Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі істотна падаражэе гарэлка


У Беларусі плянуецца істотна падвысіць цэны на моцныя алькагольныя напоі і павялічыць выпуск якасных вінаў. Такія захады пастанавілі зрабіць для выкананьня пастановы Савету міністраў, накіраванай на ўзмацненьне барацьбы з п’янствам і алькагалізмам.

За савецкім часам беларусы ўжывалі па 6 літраў алькаголю на душу насельніцтва, а цяпер – 11,5 літра на чалавека, з улікам немаўлятаў. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя лічыць крытычнай для дзяржавы лічбу 5 літраў на чалавека.

Чарговым разам дзяржава вырашыла змагацца з гэтым злом. Будуць перагледжаныя стаўкі акцызаў на 2009 год у бок павелічэньня. Стаўкі акцызаў і кошт напояў мацункам, большым за 28 градусаў, мяркуецца ўвязаць з тэмпамі росту зарплаты, інфляцыяй і ростам закупных цэнаў на збожжа. Урад мяркуе, што, калі моцныя напоі ня будуць таннымі, людзі адразу ж пачнуць менш піць. Эканаміст Сяргей Балыкін выказаў такое меркаваньне:

“Беларускае насельніцтва будзе піць або нейкія сурагаты, або проста рабіць гэтую гарэлку ў хатніх умовах. Гэта ўжо было больш за 20 гадоў таму, калі спадар Гарбачоў падвысіў цэны на гарэлку, і што з гэтага атрымалася, мы ўсе добра ведаем”.

Зараз цэны на гарэлку прыкладна аднолькавыя і ў суседніх Украіне і Расеі. Што да прапановаў беларускага ўраду істотна падвысіць цану на моцныя напоі, то эканаміст Міхал Залескі ацэньвае іх так:

“Непрыемная вельмі навіна. Ёсьць два спосабы змаганьня са злом: зрабіць гэты грэх агульнадаступным і кантраляваным або загнаць яго ў падпольле і ўзбагаціць тых, хто будзе з-пад крыса гандляваць самагонам, хто будзе прадаваць шклоачышчальнік або дэнатурат ці іншыя сурагаты алькаголікам. То атрымаецца хутчэй за ўсё другая сытуацыя. Таму што няма ахвотных займацца справай сур’ёзна. А сур’ёзны падыход у тым, каб мець і айчынныя, і імпартныя прадукты высокай якасьці”.

Дзяржаўнай праграмай прадугледжана павелічэньне выпуску садавінава-ягадных натуральных вінаў, моцных вінаў палепшанай якасьці, якія маюць выцесьніць танныя віны нізкіх гатункаў, так званыя чарнілы, барматуху. Што да імпартных напояў, якасных вінаградных вінаў, то ўжо амаль паўгоду адчуваецца іх дэфіцыт.

“Падаецца, што гэта выгадна дзяржаве, таму што яна зьнішчае сваіх канкурэнтаў, гэта па-першае, – гаворыць эканаміст Сяргей Балыкін. – А па-другое, яна атрымлівае досыць вялікія грошы за кошт ускосных падаткаў. А набыць якаснае францускае, італьянскае, каліфарнійскае віно па даступных цэнах у нашай краіне немагчыма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG