Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступы кандыдатаў у дэпутаты — дубль два


Ад панядзелка, 15 верасьня, тэле- і радыёканалы Беларусі распачынаюць паўтор выступаў кандыдатаў у дэпутаты. Гэта ініцыятыва Цэнтральнай выбарчай камісіі. Удзельнікі кампаніі ад апазыцыі заяўляюць, што істотнага выніку гэта ня дасьць, і шукаюць іншыя магчымасьці агітацыі. З працягам тэмы Галіна Абакунчык.


Тэле- і радыёвыступы кандыдатаў у дэпутаты будуць паўтарацца бязь зьменаў. Такімі ж, як першы раз, будуць зьмест запісаў, час гучаньня і парадак чаргаваньня, паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. З такой ініцыятывай Цэнтравыбаркам выступіў у адказ на пажаданьні міжнародных назіральнікаў, паведаміў ён:

“Вельмі настойліва ставілася гэтае пытаньне, што варта было б пашырыць магчымасьць тэле- і радыёвыступаў кандыдатаў у дэпутаты да сваіх выбарцаў. Такія пытаньні найперш задавалі прадстаўнікі місіі АБСЭ”.

Кандыдат у дэпутаты ад партыі БНФ Юрась Губарэвіч мяркуе, што тэле- і радыёвыступы кандыдатаў — толькі частка агітацыйнай кампаніі, а таму праца вядзецца ў некалькіх напрамках:

“Выкарыстоўваем іншыя магчымасьці. Заплянаваныя сустрэчы, аднак хацелася б праводзіць гэтыя сустрэчы, маючы на руках інфармацыйныя матэрыялы. Тыя друкарні, у якія мы зьвярталіся раней, зь невядомых нам прычын адмовілі. Таму на сёньня мы ня маем друкаванай прадукцыі, каб распачаць паўнавартасную агітацыйную кампанію”.

Паводле спадара Губарэвіча, раней ягоную перадвыбарчую праграму зьмясьціла рэгіянальная газэта “Маяк”. Праграмы Аляксандра Дабравольскага, Валянціны Палевіковай, а таксама іншых кандыдатаў днямі пабачылі сьвет у рэспубліканскай газэце “Зьвязда”. Каб надрукаваць сваю праграму ў газэце “Вячэрні Брэст”, кіраўніку Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатолю Ляўковічу давялося зьмяніць некалькі сказаў. Праблемы былі і з выступам на тэлебачаньні, кажа спадар Ляўковіч:

“Паводле жэрабя, мой выступ павінен быў быць у 18:10. Тая ж газэта “Вячэрні Брэст” напісала, што ў 18:15, а далі ў эфір у 18:05. Такім чынам, фактычна, сарвалі мой выступ. Ну і складанасьцяў, вядома, шмат, у тым ліку тое, што сустрэч з выбарцамі няма і немагчыма патрапіць на гэтыя сустрэчы”.

Сябра аргкамітэту партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі сваю агітацыйную кампанію праводзіць, раздаючы ўлёткі мінакам на вуліцы. Але многія кандыдаты ў дэпутаты свае ўлёткі нават ня мелі магчымасьці надрукаваць, а таму шукаюць іншыя шляхі працы з выбарцамі. Сярод іх — прадстаўніца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова:

“Хаджу па кватэрах. Штодня абыходжу да 300 кватэр. Знаёмлюся зь людзьмі, выслухоўваю іхныя расповеды. Бо тэлебачаньне і радыё глядзіць невялікі адсотак людзей, чытаюць таксама. Але ж калі ты прыйдзеш, паглядзіш у вочы, выслухаеш — усё, гэта людзі твае”.

Ход агітацыйнай кампаніі камэнтуе лідэр руху “За свабодныя выбары” Віктар Карняенка:

“Улада сама сябе перагуляла: так замоўчвалася тэма выбараў, што нават у дзясятку топ-навінаў не трапляла. Урэшце штосьці трэба выпраўляць, бо сама ўлада і зробіць байкот. Таму вось гэты і паўтор, безумоўна, беспрэцэдэнтны. Але што да самой кампаніі, то, з майго пункту гледжаньня, пераважная большасьць кандыдатаў таксама, што называецца, “ня цягне”. І ўрэшце ня ўлада павінна ставіць у цэнтры Менску пікеты і праводзіць агітацыю, а гэта павінны рабіць самі кандыдаты. Нават калі ім не даюць на гэта дазволу”.

Лідэры аб’яднаных дэмакратычных сіл на паседжаньні 21 верасьня маюць прыняць канчатковае рашэньне пра ўдзел сваіх прадстаўнікоў у выбарчай кампаніі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG