Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаралд Пінтэр застаўся ў тэатры


Harold Pinter
Harold Pinter

У Лёндане на 79-м годзе жыцьця памёр выдатны брытанскі драматург, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Гаралд Пінтэр. З 2002 году пісьменьнік змагаўся з ракам лёгкіх.

Пінтэр — аўтар 30 п’есаў, шырока вядомых ува ўсім сьвеце.

Драматург апекаваўся беларускім “Свабодным тэатрам”, аддаўшы яму правы на пастаноўку сваіх п’есаў. Згадвае галоўны рэжысэр тэатру Мікалай Халезін:

Мікалай Халезін
“Тое, што ня стала Пінтэра — для нас моцны стрэс. Бо Гаралд, хаця і быў хворы на рак апошнія шэсьць гадоў, але ён быў чалавекам вялікай энэргіі, якая ўсё перамагала на сваім шляху. І ўявіць, што ён памёр, — гэта немагчыма.

Мы пазнаёміліся ў 2007 годзе, калі мы прыехалі ў Лідс, дзе Гаралда ўшаноўвалі як ганаровага доктара ўнівэрсытэту. Там былі паказаныя тры спэктаклі, і сярод іх спэктакль “Свабоднага тэатру” — “Быць Гаралдам Пінтэрам”. Ён ня змог прысутнічаць на гэтым спэктаклі, бо дрэнна сябе адчуваў, і прыйшоў толькі на дыскусію пасьля спэктаклю. Атрымаўся сьмешны дыялёг, калі ён выйшаў у залю, поўную народу, уся трупа сядзела на сцэне, а на авансцэне быў расьціснуты яблык. Гаралд убачыў гэты яблык і спытаў, што гэта. Я адказаў: “Яблык”. Ён сказаў: “Добра”. Гэта быў сьмешны дыялёг, і ўся заля засьмяялася. А тыя, хто ведае творчасьць Пінтэра, разумеюць, што ў яго не бывае проста словаў. Кожнае яго слова адкрывае новы сэнс, новы сэнс адкрывае новы кантэкст, новы кантэкст адкрывае новую глыбіню тэксту. І таму гэты дыялёг стаў візытоўкай нашых адносінаў.

Потым ён паглядзеў гэты спэктакль у Лёндане. Гаралд прыйшоў з жонкай і сказаў некалькі словаў перад спэктаклем — пра нашае сяброўства, пра тое, як ён нас любіць. І пасьля спэктаклю ён казаў шмат добрых словаў пра нас і наш спэктакль. Гэта было дзіўна. Жонка плакала ўвесь спэктакль. Гаралд сядзеў у залі, спэктакль меў назву “Быць Гаралдам Пінтэрам”, а са сцэны глядзелі яго вочы.

Апошні ліст мы атрымалі ад яго на пачатку сьнежня. Ён пісаў: калі мы зьявімся ў Лёндане зараз, нам трэба сустрэцца. Бо ёсьць пра што пагаварыць. Але ён пісаў, добра было б, каб стан здароўя адпавядаў яго жаданьням. Але здароўя не хапіла, і Гаралд памёр. І зараз сымбалічна, што мы праз пару тыдняў вязем спэктакль “Быць Гаралдам Пінтэрам” у вялікі тур па Аўстраліі“.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG