Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сірот прапануюць не ўключаць у групы для аздараўленьня


Шэраг замежных дабрачынных аб’яднаньняў і фундацыяў схільныя да перагляду ўмоваў аздараўленьня беларускіх дзяцей.

З адпаведнай прапановай выступіла кіраўніцтва аўтарытэтнай італьянскай арганізацыі AmicideiBambini (Сябры дзяцей). Паводле яе прадстаўнікоў, гісторыі, якія здарыліся зь беларускімі сіротамі Вікай Мароз і Таняй Казырай у часе адпачынку ў Італіі і ЗША, нанесьлі шкоду тысячам беларускіх дзяўчынак і хлопчыкаў.
На закрытым Генуэскім судзе ў справе ўтойваньня Вікі Мароз у італьянскіх Альпах у верасьні 2006 праваабарончая арганізацыя АmicideiBambini ўпершыню ў гісторыі італьянскага правасудзьдзя атрымала права ўмяшаньня ў судовы працэс ў якасьці гэтак мовіць “трэцяга боку”. Ёй даручана быць гарантам дзіцячых інтарэсаў.
У часе судовых слуханьняў прэзыдэнт арганізацыі Марка Графіні заявіў:
“Калі мэта працэсу, знайсьці адказных за канкрэтны выпадак, то адказным можа быць кожны з нас”.
“Працэс усё яшчэ працягваецца, – кажуць прадстаўнікі АmicideiBambini, – аднак пакуль ніхто так і ня можа даць адказу на пытаньне: якое можа быць сумленьне ў італьянцаў, якія, як сапраўдную злачынку, адсылалі назад у Беларусь няшчасную сірату. Хто будзе адказваць за такі зьдзек над дзіцём?”
Гаворачы пра будучыню паездак дзяцей з краін кшталту Беларусі ў Італію, прадстаўнікі АmicideiBambini адзначаюць, што яны павінны служыць выключна мэдычным і культурным мэтам. А таму “неабходна перагледзець правілы самога дзіцячага аздараўленьня”.
“Дзеля таго, каб пазьбегнуць нечаканых у прававым сэнсе момантаў, у групы ня мусяць уваходзіць дзеці–сіроты ці дзеці, якія падлягаюць міжнароднаму ўсынаўленьню. Усынаўленьне павінна рабіцца на радзіме, мясцовымі сем’ямі”, – лічаць у АmicideiBambini.
“Калі ў справе дамінуе не любоў да дзіцяці, а эгаізм дарослых, гэта шкодзіць усім”, – заяўляюць прадстаўнікі чарнобыльскай ініцыятывы з Вашынгтону. Паводле актывісткі арганізацыі Барбары Ньюман, пасьля гісторыі з сям’ёй Запатаў і Таняй Казырай, “разам з чарнобыльскай праграмай могуць быць закрытыя і іншыя выдатныя праекты абмену. Некаторыя зь іх, напрыклад, дапамагалі беларускай моладзі набыць досьвед лідэрства, больш даведацца пра гісторыю і культуру ЗША”.
У групы ня мусяць уваходзіць дзеці–сіроты ці дзеці, якія падлягаюць міжнароднаму ўсынаўленьню
Што да беларускіх чарнобыльскіх аб’яднаньняў, якія рыхтуюць дзіцячыя групы да замежных паездак, то тут таксама называюць няпэўнай будучыню падобных праектаў.
Заснаваны на пачатку 1990-х грамадзкі рух “Дзецям Чарнобыля” аб’ектыўна дапамог паправіць здароўе не адной тысячы беларускіх дзяцей з малазабясьпечаных сем’яў. Тым ня менш, адказныя чыноўнікі беларускіх міністэрстваў усё часьцей заяўляюць пра большую карыснасьць адпачынку ў родных беларускіх умовах.
Ці пераключацца грамадзкія ініцыятывы на арганізацыю дзіцячага аздараўленьня непасрэдна ў Беларусі?
“А хто гэта будзе аплачваць?” – пытаюцца ў адказ актывісты беларускага чарнобыльскага руху. – Адкуль узяць на гэтыя мэты спонсараў у Беларусі? Што да замежнікаў, якія цалкам фінансуюць праграмы аздараўленьня, то, зразумела, яны ня будуць даваць грошы на тое, каб дзеці адпачывалі ў жудасных беларускіх лягерах”.
Тым часам, пры канцы жніўня лепшыя беларускія санаторыі заявілі пра намер аздаравіць у рамках гуманітарнай дапамогі некалькі тысяч дзяцей з Паўднёвай Асэтыі. Асэтынскія дзеці, аднак, у Беларусь пакуль так і не прыехалі. У рэспубліканскім цэнтры па аздараўленьні і санаторна-курортным лячэньні насельніцтва паведамілі:
“Пакуль там не гатовыя даслаць да нас дзяцей. То бок, мы прапанавалі, а яны думаюць. А мы ўжо для гэтых дзяцей месцы знайшлі. Нашы экспэрты выяжджалі ў Цхінвалі, вялі перамовы. Аднак, ім сказалі: пачаўся навучальны год, можа перанясём на час канікулаў? Але, магчыма, што да нас прыедзе група дарослых з Асэтыі.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG