Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму крызіс без пратэстаў?


Няўдалая акцыя прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы, 12 студзеня
Няўдалая акцыя прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы, 12 студзеня
Год таму, 10 студзеня, на Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбыўся масавы мітынг прадпрымальнікаў. Удзельнікі акцыі перакрылі рух транспарту на праспэкце Незалежнасьці. Сёньня на плошчу выйшлі адзінкі — мітынг не адбыўся. Чаму крызісная сытуацыя ў краіне пакуль не прывяла да масавых пратэстаў?

Алесь Макаеў
Ініцыятары сёньняшняга мітынгу на Кастрычніцкай плошчы плянавалі абмеркаваць актуальныя праблемы дробных бізнэсоўцаў, якія пагаршаюць умовы іх працы. Зь мітынгу яны хацелі зьвярнуцца ў адміністрацыю прэзыдэнта з заклікам правесьці Ўсебеларускі сход прадпрымальнікаў. Аднак гэтая ініцыятыва старшыні каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Менску Алеся Макаева не знайшла падтрымкі ў лідэраў іншых прадпрымальніцкіх структур. Старшыня рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка перайшоў нават на асобы:

Анатоль Шумчанка
“Я з лузэрамі ня маю ніякіх спраў. Яны ня маюць ніякага дачыненьня да прадпрымальніцкага руху. Я заклікаю ўсе сродкі масавай інфармацыі, каб яны не рабілі па сёньняшняй лузэрскай акцыі ніякіх высноваў адносна становішча ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі. У нас вельмі вялікія праблемы. І мы гатовыя да барацьбы. Але гэта вельмі цяжкая праца, каб арганізаваць. І трэба мець вельмі моцную падтрымку. „Пэрспэктыва“ гэта мае. І гэта яшчэ раз пацьвярджае, што калі няма арганізацыі, то яе няма наагул”.

Нагадаем, 15 сьнежня “Пэрспэктыва” правяла мітынг і плянавала выйсьці на Кастрычніцкую плошчу 29 сьнежня. Аднак улады вырашылі працягнуць ільготныя ўмовы працы для дробных бізнэсоўцаў, хоць пры гэтым і павялічылі стаўку адзінага падатку.

“У нас усё было падрыхтавана да гэтага. Але, дзякуй Богу, нам гэта не спатрэбілася. І сёньня прадпрымальнікі працуюць у тым рэжыме, у якім працавалі. Але нам вельмі цяжка. Але наогул сёньня цяжка ўсім. І самы галоўны наш вораг — гэта нізкая пакупніцкая здольнасьць насельніцтва”.

Віктар Гарбачоў
Лідэр грамадзкай кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” (зарэгістраваная ва Ўкраіне) Віктар Гарбачоў заявіў, што гэтую акцыю ніхто не рыхтаваў.

“Указ № 703 уведзены. Няхай ён дрэнны, зь недапрацоўкамі. Але прадпрымальнікам кінулі костку. Яны гэтую костку цяпер абгрызаюць, аблізваюць. І скакаць паперадзе воза я ня бачу сэнсу. Многія пайшлі ў адпачынак у зьвязку з падвышэньнем падатковай нагрузкі ў эўра. Думаюць, што ім рабіць ад лютага. Аблвыканкамы пачнуць зацьвярджаць новыя падатковыя стаўкі ў лютым. І вось калі гэта разам усё дзюбне, тады мы можам казаць, што ў сакавіку-красавіку прадпрымальнікі зноў выйдуць на нейкую кансалідаваную акцыю”.

Ігар Леднік
Каардынатар праваабарончага руху “Наша Беларусь” Ігар Леднік, які таксама прыйшоў сёньня на плошчу, мяркуе, што пратэстная база сёньня даволі расплывістая. Аднак важна паказаць вулічнымі акцыямі, што прадпрымальнікі маюць праграму выйсьця з крызісу.

“Але калі мы зараз ня будзем гэта пераводзіць у палітычную плоскасьць, мы можам зараз прачнуцца з расейскім рублём. Мы ж прапануем, каб краіна рухалася ў бок Эўразьвязу і падтрымала праграму Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу. Гэта шмат праблем вырашала б для прадпрымальнікаў. Але гэтыя пытаньні павінны найперш вызначаць прадпрымальнікі. Калі будзе ўведзены расейскі рубель — усё, незалежнасьці няма. І тады змагайцеся колькі хочаце. Гэта ўжо будзе марна”.

Спадар Леднік пракамэнтаваў тое, што дробныя бізнэсоўцы сёньня ня выйшлі на плошчу.

“Я лічу, што сёньня самае галоўнае для людзей — праіснаваць нейкі тэрмін. Вось далі ім магчымасьць далей працаваць. А вось гэтыя арыенціры, што далей зь ім, з грамадзтвам, з краінай, — гэта іх надта не хвалюе”.

Уладзімер Мацкевіч
Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч ніколі не лічыў дробных бізнэсоўцаў, якія час ад часу выходзяць на акцыі пратэсту, актыўнай часткай грамадзтва. Ён называе іх пратэсты “вымушанымі і штучнымі”.

“Гэтыя наіўныя погляды на тое, што самі па сабе цяжкасьці — эканамічныя, арганізацыйныя, юрыдычныя — могуць даць хвалю пратэстаў у гэтым асяродку — гэта проста палітычная наіўнасьць, палітычны рамантызм. Менавіта такімі палітычнымі рамантыкамі я лічу і Макаева, і Шумчанку, і ўсіх астатніх, якія за гэта браліся. У гэтым сэнсе нічога дзіўнага ў тым, што адбылося сёньня, я ня бачу. Бо калі б і выйшлі, як мінулым годам, калі скончылася судовай „справай 14-ці“, то актывісты гэтых акцый зусім не прадпрымальнікі — такія ж самыя палітычныя рамантыкі, як вось гэтыя чатырнаццаць”.

Ці будзе эканамічны крызіс штурхаць людзей на вулічны пратэст? Паводле сацыялягічнага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, які зарэгістраваны ў Літве, амаль 72% рэспандэнтаў заявілі, што ня выйдуць на акцыю пратэсту супраць пагаршэньня эканамічнага становішча. Аднак амаль 40% адказалі, што масавыя хваляваньні і акцыі пратэсту магчымыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG