Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка як імпэратар Хірахіта


Сёньняшняму рашэньню Эўразьвязу зьняць на паўгода візавыя забароны для беларускіх урадоўцаў, у тым ліку і для Аляксандра Лукашэнкі, на першы погляд бракуе лёгікі. Зараз санкцыі здымаюцца з тых, адносна каго яны былі ўведзеныя пасьля рэфэрэндуму 2004 году, ўведзеныя за фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня і грэбаваньне дэмакратычнымі нормамі. Апошнюю выбарчую кампанію наўрад ці можна лічыць удалай працай над памылкамі і трыюмфам дэмакратыі. Пра тое сьведчаць ня толькі вынікі – нуль апазыцыянэраў у парлямэнце, ня толькі абурэньні той самай апазыцыі, але і выснова назіральнікаў АБСЭ пра неадпаведнасьць выбараў дэмакратычным стандартам, і самае сёньняшняе рашэньне Эўразьвязу, паводле якога пад санкцыямі засталася старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Калі практыка парушэньняў дэмакратычных нормаў на выбарах захавалася і сёлета, то чаму цярпець за гэта мае адна Ярмошына?

Прыпыненьне санкцый як паварот палітыкі ЭЗ

Кароткі адказ – таму, таму што палітыка Эўразьвязу адносна Беларусі зьмянілася ў прынцыпе. На думку Эўразьвязу, маштабныя санкцыі паказалі сваю неэфэктыўнасьць, да таго ж абмежаваньне на ўезд у Эўропу чыста тэхнічна перашкаджала дыялёгу зь беларускай уладай. А пра што? Ды шмат пра што. Напрыклад пра новую геапалітычную сытуацыю, якая склалася пасьля нядаўняй вайны на Каўказе, і пра новую ролю ў ёй Беларусі. Ці пра прыватызацыю, ва ўдзеле ў якой зацікаўленая Эўропа, і ва ўдзеле Эўропы, у якой зацікаўленыя беларускія ўлады, каб ўраўнаважыць занадта цяжкую хватку расейскіх “братоў”. Пра тое, што новая палітыка нармалізацыі адносінаў ёсьць спроба інакш узьдзейнічаць на беларускую ўладу, а не суцэльнае патураньне ёй, сьведчыць сьпіс асобаў, адносна якіх санкцыі ўсё ж захавалі: гэта прыгаданая старшыня Цэнтарвыбаркаму, а таксама чатыры дзяржаўныя службоўцы, трое зь якіх былыя, якіх падазраюць у датычнасьці да выкраданьня палітычных апанэнтаў рэжыму. А хіба сам кіраўнік дзяржавы не нясе адказнасьць за дзеяньні гэтых сваіх падначаленых? Нясе, зразумела. Але сутнасьць пасланьня Эўропы беларускаму чынавенству палягае ў тым, што адносна вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Беларусі дзейнічаюць адпаведна вышэйшыя палітычныя чыньнікі, а вось шараговаму, і нават не шараговаму чыноўніку давядзецца несьці адказнасьць за свае дзеяньні, нават калі гэтыя дзеяньні былі выкананьнем загадаў кіраўніка дзяржавы.

Каштоўнасьці ці інтарэсы?

У гэтым сэнсе шчыраваньні нямецкага пасла Гергарта Вайса наконт таго, што Лукашэнка хацеў правесьці выбары дэмакратычна, а выканаўцы ягонае імкненьне спляжылі, выглядае не наіўнасьцю, а абгрунтаваньнем гэтай новай лініі. Тут можна ўбачыць пэўную аналёгію з рашэньнем амэрыканцаў пасьля перамогі над Японіяй у 1945 годзе не прыцягваць да адказнасьці тагачаснага імпэратара Хірахіта. Грахоў і прамой адказнасьці за агрэсію на ім было багата, але прынялі палітычнае рашэньне. А выканаўцам, у тым ліку і выканаўцам імпэратарскіх загадаў, “укацілі” па поўнай. А трэба думаць, якія загады выконваць – японскім выканаўцам, і сучасным беларускім, дарэчы.

Многія апазыцыйныя палітыкі і наведнікі шматлікіх форумаў тлумачаць дурнаватаму Захаду, што разьлік гэты кепскі і недальнабачны, што Лукашэнка гэтак жа падмане Захад, як гадамі падманваў Расею. Але новая палітыка Эўропы будуецца ня столькі з разьлікам на вядомую ўсім вернасьць беларускага лідэра дадзенаму слову, колькі з разьлікам на ягоныя ўласныя інтарэсы. Зацікаўлены ён сам па сабе прызнаваць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, апускаючы сваю краіну да іх узроўню? Ды ня надта. Ці зацікаўлены ён ў тым, каб ўраўнаважыць расейскі капітал у беларускай прыватызацыі эўрапейскім? Зацікаўлены. Ёсьць глеба для ўзаемадзеяньня. Ня глеба супольных каштоўнасьцяў, з гэтым сапраўды ня надта, але глеба супольных інтарэсаў.

Рэха вайны на Каўказе

Варта дадаць, што сёньня ж Эўразьвяз скасаваў і візавыя санкцыі адносна кіраўніцтва Ўзбэкістану, уведзеныя пасьля бойні ў Андыжане ў траўні 2005 году. Эўразьвяз тады запатрабаваў міжнароднага расьсьледаваньня, Ташкент адмовіўся, вынікам сталі санкцыі. У адказ Узбэкістан зблізіўся з Масквой, уступіў у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы, выдаліў са сваёй тэрыторыі амэрыканскія вайсковыя базы, якія забясьпечвалі супольную НАТАўскую апэрацыю ў Афганістане. Ніякіх зьменаў ва ўнутранай палітыцы Ташкенту за гэты час не адбылося. Адносна Ўзбэкістану, як і адносна Беларусі, нейкія пугі ўсё ж захаваныя: з Ташкенту ня зьнятая эмбарга на продаж зброі, з Менску – санкцыі візавыя санкцыі супраць 5 службоўцаў і фінансавыя санкцыі адносна ўсяго сьпісу чыноўнікаў, якія зь сёньняшняга дня сталі ўязнымі ў ЭЗ. Але рашэньні, прынятыя сёньня Эўразьвязам адносна і Беларусі, і Ўзбэкістану, сьведчаць пра зьмену палітыкі адносна ўсёй постсавецкай прасторы. І так выглядае, што ўсё ж галоўным чыньнікам гэтай зьмены стала зьмена геапалітычнага становішча ва ўсім гэтым рэгіёне пасьля вайны на Каўказе.

Па кім звоніць звон?

А спадарыню Ярмошыну шкада, шчыра хацела жанчына пасядзець на парыскіх бульварах з томікам Хэмінгуэя. А так давядзецца пакутаваць, можа, і не зусім за ўласныя грахі. І апазыцыю таксама шкада. Ёй ў кавярні “Флёра” пасядзець не праблема, але зараз, як высьвятляецца, давядзецца шукаць палітычны рэсурс ня там, а ў беларускіх гарадах і вёсках. І апазыцыянэры, і спадарыня Ярмошына могуць зараз задаваць сабе пытаньне – “Чаму?”

Але наконт гэтага ўсё патлумачыў у свой час той самы мудры Хэм, напісаўшы, што “старэюць ня толькі адказы, але і пытаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG