Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пачатковых клясах ня будзе польскай мовы


Вучні другой клясы менскай школы № 1 ня будуць сёлета вывучаць польскую мову. Бацькам патлумачылі, што прыярытэтная мова – расейская. Бацькам, якія былі супраць, параілі не канфліктаваць, каб не было праблемаў іх дзецям.

1 верасьня дзеці другой клясы першай менскай школы даведаліся, што больш ня будуць вывучаць польскую мову. Настаўніца ім сказала, што ў іх цяпер будзе больш урокаў расейскай мовы. Абураны бацька адной дзяўчынкі Алесь Сарнацкі расказаў “Свабодзе”, што напярэдадні 1 верасьня настаўніца сабрала бацькоў і прапанавала ім напісаць заявы:

“Нас сабрала настаўніца нашай клясы. Яны сказала, што цяпер галоўная –расейская мова, каб паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову і прапанавала скасаваць польскія гадзіны.

Сказала, што гэта каб нашы дзеці лепш ведалі расейскую мову. Калі я адмовіўся, яна сказала, што майму дзіцяці могуць быць непрыемнасьці ў школе”.

Паводле настаўніцы польскай мовы Марыны Браслаўскай, адміністрацыя школы адмовілася падоўжыць зь ёй кантракт.

“У мяне быў кантракт. Гэта значыць, што я магла выкладаць дзьве гадзіны польскай мовы на тыдзень у пачатковай клясе. Кантракт гэты быў ад пачатку навучальнага года і да канца траўня. Калі ён скончыўся, я запытала ў дырэкцыі ці буду далей працаваць у школе. Мне адказалі, каб я зьвярнулася напрыканцы жніўня, каб даведацца ці патрэбна будзе мая дапамога дзецям у вывучэньні польскай мовы.

Напрыканцы жніўня мне сказалі, што мая дапамога ў школе больш не патрэбная. Прычыны ці яшчэ што я не запытвала і мне ніхто не сказаў”.

Настаўніца з жалем распавядае пра тое, што цяпер дзеці, якія з задавальненьнем вучылі польскую мову і рабілі першыя посьпехі, будуць пазбаўленыя магчымасьці вучыць яе ў школе і без адпаведнай практыкі забудуць тое, што ведалі:

“Мы ведаем, што дзецям у пачатковай школе можна даць даволі шмат. Дзеці, якія вывучалі польскую мову, альбо мелі польскія карані, альбо цікавасьць да гэтай мовы, якую падтрымлівалі іх бацькі. Дзеці, сапраўды, ужо вельмі добра пачыналі засвойваць фанэтыку, доўгімі прыгожымі крокамі вывучалі вершы напамяць, рабілі маленькія імпрэзы ў сваёй клясе.

Калі маё дзіця ў гімназіі вывучае кітайскую мову, то, канешне, у майго дзіцяці посьпехі ў вывучэньні замежнай мовы значна ніжэйшыя, чым у тых дзяцей, зь якімі працавала я”.

Пакуль Алесь Сарнацкі будзе вазіць сваю дачку ў Польскі дом, што на вуліцы Саламянай. Ён спадзяецца, што гэта будзе на карысьць дзяўчынцы. На сходзе ён ня здолеў пераканаць бацькоў, каб тыя не пісалі заявы на просьбу настаўніцы. Але ён спадзяецца, што яшчэ можна вярнуць сытуацыю і на бліжэйшым сходзе выступіць з просьбай сабраць подпісы, каб дзеці мелі магчымасьць не спыняць вывучэньне замежнай мовы.

“Мне засталося вазіць сваё дзіця на вуліцу Саламяную ў Польскі дом, каб яно атрымала дадатковую мову. Лічу, што, калі маё дзіця будзе ведаць больш моваў, то яму гэта пойдзе на карысьць. Я ўпэўнены, што загад скасаваць урокі польскай мовы, прыйшоў зьверху ад кіраўніцтва школы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG