкам, безумоўна, стаўленьне лепшае.

Сяргей Гайдукевіч
Старшыня Беларускай лібэральна-дэмакратычнай партыі, экс-дэпутат, экс-спэцпрадстаўнік МЗС па ўзаемадзеяньні з эўрапейскімі структурамі Сяргей Гайдукевіч выказаў такое меркаваньне:

— Тое, што зараз адбываецца ў Злучаных Штатах, тычыцца і нас непасрэдна. Амэрыка — вялікая краіна, і хацелася б прагматычных адносінаў. Хацелася, каб у нас была грамадзянская супольнасьць. Некаторыя пытаньні мяне вельмі хвалююць. З добрай надзеяй чакаю першых крокаў прэзыдэнта Абамы, у тым ліку ў дачыненьні і да Беларусі. Адносіны са Злучанымі Штатамі трэба разьвіваць. Гэта краіна, зь якой трэба кантактаваць. Сёньняшнія праблемы трэба згладжваць і рухацца наперад. І я перакананы: ня так далёка той час, калі абедзьве амбасады будуць функцыянаваць паўнавартасна.

Пісьменьнік Эдуард Скобелеў аказаўся нешматслоўным і ня вельмі ўзрадаваўся цікаўнасьцю да яго Радыё Свабода:

— Ведаеце, я не займаюся спэцыяльнымі дасьледаваньнямі. Маё асабістае стаўленьне да Штатаў не зьмянілася — самае пазытыўнае. Аднак Амэрыка страшная панаваньнем ценявога капіталу. А лінчаваньне — гэта ўсё прыдумкі. Прыдумкі буржуазнай прэсы. Ну ўсё, я спыняю з вамі размову. Бывайце здаровы!

Андрэй Фёдараў
Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа, што страх да Амэрыкі ў беларускім грамадзтве ўжо прайшоў:

— Канечне, у параўнаньні з савецкімі часамі ўсё зьмянілася ў добры бок, і вельмі істотна. Хоць іншым разам, калі ўзьнікаюць нейкія абвастрэньні, як, напрыклад, у мінулым годзе адносна санкцыяў “Белнафтахіму”, што былі ўведзеныя Злучанымі Штатамі, — з улікам таго, як гэта нашая прапаганда падае. Канечне, тое не магло не адбіцца на ўспрыняцьці беларускім грамадзтвам Злучаных Штатаў. Тым ня менш, я мяркую, у цэлым стаўленьне даволі добрае, і ня так шмат хто зь беларусаў баіцца, як гэта было ў савецкія часы.

Віктар Шалкевіч
Бард, шоўмэн Віктар Шалкевіч не адзін раз бываў у Злучаных Штатах Амэрыкі.

— Хтосьці з маіх сяброў калісьці сказаў, што марыць пасадзіць усіх беларусаў .у адзін вялікі самалёт і адвезьці ў Амэрыку, каб яны пабачылі, як людзі жывуць. Я быў у Амэрыцы. Сапраўды, край пазнаецца толькі тады, калі ў ім пабываеш. А для бальшыні беларусаў Амэрыка, на жаль, застаецца гэтакім абстрактным краем, краінаю зла. Тым больш, глядзяць тэлебачаньне расейскае, а яно сымпатычна ў адносінах да Амэрыкі ніколі не выказвалася. Вось і нараджаецца уяўденьне: іншаскурых цяпер ня бь’юць, але “зубкі ў дзетак точаць, і ўвогуле да межаў наблізіцца хочуць, сьпяць і бачаць сябе ў Крамлі бел-бурнаты, фашысты і панкі…” — радаснага ў гэтым мала. Але Амэрыка і сама вінаватая — мне здаецца, яна ня вельмі любіць пра сябе расказваць. Ёсьць жа нямецкі Інстытут Гётэ ў Беларусі, Польскі і інстытут, якія нешта праводзяць. А што робіць падобная ўстанова, і ці існуе яна ўвогуле ў Амэрыцы?

Камэнтуе экспэрт НІСЭПД Аляксандар Сасноў:

— Пытаньне: а з кім беларусы хочуць парадніцца? Стаць ці жонкай. Ці мужа, ці там нейкісм яшчэ сваяком — любым чынам! Дык вось з амэрыканцамі мараць парадніцца 16 працэнтаў — гэта шостае месца… Пасьля рускіх, украінцаў, палякаў, заходне- і цэнтральнаэўрапейцаў. Цікавы факт. І — у пэўным сэнсе аптымістычны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG