Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапановы Пуціна і фінансавая незалежнасьць Беларусі


Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Уладзімер Пуцін прапанаваў беларускаму боку стварэньне валютнага пулу. Ці выгадная Беларусі прапанова выкарыстоўваць расейскі рубель у гандлі з Расеяй? Што дасьць краіне ўвядзеньне расейскага рубля ў якасьці рэзэрвовай валюты? Ці азначае гэта яшчэ большую прывязку Беларусі да Расеі?

Пераход у гандлі з Расеяй на расейскі рубель


Валер Карбалевіч: “Як вядома, даўняя ідэя-фікс Расеі ў дачыненьні да Беларусі — імкненьне падштурхнуць хаўрусьніка да пераходу на расейскі рубель. Але афіцыйны Менск упарта супраціўляецца. І вось падчас учорашняга візыту кіраўнік расейскага ўраду, спасылаючыся на сусьветны фінансавы крызіс, прапанаваў стварыць валютны пул, выкарыстоўваць расейскі рубель ва ўзаемаразьліках пры гандлі паміж Беларусьсю і Расеяй. Якая тут сувязь з сусьветным крызісам? І ці выгадная такая прапанова Беларусі?”




Барыс Жаліба: “Сувязь з сусьветным крызісам выяўляецца ў тым, што ён пачаўся ў ЗША. Таму найперш ён падрывае пазыцыі даляра. Разгледзім у гэтым сьвятле прапанову Пуціна.

Расея дзеля ўмацаваньня эканамічнага і палітычнага становішча імкнецца перавесьці разьлікі ў гандлі энэргарэсурсамі ў расейскія рублі. Гандаль Беларусі з Расеяй дасягнуў каля 30 мільярдаў даляраў. Яшчэ нядаўна палову гэтага аб’ёму Беларусь аплачвала далярамі. Калі мы станем аплачваць энэргарэсурсы расейскімі рублямі, то могуць узьнікнуць праблемы пры куплі расейскіх рублёў на валютна-фондавай біржы нашымі прадпрыемствамі, найперш нафтаперапрацоўчымі заводамі. Да таго ж узьнікае пагроза паступовага выцясьненьня беларускага рубля расейскім”.


Валютныя рызыкі



Аляксандр Чубрык: “Сусьветны крызіс прывёў да таго, што гэтым годам доўгі час расейскі рубель умацоўваўся ў адносінах да даляра. І атрымлівалася, што ў рублях мы плацілі Расеі за энэргарэсурсы ўсё менш. Калі б мы плацілі расейскімі рублямі, то Расеі такая сытуацыя была б больш выгаднай. І гэта страхавала б наш гандаль ад кідкоў валютных курсаў на сусьветных рынках.

Прапанова пераходзіць у разьліках на расейскія рублі тычыцца толькі энэргарэсурсаў. Затым, у абмен на выкананьне гэтага жаданьня Расеі, мы можам патрабаваць танны газ і крэдыт.

Калі на пачатку году расейскі рубель умацоўваўся ў адносінах да даляра, то цяпер курс рубля пачаў зьніжацца. І гэта зьвязана з крызіснымі зьявамі ў расейскай эканоміцы, падзеньнем цэнаў на нафту. У выніку атрымліваецца, што калі б мы зафіксавалі цану на газ і нафту ў расейскіх рублях, то пры аслабленьні рубля адносна даляра для Беларусі гэта было б выгадна.

Але з шырэйшага гледзішча пры пераходзе на разьлікі ў расейскіх рублях для нашых прадпрыемстваў павялічваюцца рызыкі. Бо ў гандлі з Расеяй у нас вялікі дэфіцыт. Каб набыць расейскія рублі для аплаты расейскага імпарту, нам трэба выкарыстоўваць даляры і эўра, якія мы атрымліваем ад гандлю на іншых рынках. І тут існуюць валютныя рызыкі. Яны могуць быць адмоўнымі, калі расейскі рубель умацоўваецца, і наадварот”.

Жаліба: “Расея імкнецца зрабіць свой рубель калі не сусьветнай, то рэгіянальнай (у межах СНД) рэзэрвовай валютай. Калі гэта здарыцца, то расейскі рубель стане на нашай біржы дэфіцытным. І яго курс пачне ўзмацняцца адносна ня толькі беларускага рубля, але, магчыма і адносна даляра і эўра. У такім выпадку наш экспарт у Расею стане больш выгадным”.

Расейскі рубель у якасьці рэзэрвовай валюты Беларусі

Карбалевіч: “Намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі Андрэй Клепач выказаўся за ўсталяваньне расейскага рубля ў якасьці рэзэрвовай валюты Беларусі. Што гэта азначае? І зноў жа — ці выгадна гэта Беларусі?”

Жаліба: “Гэтая заява мне незразумелая. Бо дзесьці мінулым годам Нацбанк Беларусі заявіў, што ўключае расейскі рубель у склад сваіх золатавалютных рэзэрваў. Цікава, што лічбы нашых золатавалютных рэзэрваў паводле падліку нашага Нацыянальнага банку і паводле міжнародных фінансавых арганізацый адрозьніваюцца. Апошнія не бяруць пад увагу рэзэрвы ў расейскіх рублях, бо расейскі рубель ня лічыцца сусьветнай валютай.

Ня так даўно Нацбанк Беларусі заявіў, што ён адвязваецца ад расейскага рубля, а прывязваецца да іншых валютаў. А гандаль з Расеяй складае каля паловы нашага імпарту і каля трэці экспарту”.

Чубрык: “Гэта лягічная прапанова. Бо калі мы пераходзім у гандлі з Расеяй на расейскія рублі, то яны даволі слушна выглядаюць у кошыку рэзэрваў Нацбанку. Але існуе рызыка, што калі з расейскай эканомікай нешта здарыцца, то Нацбанк можа страціць частку рэзэрваў.

Яшчэ адзін момант. Калі Расея ставіць умовай выдзяленьня крэдыту ці продажу таннага газу пераход Беларусі на гэтыя прапановы, то гэта значыць, што гэта будзе кароткатэрміновае пагадненьне”.

Ці азначае гэта яшчэ большую прывязку Беларусі да Расеі?


Карбалевіч: “Да якіх наступстваў могуць прывесьці захады, прапанаваныя расейскім бокам? Ці азначае гэта яшчэ большую прывязку Беларусі да Расеі? Ці азначае гэта, што Масква не наўпрост, а ўскосна падштурхне Беларусь да ўвядзеньня расейскай валюты?”

Жаліба: “Чым больш расейскай валюты будзе на беларускім рынку, чым больш наш рубель будзе прывязаны да расейскага, тым больш наша эканоміка будзе прывязаная да Расеі. І небясьпека аслабленьня сувэрэнітэту існуе. Таму трэба захоўваць нейкія межы ў гэтым кірунку.

Існуе яшчэ адна небясьпека. Расея можа прапанаваць крэдыт у расейскіх рублях. А гэта Беларусі нявыгадна. Бо за расейскі рубель на міжнародных рынках немагчыма купляць тое, што нам патрэбна. З рублём можна працаваць толькі на прасторах СНД”.

Чубрык: “Масква добра разумее, што Беларусь не пяройдзе на расейскі рубель. Бо ў такім выпадку Беларусь страчвае эмісійны цэнтар, магчымасьць друкаваць грошы для падтрымкі сваёй эканомікі.

Акрамя таго, усе гэтыя захады няшмат уплываюць на беларускую эканоміку, таму асаблівых наступстваў я ня бачу”.

Жаліба: “Калі эканоміка Беларусі будзе цесна прывязана да Расеі, то затым можна будзе паступова ўвесьці і расейскі рубель. А гэта для нас небясьпечна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG