Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад пераарыентацыі газавага патоку Беларусь не азалоціцца


На тле газавага канфлікту з Украінай расейскі канцэрн “Газпром” павялічыў транзыт прыроднага газу ў Заходнюю Эўропу празь Беларусь. Ці моцна папоўніцца ад гэтага беларускі бюджэт?


Прадстаўнікі “Газпрому” паведамілі: ад 1 студзеня транзыт газу празь Беларусь вырас на 20 мільёнаў кубамэтраў за суткі. Прырост у сярэднім склаў 25% да сьнежаньскага ўзроўню. Крыніцы кажуць, што такі крок прадыктаваны сытуацыяй ва Ўкраіне — пасьля 100-працэнтнага спыненьня “Газпромам” з 1 студзеня паставак расейцы засьцерагаюцца ад несанкцыянаванага адбору паліва, адрасаванага заходнім спажыўцам.

Ці шмат Беларусь можа атрымаць ад пераразьмеркаваньня газавага патоку? Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэднегадавы аб'ём транзыту газу празь Беларусь складае 50 мільярдаў кубамэтраў (тым часам аб’ём газу для ўнутранага спажываньня крыху перавышае 22 мільярды кубамэтраў). Вось меркаваньне эканамічнага аналітыка Тацяны Манёнак:

Тацяна Манёнак
“Ня думаю, што такая сытуацыя працягнецца доўга. Вядома, крыху зарабіць можна, але ж вельмі ўмоўна. Не дазваляе гэтага сама геаграфія паставак празь Беларусь. У Нямеччыну ёсьць ніткі, якія паралельна ідуць і праз Украіну, і празь Беларусь, але ўсё ж гэта розныя краіны паставак. Таму не выпадае казаць, што можна значна кампэнсаваць украінскі транзыт пастаўкамі празь Беларусь. Мяне больш зьдзіўляе, што так і ня вызначаныя кошты, паводле якіх Беларусь сёньня атрымлівае прыродны газ. Прадстаўнік “Белтрансгазу” абяцаў: да 31 сьнежня цана будзе вядомая. Але пакуль яе няма. Відавочна, што бакі таргуюцца, і торг гэты даволі жорсткі. Па нейкіх прыкметах ужо можна сказаць: формула коштаў для Беларусі будзе скарэктаваная ў тым сэнсе, што на 1 студзеня мы атрымалі істотнае падвышэньне. Але потым, на працягу году, можна казаць, што кошт будзе зьніжацца. Прыкладна гэтак жа, як быў зьніжаны кошт нафты ў другім паўгодзьдзі 2008-га дзесьці ў 3,5 раза. Але дзіўна, што пакуль гэты кошт ня вызначаны”.

31 сьнежня 2006 году расейскі “Газпром” і “Белтрансгаз” падпісалі кантракт на пастаўку і транзыт газу ў 2007—2011 гадох. Формула разьліку прывязаная да сярэднеэўрапейскага кошту з улікам паніжальнага каэфіцыенту. Так, у 2008-м кошт газу для Беларусі складаў 67% ад сярэднеэўрапейскага, у 2009-м падвысіцца да 80%, у наступным — да 90%. А ў 2011-м Беларусь выйдзе на аплату па эўрапейскай цане.

Як лічыць экспэрт у энэргетычнай галіне Валянцін Мацкевіч, цяперашнія кошты на газ для спажыўцоў штучна завышаныя і ніяк не адпавядаюць выдаткам на яго здабычу і пастаўку. Ён нагадвае, што ня так даўно ў Маскве сабраліся прадстаўнікі краінаў-экспартэраў газу, якія стварылі аналяг нафтавага АПЭКу. Было заяўлена, што пра танныя кошты на газ можна забыцца. На думку спадара Мацкевіча, было б лягічна, каб з манаполіяй у сваю чаргу пачалі змагацца імпартэры газу:

“Калі ствараецца такі газавы сындыкат, то напэўна, краінам-спажыўцам газу трэба было б хутка стварыць нешта падобнае. Бо ўжо тое, што такія вялізныя кошты за газ плаціць Нямеччына, непасрэдна адбіваецца на нашым становішчы. У тым годзе кошты даходзілі да 500 даляраў, а для ўнутраных спажыўцоў гэтая цана ўвогуле вагаецца ад 700 да 1000 даляраў. І справа ў тым, што якраз нямецкі ўрад ня мае ўплыву на гэтую сытуацыю, бо фактычна палітыку выбудоўвае “Рур-Газ” і іншыя. Бо калі б такія значныя пакупнікі вялі перамовы аб зьніжэньні коштаў, то значная палёгка была б і нам. А карыстаючыся сытуацыяй, у формулу ўвялі так званую сярэднеэўрапейскую цану, сусьветную, і гэта якраз самае дрэннае, да чаго ўсе спажыўцы аказаліся прывязаныя. Кошт на нафту абваліўся вельмі нізка, а на газ застаецца надзвычай высокім. Ды яшчэ кажуць, што будзе надалей падымацца. Ну гэта ўжо нейкі поўны абсурд!”

У той час, як “Газпром” настойвае, каб Украіна плаціла больш як 400 даляраў за тысячу кубамэтраў газу, для Беларусі захаваныя льготныя ўмовы. У апошні дзень 2008 году Аляксандар Лукашэнка заявіў: у 2009-м кошт на газ для Беларусі будзе прыкладна на тым жа ўзроўні, што і летась. Нагадаем, што ў першым квартале мінулага году Беларусь набывала расейскі газ па 119 даляраў за тысячу кубамэтраў. У другім квартале кошт быў падвышаны амаль да 128 даляраў.

На інтэрнэт-старонцы расейскага “Газпрому” паведамляецца: 31 сьнежня ў Маскве дэлегацыя “Белтрансгазу” дамовілася з кіраўніцтвам канцэрну пра ўмовы пастаўкі газу ў Беларусь у 2009 годзе, “хоць і не фармалізавалі іх”. Патлумачана, што ўдакладненьне таго, як будзе працаваць зь Беларусьсю кантрактная формула, адбывалася на базе дамоўленасьцяў, якія былі дасягнутыя ў часе сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым і прэм'ер-міністрам Уладзімерам Пуціным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG