Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вось немцы. А дзе ж рускія?”


Могілкі салдатаў Першай сусьветнай вайны
Могілкі салдатаў Першай сусьветнай вайны

11 лістапада ў рамках Дня прымірэньня пачаліся мерапрыемствы з нагоды 90-годзьдзя Першай сусьветнай вайны.

На могілках каля вёскі Кісялі Баранавіцкага раёну, дзе пахаваныя нямецкія і расейскія салдаты, правялі мітынг і памінальную службу. Навукоўцы сьцьвярджаюць, што ні адна вайна не пакінула на тэрыторыі Беларусі столькі матэрыяльных сьведчаньняў, як Першая сусьветная. У якім стане знаходзяцца сотні могілак? Чаму ў Беларусі няма ніводнага помніка ахвярам Першай сусьветнай вайны?

Пра Першую сусьветную вайну мала што вядома беларускаму грамадзтву. Між іншым, менавіта гэтая вайна нанесла самы адчувальны ўдар па жыхарстве і матэрыяльнай культуры Беларусі.

Ад 1915 па 1917 гады лінія фронту паміж варожымі бакамі праходзіла па тэрыторыі краіны. У найбольш вядомых бітвах – Сьвянцянскага прарыву немцаў, Нарачанскай і Баранавіцкай апэрацыяў – загінулі сотні тысяч нямецкіх і расейскіх салдатаў. У лютым 1916-га нямецкія войскі пачалі наступ на Вэрдэн. Пад пагрозай падзеньня Францыі камандаваньне зьвярнулася да саюзнай Расеі з просьбай пачаць вайсковую апэрацыю на ўсходнім фронце, каб адцягнуць сілы немцаў. Цана ўратаваньня Францыі – каля сотні тысяч расейскіх салдатаў і каля 40 000 нямецкіх. Яны ўсе загінулі каля возера Нарач.

У 1920-я гады ў Касэлі быў створаны Нямецкі ваенны саюз для догляду вайсковых пахаваньняў. Да 1939 году немцы наведвалі могілкі на тэрыторыі Беларусі. Мясцовыя жыхары дапамагалі ім рабіць перапахаваньні. Паводле зьвестак з мэталёвага мэдальёна рабілі надпісы на магіле. На могілках ставіліся помнікі, на якіх пісалі нумары дывізіяў. Расейскіх і нямецкіх салдатаў даволі часта хавалі разам.

За савецкім часам некаторыя могілкі расейскіх салдатаў зарасьлі хмызьняком і дрэвамі. Цяпер іх зусім немагчыма распазнаць сярод лесу. Некаторыя нямецкія могілкі зруйнавалі гадоў трыццаць таму.

Жыхар вёскі Нарач Ясь Драўніцкі апавёў:

“У Лукашэвічах захаваўся магільнік. Помнік стаяў у тую вайну, а ў гэтую прыехаў гаўляйтэр. Ягоны бацька быў у тую вайну камэндантам Сьвіры. А ў гэтую вайну сын таксама прыехаў камэндантам. Ён даглядаў помнік заўсёды.

Людзі прыгадваюць, што ён вельмі добра ставіўся да мясцовага насельніцтва. Нават камуністаў і габрэяў паадпускаў. Казаў: “Бацька мой тут костачкі склаў”. Вось і гаўляйтэр”.

Алесь Цыркуноў мае майстэрню ў вёсцы Чэхі, што на Мядзельшчыне. Ён наведаў некалькі могілак.
Ніколі ня чуў, каб з боку расейскага ўраду быў клопат пра сваіх вайскоўцаў


“Расейскія месцы пахаваньня настолькі зьнявечаныя, зьняважаныя, што людзі толькі рукамі разводзяць. Кажуць: “Ну вось немцы. А дзе ж рускія?”. Іх жа там палегла значна больш. Былі вядомыя газавыя атакі. Экспэрымэнтавалася нямецкая зброя самая перадавая.

Ніколі ня чуў, каб з боку расейскага ўраду быў клопат пра сваіх вайскоўцаў”.

Каля вёсцы Нарач на нямецкіх могілках немцы ўсталявалі помнік сваім салдатам – на грудзе камянёў вялізны арол. У часе Другой сусьветнай вайны партызаны адстрэлілі яму галаву і крыло. Помнік дагэтуль стаіць у такім выглядзе. Але гэтыя могілкі, як і нямногія іншыя, выглядаюць больш-менш прыстойна.

Галоўны спэцыяліст землеўпарадкавальнай службы Нарачанскага сельсавету Вячаслаў Жук паведаміў “Свабодзе”:

“Народны саюз Нямеччыны для догляду брацкіх магілаў зьвяртаўся. Яны прыяжджалі па дакумэнты, пераафармлялі дамовы. Выканкам займаецца добраўпарадкаваньнем. Мы даглядаем усе пахаваньні, якія знаходзяцца на нашай тэрыторыі. Займаемся вывазам бытавых адыходаў”.

Ясь Драўніцкі прыгадаў, што ў ягонай вёсцы на месцы нямецкіх могілак зрабілі школьны стадыён:

“У Камаях быў магільнік. Там быў помнік – немец з прыкленчаным каленам. Трымаў жалезную каску. Ну й што? Стадыён школьны зрабілі. Дзеці там часта ногі ламалі. Людзі казалі: “Хто ж робіць на могілках такія рэчы?!”.

Але яшчэ больш пацярпелі нямецкія могілкі ад капальнікаў. Яны шукалі ўзнагароды, якія немцы клалі разам з парэшткамі салдатаў. Таксама дасталося й ад вандалаў, якія папросту бурылі магілы, тлумачыўшы, што гэта нібыта помста салдатам, якія, дарэчы, загінулі задоўга да іх нараджэньня.

Толькі праз 90 гадоў на могілкі пары Першай сусьветнай вайны пачалі зьвяртаць увагу. Летась у Смаргоні адбылася канфэрэнцыя, прысьвечаная гэтаму пытаньню. У 1989 годзе каля вёскі Княгінін паставілі маленькі помнік з надпісам: “Тут пахаваныя 2 500 расейскіх салдатаў, загінулых у гады Першай сусьветнай вайны". Тады ж быў абвешчаны збор сродкаў на адкрыцьцё мэмарыялу каля возера Нарач на ўзгорку “Фэрдынандаў нос”. Але інфляцыя зьела ўсе грошы.
На тэрыторыі Беларусі няма ніводнага мэмарыялу ахвярам вайны


На тэрыторыі Беларусі няма ніводнага мэмарыялу ахвярам вайны, у выніку якой загінулі мільёны людзей, помнікі сусьветнай культуры, скончылі існаваньне чатыры імпэрыі. Вайны, якая выклікала хвалю рэвалюцыяў, грамадзянскіх войнаў, прыход да ўлады бальшавікоў у Расеі і фашыстаў у Нямеччыне...

На тэрыторыі Беларусі былі пабудаваныя акопы, бліндажы, дзясяткі кілямэтраў фартыфікацыйных збудаваньняў. На думку навукоўцаў, усё гэта, а таксама могілкі салдатаў, ёсьць унікальнымі помнікамі ваеннага часу ня толькі тэрыторыі Беларусі, але і ўсёй Эўропы. Яны сьведкі вялікай трагедыі чалавецтва пачатку ХХ стагодзьдзя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG