Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін адказаў на пытаньні слухачоў Свабоды


Былы палітвязень і кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, які пасьля выступу ў Брусэлі знаходзіцца ў ЗША і сустракаецца з прэзыдэнтам Джорджам Бушам, адказаў на пытаньні слухачоў Свабоды.


"Я заўжды быў прыхільнікам эўрапейскіх агульначалавечых каштоўнасьцяў"

Сп. Казулін, як Вашае здароў’е пасьля галадовак, калёніі, усіх сямейных стратаў? Як Вы бачыце сваю будучыню?


Стан майго здароў’я, зразумела, патрабуе пэўнага абсьледваньня. Але зараз на гэта не хапае часу. Я бачу сваю будучыню ў барацьбе за сваю краіну, за бацькаўшчыну, за свой народ.


Салжаніцын казаў, што не стаў бы тым, кім стаў, калі б не трапіў у ГУЛАГ. Турма ў Вас забрала вельмі шмат, а што яна Вам дала?


Я згодны з Салжаніцыным, бо ў турме я жыў ва ўнутраным сьвеце, які вельмі адрозьніваецца ад зьнешняга. Турма забрала ў мяне вельмі, вельмі шмат... Але пакуты, яны ачышчаюць, здымаюць нейкія наслаеньні, скуры, самасьці і набліжаюць да вытокаў сутнасьці і асэнсаваньня жыцьця.


Як вы думаеце, ці дадуць Вам права балятавацца на наступных прэзідэнцкіх выбарах? І ці ёсьць у Вас жаданьне ў іх браць удзел?


Вы ведаеце, мяне нават не хвалюе, дадуць ці не дадуць мне прымаць удзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Я ў любым выпадку буду удзельнічаць у іх. А ў якой якасьці – адкажа час.


Спадар Казулін, падчас онлайн-канфэрэнцыі на Свабодзе на пачатку 2006 году Вы тлумачылі, што Аляксандар Мілінкевіч – гэта заходні праект, а Вы арыентаваныя ў роўнай ступені і на Усход і на Захад. Але вось падчас Вашага зьняволеньня патрабаваў Вашага вызваленьня менавіта Захад, а Масква не прамовіла ані гуку. Ды і цяпер з Вамі сустракаюцца міністры краін Эўразьвязу і прэзыдэнт ЗША, але зусім не крамлёўскія чыноўнікі. Дык Вы цяпер таксама сталі празаходнім?


Я заўжды быў прыхільнікам эўрапейскіх агульначалавечых каштоўнасьцяў. І зараз сустракаюся з тымі, хто іх пасьлядоўна падтрымлівае і праводзіць у жыцьцё.


Расея вуснамі свайго пасла Сурыкава наўпрост заклікала Беларусь прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Гледзячы па усім, яна вельмі зацікаўленая ў гэтым і чакае, што яе саюзьнік – Беларусь – падтрымае яе ў гэтым пытаньні. За прызнаньне выступілі лідэр ПКБ Сяргей Калякін, ва Украіне – лідэр Партыі Рэгіёнаў Віктар Януковіч. А якая Вашая пазыцыя – ці варта Беларусі афіцыйна прызнаць незалежнасьць гэтых тэрыторый?


Паседжаньне АДКБ паказала, што нават прыхільнікі Расеі не сьпяшаюцца прызнаваць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Прызнаньне Беларусьсю гэтай незалежнасьці, перакрэсьліла б тыя прэфэрэнцыі, якія яна атрымала пасьля вызваленьня палітвязьняў для паляпшэньня стасункаў з Эўрапейскім Зьвязам і ЗША. Таму, натуральна, цяпер у Беларусі ёсьць выбар, у якім накірунку рухацца. Думаю, што пасьля парлямэнцкіх выбараў, будуць зробленыя адпаведныя высновы ўсімі. І час пакажа, які шлях абярэ Беларусь.

"Для мяне галоўнае не пасада, а вынікі".


На першай прэсавай канфэрэнцыі пасьля вызваленьня Вы заявілі: “Я пачынаю з нуля”. Ці азначае гэта, што Вы адмовіліся ад барацьбы за лідэрства ў Сацыял-дэмакратычнай Партыі “Грамада”? Ці існуюць у Вас пляны стварыць нейкі рух ці партыю сваіх прыхільнікаў?


Я, натуральна, пачынаю з нуля. І гэта вельмі цікава, бо нуль ён у сабе месьціць усё. Гэта і усё і нічога. Таму я, зразумела, як зноўку нарадзіўся, і зноў пачынаю жыцьцё з тым досьведам, які я набыў. А з іншага боку, я нібыта выпрастаўся з пялёнак і бачу сьвет ужо на іншым узроўні погляду. Што тычыцца лідэрства, то я лічу, што лідэр – гэта не пасада, а лідэр – гэта аўтарытэт. Я вельмі задаволены, што спадар Ляўковіч зараз мае магчымасьць праявіць сябе на усіх узроўнях і ў пэўных стаўленьнях і да партый і да таго, што робіцца вакол партый. Для мяне вельмі істотна, каб людзі маглі разумець, на якім узроўні асэнсаваньня сьвету і стаўленьня да сьвету яны знаходзяцца. Таму для спадара Ляўковіча ёсьць усе магчымасьці для праяўленьня сваіх здольнасьцяў у поўным аб’ёме. І час пакажа, ці гатовы ён да лідэрства сапраўднага, або не. І гэта ужо пытаньне не маё, а пытаньне спадара Ляўковіча.


А ці існуюць у Вас пляны стварыць нейкі рух альбо партыю сваіх прыхільнікаў?


Вы ведаеце, я пакуль што не маю плянаў, бо я на волі толькі трыццаць дзён. І для таго, каб прымаць нейкія рашэньні, і ствараць пляны, я павінен спачатку агледзецца, правесьці аналіз таго, што робіцца. Два з паловай гады ў гэтым сьвеце і ў гэтым жыцьці гэта увогуле даволі шмат. Таму, перш чым прымаць нейкія рашэньні, я павінен прааналізаваць і атрымаць максымальна магчымую колькасьць інфармацыі наконт таго, што здарылася за гэты час. І толькі пасьля гэтага я буду прымаць нейкія рашэньні, што буду рабіць далей, і ў дачыненьні сваіх плянаў.


Вы вялі перамовы ў Брусэлі і Вашынгтоне, маючы мандат ад імя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Наколькі імаверна, што Вас могуць абраць старшынём Палітрады АДС?


Для мяне галоўнае не пасада, а вынікі. Сам факт супрацоўніцтва для мяне істотны, я заўсёды быў і застаюся прыхільнікам таго, каб дэмакратычныя сілы былі аб’яднанымі, каб яны мелі кансалідаваную пазыцыю. Таму што, калі ёсьць растапыраныя пальцы , і калі мы дзейнічаем растапыранымі пальцамі, іх можна паламаць. А калі мы дзейнічаем разам, як сьціснуты кулак, то гэтым кулаком можна прабіць усялякі мур. Таму я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб захаваць адзінства дэмакратычных сілаў. І каб знаходзіць кампрамісы ў асобных поглядах і ў тым ліку ў дачыненьні да асабістых амбіцыяў тых ці іншых лідэраў.


Спадар Казулін, Вы б маглі коратка расказаць пра Вашыя сустрэчы ў Брусэлі і Вашынгтоне, асабліва пра цяпершнюю сустрэчу ў Вашынгтоне.


Я сустракаўся практычна з усімі афіцыйнымі асобамі, хто займаецца пытаньнямі Беларусі. Гэта і з спадаром Дэвідам Крэмерам, і з спадаром Дэвідам Мэркэлем, з Майклам Козакам і іншымі. І я бачу, што з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі ёсьць вельмі сур’ёзная зацікаўленасьць у тым, каб знаходзіць вырашэньне праблемаў, якія маюць месца на Беларусі. Таксама сустаракаючыся і ў Эўрапарлямэнце і з прадстаўнікамі Эўракамісіі ў Брусэлі я паўсюль даносіў адну думку пра тое, што цяпер, калі пачынаецца дыялёг паміж беларускім палітычным рэжымам, беларускімі уладамі і Эўразьвязам, Злучанымі Штатамі Амэрыкі, вельмі важна ў гэтым дыялёгу не захапляцца гандлем і камэрцыяй, а усё ж такі бачыць і пастарацца не згубіць галоўнае: такія рэчы, як агульначалавечыя каштоўнасьці, свабоду, правы чалавека, дэмакратыю, тое, на чым мы стаім. Не забываць пра маральнасьць таго, што адбываецца зараз. І я паўсюль падкрэсьліваю, што выбары, якія праходзяць у нашай краіне, ужо сёньня, можна сказаць, не могуць быць прызнаныя дэмакратычнымі, легітымнымі, сумленнымі і празрыстымі. І вельмі істотна, што будзе пасьля дваццаць восьмага верасьня, пасьля таго, як парляменцкія выбары пройдуць. Вельмі важна, каб разумелі, што месца беларускай апазыцыі ў гэтых перамовах павінна быць простым і зразумелым. Пры дыялёгу, які вядзецца, а мусіць быць усё-ткі не дыялёг а трохкутнік, у якім абавязкова прысутнічае суб’ектнасьць дэмакратычных сілаў Беларусі. І тады гэта насамрэч можа прывесьці да працэсу паляпшэньня стаўленьня Эўразьвязу і Злучаных Штатаў Амэрыкі да краіны, імя якой Беларусь. А таксама прывесьці да нейкіх сур’ёзных зьменаў у гэтых стасунках, калі ва усім гэтым будзе удзельнічаць грамадзянская супольнасьць і дэмакратычнае грамадства Беларусі. Па-іншаму быць не павінна.

"Я прыхільнік таго, каб удзельнічаць па максымуму і зьбіраць натуральныя доказы фальсыфікацый."


Спадар Казулін, у пэўны момант прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году Вы заклікалі А. Мілінкевіча разам зьняць свае кандыдатуры на знак пратэсту супраць умоваў правядзеньня выбараў. А зараз, наколькі я зразумеў, выступаеце супраць зьняцьця кандыдатураў апазыцыйнымі кандыдатамі. На Ваш погляд умовы сёлетніх выбараў лепшыя за тыя?


Я думаю, што умовы, пры якіх праводзіцца сёлетняя кампанія, ні ў якім разе не лепшыя за тыя, што былі раней. Але прэзыдэнт Лукашэнка заявіў на увесь сьвет, што ён праводзіць сумленныя, празрыстыя выбары, якія будуць лепш чым ў любой іншай краіне ЭЗ. І калі беларуская апазыцыя і беларуская грамадзкасьць не удзельнічае ў гэтых выбарах, то мы даем аргумэнты казаць, што апазыцыя слабая, што няма моцных кандыдатаў, якія могуць атрымаць давер народа і выйграць гэтыя выбары. Таму я прыхільнік таго, каб удзельнічаць па максымуму і зьбіраць натуральныя доказы фальсыфікацый і парушэньняў на гэтых выбарах, якія змогуць потым стаць падмуркам дакладу місіі ПДІПЧ і АБСЕ. І тады стане зразумела усяму сьвету, што беларускі палітычны рэжым лакіруе сітуацыю, спрабуе выставіць яе ў лепшым выглядзе, чым яна ёсьць насамрэч. А ў выніку ніякіх глыбокіх зьменаў не адбываецца. Ёсьць проста імкненьне улады прыхарашыць рэчаіснасьць. Таму мая пазыцыя – як мага больш удзельнічаць у гэтых выбарах.


Зь кім з апазыцыі Вы пайшлі б у выведку?


Калі мы кажам апазыцыя, то я б усё ж такі пад гэтым словам меў на увазе не толькі зьнешні бок гэтага пытаньня, палітычныя партыі і тыя рухі, якія сёньня на слыху. Вялікая колькасьць людзей у нашай краіне знаходзіцца ва ўнутранай апазыцыі да рэжыму. Калі мы возьмем апытаньні, якія праводзіліся тым жа IRI, то па іх можна меркаваць, што больш як 70 адсоткаў насельніцтва Беларусі выступае за зьмены. То бок чаканьне беларускім народам пераменаў дасягнула сур’ёзнай, пазытыўнай адзнакі. Таму ў мяне ёсьць сябры, якія не падтрымліваюць цяперашнюю уладу і гатовы змагацца за зьмены ў нашай краіне. Вось з імі я б і пайшоў у выведку. Прозьвішчы я іх называць не буду, бо іх дужа хоча пачуць цяперашняя наша улада. І паверце, што такіх людзей у Беларусі дастаткова.

"Мяркую, што ў мяне атрымалася захаваць не адное жыцьцё маладых людзей."


Калі б у Вас была магчымасьць адкруціць час назад і зноў патрапіць у 19 сакавіка 2006 года, што б вы хацелі зрабіць па-іншаму?


Час адкруціць назад немагчыма. Важны той досьвед, які мы атрымоўваем. Якія высновы робім і з памылак, якія мы зрабілі, і з пазытыву, які мы назапасілі. Я не зьбіраўся у 2006 годзе перамагаць у прэзыдэнцкай кампаніі, але я зьбіраўся сказаць людзям праўду, данесьці яе да шырокіх слаёў беларускага грамадства. Я зьбіраўся расхістаць асновы цяперашняга дыктатарскага рэжыму да падмуркаў, і паказаць усяму сьвету, што гэтыя асновы няўстойлівыя. І што трымаюцца яны толькі на страху і гвалце. А варта толькі супрацьпаставіць гэтаму ўсепаглынаючаму гвалту сілу духа, сілу праўды і сілу маральнасьці і сумленнасьці, гэтыя падмуркі, шчыра кажучы, калі не адразу руйнуюцца, то практычна гінуць на пні. Я не магу меркаваць наколькі ў мяне гэта атрымалася, думаю, няхай гэта вырашаюць самі людзі.


Адзін з нашых слухачоў, патэлефанаваў і параўнаў Вашыя заклікі ісьці да Акрэсьціна 25 сакавіка 2006 года з падзеямі ў Андзіжане ва Узбэкістане, дзе загінулі людзі. І ён назваў гэта правакацыяй, а наведвальніца Натальля з Барысава на сайце піша: “Чаму 25 сакавіка 2006 года Вы заклікалі людзей ісьці на Акрэсьціна? Вы спадзяваліся узяць штурмам спэцпрыёмнік-разьмеркаваньнік? Я ў гэтым тады не удзельнічала, бо ўжо знаходзілася ў сьледчым ізалятары ў горадзе Жодзіна”.


Тады тысячы маладзёнаў, у час з 19 па 25 сакавіка 2006 года патрапілі на Акрэсьціна. І я правёў там, побач некалькі дзён, спрабуючы даведацца дзе знаходзяцца гэтыя дзеці. Бо бацькі ж нічога не ведалі – дзе іх дзеці, што зь імі, і гэта, зразумела, выклікала ў іх вельмі вялікае хваляваньне і нават разгубленасьць. І я дзейнічаў, як чалавек, які не можа зрабіць інакш. Мы не ішлі штурмаваць турму, а ішлі паказаць маральную падтрымку тым маладзёнам, якія мелі пэўную і цьвердую пазыцыю наконт таго, што адбываецца, якія змагаліся за сваю краіну, якія ахвяравалі сваёй свабодай, якія траплялі пад каток рэпрэсій, дубінак, кулака і бота. І не падтрымаць іх маральна, не прыйсьці і не сказаць, што мы з вамі, мы вас памятаем, мы вас не забудзем і мы за вас будзем змагацца я проста не мог па-чалавечы. І справа ня ў тым, што я заклікаў усіх пайсьці на Акрэсьціна, а справа ў тым, што тысячы маладых людзей самі зьбіраліся туды ісьці. І яны, зразумела, пайшлі б туды ва усялякім выпадку, без лідэраў. Аднак пакінуць іх саміх у той страшэннай сытуацыі, якая складалася 25 сакавіка, я таксама не мог па-чалавечы. Нехта мусіў узяць адказнасьць за тое, што будзе адбывацца, нехта павінен быў затуліць іх сабою, сваім аўтарытэтам, і не дапусьціць той расправы, якую плянавала улада. Я мяркую, што ў мяне атрымалася захаваць не адное жыцьцё маладых людзей праз тое, што я пайшоў зь імі на Акрэсьціна.


"Будуць беларусы, будзе і Беларусь."

Зараз Вы знаходзіцеся ў ЗША. Ці не узьнікае ў вас жаданьня сустрэцца там з Пазьняком і абмеркаваць зь ім актуальныя пытаньні, якія тычацца беларускіх рэалій? Як вы асабіста ставіцеся да асобы Зянона Пазьняка?


Я да Зянона Пазьняка ставіўся і стаўлюся з вялікай павагай як да чалавека, які адыграў вызначальную ролю ў станаўленьні нацыянальнай сьвядомасьці і адраджэньня беларусаў. Таму, натуральна, я зь ім гатовы сустракацца ў любы момант, як толькі ён сам гэтага пажадае. Дарэчы, у Нью-Ёрку я буду сустракацца з Івонкай Сурвілай, старшынёй Рады БНР, і я мяркую, што гэта вельмі важны момант. Бо далейшы рух беларускага грамадзтва мусіць быць усьвядомленым і заснаваным на сапраўдных беларускіх каштоўнасьцях, на беларускай культуры і гісторыі. І на гэтым шляху мы мусім аб’ядноўваць і нашае мінулае, і сучаснасьць і, канечне ж, нашу будучыню. Я глыбока перакананы, што без аб’яднаньня ўсіх беларусаў у сьвеце і без аб’яднаньня з Радай БНР нейкім непаўнавартасным будзе наш рух у будучыню. Таму я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, для таго, каб мы ішлі разам і для таго, каб у беларускага грамадства з’явіўся базісны падмурак. Будуць беларусы, будзе і Беларусь. Гэта для мяне зьяўляецца прынцыпова важным.


Падчас рэктарства ў БДУ ваш стыль працы і стасункаў з пэдкалектывам, у прыватнасьці, запальчывасьць і агрэсіўнасьць, выклікалі вострую негатыўную рэакцыю. І цяпер большасьць пра гэта памятаюць. Ці зьмяніліся Вы? Ці сталі спакайнейшым і памяркоўнейшым? Калі Вы станеце прэзыдэнтам, ці не атрымаем мы яшчэ аднаго хама? У гэтым пытаньні няма падвоху, яно заканамернае і грунтуецца на павазе да вас, як да палітыка.


Кожны з нас мае сваю пазыцыю. Я думаю, што супрацоўнікі БДУ, прафэсара-выкладніцкі склад і студэнцтва змогуць параўноўваць тое, якім быў рэктар Казулін і што рабілася пры ім, што зрабілася за сем з паловай год яго рэктарства. І што робіцца цяпер, калі Казуліна няма. Толькі ў параўнаньні мы можам зразумець, што такое добра, а што такое дрэнна. У сьвеце няма нічога адназначнага, у гэтым сьвеце усё існуе ў гармоніі. Плюс і мінус, дабро і зло, сьвятло і цемра. Яны складаюць цэласнае разуменьне сьвету. Турма дала мне нашмат больш у пляне набыцьця памяркоўнасьці і цярпеньня – гэта мой набытак. У старажытнасьці казалі: “Цярпеньне – гэта дар нябёсаў, і яго трэба заслужыць”. Магчыма, мне гэта зараз і дадзенае нябёсамі, з тым, каб я мог рухацца далей. І з большым асэнсаваньнем мінулага, цяперашняга і будучага ісьці па гэтым жыцьці. Таму я вельмі дрэнна стаўлюся да хамаў і лічу, што толькі на павазе да асобы чалавека і да раскрыцьця яго індывідуяльнасьці цалкам, да магчымасьці выяўленьня свабоды волі і існуе гэты сьвет.


Вы расейскамоўны беларус. Якое ваша інтэгральнае бачаньне вырашэньня праблем беларускай мовы і зьвязанай з гэтым праблемы нацыянальнай самасьвядомасьці і разуменьня гісторыі роднай краіны? Ці будзеце Вы размаўляць па-беларуску?


Вы ведаеце, я дзіця свайго часу. Вучыўся я ў спэцыялізаванай ангельскай школе. І ў мяне не было магчымасьці добра ведаць і размаўляць на роднай мове. Больш за тое, у ангельскай школе было восем гадзін, прысьвечаных менавіта ангельскай. На ангельскай вывучалі і гісторыю, і іншыя дысцыпліны. А роднай мове толькі ў апошнім клясе была прысьвечаная адна гадзіна на тыдзень. Таму зразумела, што я не мог валодаць гэтай мовай. І ў мяне не было магчымасьці размаўляць па-беларуску. Зараз я разумею, што, калі мы маем незалежнасьць і калі мы будуем будучыню, то лідэр, які змагаецца за гэтую будучыню павінен размаўляць па-беларуску, павінен ведаць родную мову. Зразумела, што я гэта буду рабіць. Але калі прафэсар кажа нешта ў этэр па-беларуску, і калі ён робіць памылкі, то гэта яго не задавальняе як прафэсійнага і адказнага чалавека. Таму я працую над сваёй беларускай. І лічу, што праз пэўны час буду размаўляць упэўнена. А што да нацыянальнай сьвядомасьці і разуменьня гісторыі роднай краіны, то я гэта буду рабіць на практыцы. І ў хуткім часе вы убачыце, што я працую ў гэтым кірунку. Таму крыху пачакаем.


"Жыцьцё мяне прымусіла заняцца палітыкай."

Сп. Казулін, вось Вы разумны чалавек, але дзе ў свой час была Вашая грамадзянская пазыцыя па двух ганебных "рэфэрэндумах" 95-га і 96-га гадоў, па зьбіцьці дэпутатаў у тым жа 95-м? Няўжо Вы ня бачылі, якое вялікае зло ішло ад Лукашэнкі, але заставаліся ў яго камандзе як чалец ураду? Дзякуй за адказ.


Гэта вельмі правільнае пытаньне, і вельмі важнае. Усе мы ідзем па шляху усьведамленьня і набыцьця досьведу. Я не галясаваў за Лукашэнку у 1994 годзе. Бо я меркаваў, што чалавек з калгаса не можа кіраваць краінай. Але з цягам часу, калі я пераканаўся ў тым, што ён карыстаецца – на той час – абсалютнай падтрымкай беларускага насельніцтва, мне падалося, што, мабыць, я ў чымсьці ня маю рацыю. І што, магчыма, я не разумею таго, што адбываецца і што павінна адбывацца насамрэч. Таму я і увайшоў у каманду Лукашэнкі. Шчыра мяркуючы, што гэты чалавек хоча нешта зрабіць для сваёй роднай краіны і для людзей. Што ён шчыра хоча дапамагчы людзям. Падзеі 95-96 гадоў, вядома ж, выклікалі ў мяне, сур’ёзныя унутраныя абурэньні. Але ў пэўныя моманты я часам задумваўся, што, магчыма, нейкія аспэкты замінаюць Лукашэнку праводзіць максымальна хутка сваю палітыку ў жыцьцё. І вось гэта дазваляла крыху інакш ставіцца да гэтых няправільных дзеяньняў. Мне здавалася, што, магчыма, пройдзе нейкі час і ён зразумее, што памыляўся, што трэба даць большую магчымасьць для дэмакратычных працэсаў у грамадстве, для раскрыцьця творчага таленту і асобных людзей і грамадства ў цэлым. Але далейшая праца і шчыльныя адносіны зь ім, зразумела, паступова расплюшчвалі мне вочы. Таму, пачынаючы ужо з 1999 года, я пачаў бачыць усё зусім у іншым ракурсе. І тое, што студэнты БДУ ў 2001 годзе афіцыйна прагаласавалі супраць палітыкі Лукашэнкі, -- гэта, відаць, таксама шмат пра што гаворыць. Бо адзіны галоўны унівэрсытэт Беларусі адназначна выказаў сваё стаўленьне да той палітыкі, якая праводзілася Лукашэнкам. 80% студэнтаў прагаласавалі супраць гэтай палітыкі. Таму па-рознаму можна ставіцца да усяго, і я згодны з Вамі ў ацэнках падзей 95-га і 96-га гадоў. І яны з’яўляліся менавіта тым унутраным падмуркам таго, што пачало адбывацца надалей. Але тады я яшчэ даваў нейкі шанец Лукашэнку на разуменьне сваіх памылак і прыняцьце іншых, правільных, рашэньняў. Чаго ў выніку не адбылося.

Шаноўны Аляксандар Уладзіслававіч, Вы не аднойчы падкрэсьлівалі, што Расея ёсьць і будзе нашым найбліжэйшым саюзьнікам (выбачайце, калі не так зразумеў), і як я разумею, вы нават не супраць саюзу Расеі і Беларусі. Пытаньне, ці патрэбны нам саюз з дзяржавай, якая усё больш і больш скатваецца да аўтарытарызму і самаізаляцыі? І ці падзяляеце вы меркаваньне Лукашэнкі, што беларусы павінны легчы пад натаўскія танкі, калі спатрэбіцца, але не пусьціць іх у Расею?


Я раней не быў палітыкам. І прыйшоў у палітыку па неабходнасьці. Я быў прафэсіяналам у сфэры адукацыі. Жыцьцё мяне прымусіла заняцца палітыкай, жыцьцё мяне прымусіла заняцца, магчыма, тым, што мне не дужа падабаецца. Але я не бачу іншага выйсьця, як змагацца і знайсьці сваё месца ў гэтай барацьбе супраць дыктатарскага рэжыму. Скончыўшы турэмную адукацыю, я усё-ткі атрымаў дыплём палітыка. І цяпер мне давядзецца нейкі час працаваць па спэцыяльнасьці, адпрацоўваць атрыманы дыплём. І калі мы хочам заняць нейкую пазыцыю, то пазыцыя гэтая, асабліва, калі яна тычыцца палітыка, мусіць быць вельмі узважанай. Я зноў бяру тыя самыя дасьледваньні, якія правёў IRI, і ў іх мы бачым што пераважная большасьць насельніцтва нашай краіны – гэта недзе 70, а тое і 80 адсоткаў – падтрымлівае разьвіцьцё стасункаў з Расеяй. І ня бачыць гэтыя тэндэнцыі, не заўважаць іх, мы не можам. Таму я, як і раней, прытрымліваюся таго ж самага меркаваньня, якое было ў мяне як у кандыдата ў прэзыдэнты. Мы павінны быць залатым мостам паміж Расеяй і Захадам, мы павінны мець добрыя стасункі як з ЭЗ, такі з ЗША. Мы не павінны мець ворагаў нідзе. Мы павінны супрацоўнічаць з усімі. І, канечне ж, роля Расеі ў дачыненьні Беларусі сёньня вельмі важная. І не адзначаць гэта не шчыра і не правільна. Я мяркую, што часта ў сваіх выказваньнях мы намагаемся камусьці дагадзіць ці спадабацца. Але важна каб мы стаялі рэалістычна на нагах і разумелі, што адбываецца насамрэч. Таму маё разуменьне і бачаньне таго, што саюзьніцкія стасункі з Расеяй будуць захоўвацца. Але мы павінны мець такія ж саюзьніцкія і партнэрскія стасункі і з Эўразьвязам. І зараз у гэтым напрамку мы мусім працаваць. Гэтаксама я мяркую, што мы павінны мець самыя лепшыя стасункі з ЗША, і зрабіць усё магчымае, каб гэтыя стасункі сталі сапраўды шчырымі і сумленнымі. У палітыцы важна сябраваць сумленна. І калі гэта атрымаецца, то будзе усё нармалёва.


Ад рэдакцыі: Пытаньні Аляксандру Казуліну былі перададзеныя ў суботу. Дзякуем усім, хто даслаў свае пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG