Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашанец: “Спыніцца артаграфічны разнабой”


Дырэктар Інстытуту мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Лукашанец, адзін з распрацоўшчыкаў закону, перакананы:

“Прыняцьце гэтага закону дазволіць спыніць той артаграфічны разнабой, які праявіўся ў апошняе дзесяцігодзьдзе ў беларускамоўных выданьнях, у тым ліку і ў вучэбнай літаратуры, што абсалютна недапушчальна для высакаразьвітай літаратурнай пісьмовай мовы, якая зьяўляецца дзяржаўнай мовай краіны. Адзінства правапісу павышае прэстыж мовы і аблягчае яе выкарыстаньне ва ўсіх камунікатыўных сфэрах сучаснага грамадзтва”.

За тыя амаль 50 гадоў, якія прайшлі з часу выданьня Правіл беларускай артаграфіі і пунктуацыі 1959 году, у сыстэме мовы адбыліся пэўныя зьмены, у першую чаргу ў слоўнікавым складзе мовы. Слоўнік папоўніўся вялікай колькасьцю запазычаньняў, што патрабуе рэглямэнтацыі іх напісаньня. Праблема беларускага правапісу ў тым, што ў ім шырока прадстаўлены так звана фанэтычны прынцып напісаньня слоў, заўважыў прафэсар Аляксандар Лукашанец:

“Тыя зьмены, якія ўнесеныя ў адпаведнасьці з прынятым законам, сапраўды не закранаюць асноўных прынцыпаў і асноўных правіл беларускай артаграфіі, а толькі накіраваныя на ўдасканаленьне некаторых зь іх і зьмяншэньне колькасьці выключэньняў. У прыватнасьці, у правілах здымаюцца выключэньні ў напісаньні складанаскарочаных слоў. Напісаньне ўсіх складанаскарочаных слоў цяпер падпарадкоўваецца аднаму правілу: часткі скарочаных слоў пішуцца так, як і ў нескарочаным слове. У моўнай практыцы ўжо даўно замацавалася “гаркам”, “райкам”. Фактычна новая рэдакцыя правіл замацоўвае тое, што ўжо замацавалася практыкай”.

На думку Аляксандра Лукашанца, вельмі добра, што закон уступае ў дзеяньне праз два гады: гэта дазволіць падрыхтаваць базу. За гэты час будуць падрыхтаваныя і выдадзеныя артаграфічныя слоўнікі, пэўныя камэнтары, якія дазволяць на практыцы карыстацца новымі правіламі.

На пытаньне Радыё Свабода, ці прадугледжаная адказнасьць сродкаў масавай інфармацыі за ўжываньне так званай “тарашкевіцы” ці за памылкі, якіх вельмі шмат і ў друкаваных, і ў электронных СМІ, прафэсар Лукашанец адказаў:
“Гэта пытаньне хутчэй да юрыстаў, чым да нас. Але я магу адказаць так: выкарыстаньне той ці іншай моўнай сыстэмы будзе залежаць ад міністэрства інфармацыі, якое будзе рэгістраваць тое ці іншае масавае выданьне, дзе павінен быць агавораны і артаграфічны рэжым гэтага выданьня”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG