Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску – шэсьце і мітынг прадпрымальнікаў


Паводле дазволу Менгарвыканкаму, гандляры са сталіцы і рэгіёнаў зьбяруцца а 13.00 каля будынку Нацыянальнай акадэміі навук.

Пасьля плянуецца шэсьце па вулічных ходніках у кірунку праспэкту Незалежнасьці, вуліцы Сурганава і плошчы Бангалор. Затым у парку Дружбы народаў адбудзецца мітынг.

Адзін з заяўнікаў сёньняшніх акцыяў пратэсту, прадпрымальнік зь Берасьця Віктар Чайкоўскі не заяўляе пэўную колькасьць ўдзельнікаў, але кажа, што прадпрымальнікі настроеныя рашуча. І сьведчаньнем таму – удзел берасьцейскіх гандляроў у палітычным мітынгу апазыцыі ў Берасьці з нагоды Дня правоў чалавека, які адбываўся адначасна з папераджальным страйкам прадпрымальнікаў:

Гандляры ня могуць адужаць ня тое, што нейкія новаўвядзеньні, але нават тыя падаткі і зборы, якія
існуюць.
“На сёньня сытуацыя на рынках у Берасьці вельмі кепская. У тым сэнсе, што людзі ня маюць ніякай пакупніцкай здольнасьці. Гандляры ня могуць адужаць ня тое, што нейкія новаўвядзеньні, але нават тыя падаткі і зборы, якія існуюць. Бо для Берасьця яны вельмі высокія. Сытуацыя ўскладняецца усясьветным фінансавым крызысам. Наш урад кажа, што яго няма, але на Берасьцейшчыне ён ідзе поўным ходам. Таму прадпрымальнікі павінныя сказаць рашучае “не” вось гэтаму бязьмежжу, якое дзесяцігодзьдзе адбываецца ў Беларусі”.

Прыватны прадпрымальнік з райцэнтру Драгічын Галіна Корабава кажа, што знайсьці працу ў невялікім райцэнтры практычна не магчыма. Гарадзкі рынак на мяжы закрыцьця, прадпрымальнікі – у адчаі:

“У нас працы ніякай – усё зачыняецца. Сытуацыя ўвогуле страшная. 10 сьнежня мы тут нікога асабліва і не прасілі, але людзі ня выйшлі самі, бо гэтак ўжо ўсё накіпела, што далей не магчыма. Нейкае безуладзьдзе і паўсюль абдзіралаўка, паўсюль. Пачынаючы ад падаткаў і заканчваючы сэртыфікатамі. Атрымоўваецца так, што машына-фура і я зь дзьвюма сумкамі – хіба нас можна параўнаць паводле даходаў. А рынкі ж існуюць ва ўсіх краінах сьвету, ва ўсіх. І там жа ўсё існуе цывілізавана”.

Прадпрымальніца зь Віцебска Ірыны Яскевіч трымаецца меркаваньня, што масавага ўдзелу гандляроў у акцыях пратэсту чакаць не даводзіцца:

“Асноўная маса беларускіх прадпрымальнікаў – людзі апалітычныя. Плюс гэта альбо мінус, але гэта факт. Усё, што ім патрэбна – гэта проста працаваць. Нам патрэбныя нашы працоўныя месцы. І ў нас няма іншай працы.

Кажуць, што нібыта на год працягнуць ільготы. Аднак жа гэта ж толькі абяцанкі
Салігорскі прадпрымальнік, актыўны ўдзельнік студзеньскіх акцыяў пратэсту Аляксандар Цацура кажа, што людзі настроеныя на пратэст, але мясцовыя ўлады рознымі шляхамі спрабуюць зьбіць гэтую хвалю:

“Калі 10-га сьнежня быў страйк, то ў Салігорску 90% прадпрымальнікаў не працавалі. Выйшлі толькі гандляры мяса і пральнага парашку. Цяпер жа блытаюць нашых людзей. Кажуць, што нібыта на год працягнуць ільготы. Аднак жа гэта ж толькі абяцанкі. Людзі тут ўжо паміж сабой перамаўляюцца што, нібыта, нават паддаюцца на гэтыя абяцанкі. Але я ў Менск абавязкова паеду”.

Нагадаю, што прадпрымальнікі маюць на мэце зноў заявіць пра немагчымасьць працаваць ва ўмовах зьмены заканадаўства ад 1-га студзеня 2009 году. Паводле грамадзкай арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”, новаўвядзеньні пазбавяць статусу індывідуальных гандляроў большасьць прадпрымальнікаў.

Ад 1 студзеня спыняецца дзеяньне пункта 3 указу №285 “Аб некаторых мерах па ўрэгуляваньню прадпрымальніцкай дзейнасьці”. У адпаведнасьці зь гэтым дакумэнтам індывідуальныя прадпрымальнікі, як плацельшчыкі адзінага падатку, прыраўноўваюцца да фірмаў-юрыдычных асобаў і на ўвезены тавар павінны выплачваць фіксаваны падатак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG