Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М. Грыб: “Беларусь хоча выглядаць краінай, дзе няма тэрарызму. Але гэта ня так”


Гэты тыдзень прайшоў пад знакам надзвычайнага здарэньня ў цэнтры Менска ў ноч на 4 ліпеня. Выбух самаробнага прыстасаваньня, у выніку якога мэдычная дапамога запатрабавалася больш як паўсотні гледачам гала-канцэрту да Дня незалежнасьці, засьведчыў: улады “ціхай і стабільнай” Беларусі не падрыхтаваныя да аднаго з самых страшных выклікаў ХХІ стагодзьдзя – тэрарызму.

На афіцыйным узроўні выбух 4 ліпеня называюць “інцыдэнтам”. Чаму здарэньне, якое толькі па шчасьлівай выпадковасьці не прывяло да чалавечых ахвяраў, кваліфікаванае як “злоснае хуліганства”? Ці трэба было працягваць урачыстасьці пасьля таго, як за дзьве гадзіны да выбуху, на прызнаньне першага намесьніка міністра ўнутраных справаў Аляксандра Шчурко, была знойдзеная яшчэ больш магутная выбухоўка? Чаму, насуперак усім інструкцыям аховы вышэйшай асобы ў дзяржаве, неўзабаве пасьля выбуху Аляксандар Лукашэнка асабіста “разрульваў” сытуацыю ля варонкі? Ці зьменіцца парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Беларусі з улікам сумнага досьведу? Зазначу, што аналягічныя выбухі тры гады таму ў Віцебску на сцэнар народных гуляньняў не паўплывалі ніяк.
У гэтых ды іншых пытаньнях нам дапаможа разабрацца генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб – грамадзкі рэдактар Свабоды гэтага тыдня.
Мечыслаў Грыб нарадзіўся 28 верасьня 1938 году ў вёсцы Савічы Дзятлаўскага раёну на Гарадзеншчыне. Закончыў Львоўскую пажарна-тэхнічную вучэльню і юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсытэту.
Пачынаў у органах унутраных справаў на Віцебшчыне. У 1981 годзе прызначаны начальнікам Упраўленьня аховы грамадзкага парадку МУС БССР. З 1985-га – кіраўнік Упраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму, узначаліў апэратыўна-сьледчую групу для раскрыцьця забойстваў жанчын на тэрыторыі вобласьці. У 1993 годзе першы ў Беларусі прадстаўлены да званьня “генэрал-лейтэнант міліцыі”. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

З 1990-га – дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі. Старшыня Вярхоўнага Савету XII
скліканьня, дэпутат парлямэнту ХІІІ сліканьня. Пад старшыняваньнем Мечыслава Грыба 15 сакавіка 1994 году беларускі парлямэнт прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году – у штабе тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна.
Пачнём нашу размову з масавых мерапрыемстваў і патэнцыйных небясьпекаў, якія паўстаюць перад непасрэднымі ўдзельнікамі дзяржаўных ці іншых імпрэзаў.
***
4 ліпеня Беларусь пацьвердзіла, што яна ня ёсьць выключэньнем сярод іншых краін, дзе падчас канцэртаў, мітынгаў ці спартовых спаборніцтваў церпяць, а то і гінуць людзі. Прычынай таму – дрэнныя нормы бясьпекі ці дрэнныя выканаўцы?
Крысьціна ляжыць у менскім шпіталі з траўмай пляча – лекары дасталі зь яго гайку. Пасьля выбуху на праспэкце Пераможцаў дзяўчына зрабіла выснову адносна ўдзелу ў бліжэйшым масавым мерапрыемстве:
“У верасьні будзе дзень гораду – я туды не пайду. Усё ж яшчэ страшна”.
Калі гэтак вырашаць ўсе менчукі, сьвята можа і не адбыцца. Каб гэтага не здарылася ды каб гарантаваць бясьпеку, міліцыя ўдасканальвае правілы аховы на масавых мерапрыемствах. Прыкладам, на фэстываль песьні “Славянскі базар” у Віцебску ужо нельга праносіць пакеты з сокам і плястыкавыя бутэлькі цёмнага колеру. З Менску ў Віцебск на дапамогу мясцовай міліцыі выправіліся болей за тысячу спэцназаўцаў.
Паводле кіраўніка прэсавай службы МУС Канстанціна Шалькевіча, на Дзень незалежнасьці ўся міліцыя краіны была пастаўлена “пад ружжо”, каб забясьпечыць парадак. Але падобныя сьвяты – адзін, максымум некалькі разоў на год. А ці ёсьць пэўная норма аховы на тысячу грамадзянаў, якія зьбяруцца, прыкладам, на той жа дзень гораду? Канстанцін Шалькевіч паведаміў, што такіх нормаў няма:
“Усё залежыць ад абставінаў, ад колькасьці людзей, ад месца мерапрыемства. Гэта аналізуецца і вызначаецца, колькі трэба аховы”.
“Напярэдадні масавага мерапрыемства абавязкова ствараецца штаб складаецца плян, у якім расьпісана, хто за што адказвае, разьмеркаваныя сэктары адказнасьці на месцы. Выкананьне пляну кантралюе службовец, прызначаны начальнікам штабу”, – распавёў былы супрацоўнік КДБ Валер Костка пра свой досьвед савецкіх часоў:
“Калі ў Ташкенце праводзілі сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі, дык мы ўжо за два дні да дэманстрацыі сядзелі на той плошчы, усё правяралі, плямбавалі і нікога туды не пускалі”.
Ці могуць спэцслужбы адмяніць мерапрыемства, калі падчас папярэдняй праверкі знойдзеная выбухоўка? Валер Костка кажа, што такія рэкамэндацыі безумоўна трэба даваць, але канчатковае рашэньне за палітычным кіраўніцтвам, паколькі адмена масавага мерапрыемства будзе мець палітычныя наступствы. Наяўнасьць двух выбуховак, на думку Косткі, сьведчыць пра падрыхтоўку тэракту, а гэта ёсьць непасрэдная кампэтэнцыя менавіта спэцслужбаў: “Тут ужо трэба спытаць і з тых, хто адказвае за агентурную працу”, – кажа спадар Костка.
Тэракт на масавым мерапрыемстве можа учыніць і асобны чалавек, якога ніякай агентурнай працай не вылічыць. Гэта можа быць псыхічна хворы, ці чалавек, якога ахапіла прага помсты. Згадаем выпадкі з замахамі на Рональда Рэйгана ці Міхаіла Гарбачова. Ці здольны спэцслужбы, якія ахоўваюць кіраўніка дзяржавы, прадухіліць такі тэракт?
Палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў мяркуе, што сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць “вылічыць” у натоўпе патэнцыйнага тэрарыста:
“Спэцслужбы як працуюць? У іх ёсьць прылады дзеля знаходжаньня выбуховых рэчываў паводле малекулярнага стану паветру. На атамарным ўзроўні. Перад тым, як прэзыдэнт дзе зьявіцца, ўсё правяраюць гэтымі прыладамі. Прабачце, у тую ж прыбіральню без гэтага не заходзіць. Чалавека з выбухоўкай памерам са скрыначку запалак вылічаць у натоўпе адразу, возьмуць на прыцэл і ён блізка не наблізіцца”.
Часта гэтыя правілы не спрацоўваюць – нагадаем леташняе забойства кандыдата на прэм’ера Пакістану Беназір Бхута, да якой наблізіўся самазабойца з выбухоўкай. Паводле зьвестак, ў Бхута была моцная служба асабістай аховы, але яна аказалася бясьсільнай супроць замовы. Шмат хто лічыць, што за змоўшчыкамі стаялі спэцслужбы краіны. Паводле Алега Алкаева, у выбуху на праспэкце Пераможцаў у Менску спэцслужбы таксама адыгралі пэўную ролю, але якую дакладна – пакуль сказаць немагчыма.
Ці дастаткова ў беларускіх праваахоўнікаў і спэцслужбаў сілаў, каб супрацьстаяць тэрарыстам, якія у сваіх мэтах могуць выкарыстаць масавыя мерапрыемствы? Вось меркаваньне былога супрацоўніка КДБ Валера Косткі:
“У нас гэтых сіл і сродкаў у Беларусі больш чым дастаткова. Справа толькі ў арганізацыі і прафэсійным узроўні. А калі параўноўваць саму сыстэму бясьпекі масавых мерапрыемстваў у нас з суседзямі, то прынцыповай розьніцы няма. Гэтыя прынцыпы аднолькавыя, а спэцслужбы пераймаюць досьвед і дзеляцца ім. Прыкладам, ёсьць пэўныя рубяжы аховы: першае кола, другое, трэцяе. Збольшага паўсюль аднолькава. Толькі што крыху адрозьніваецца почырк. Прыкладам, ахоўнікі амэрыканскага прэзыдэнта адрозьніваюцца большай жорсткасьцю, у некаторых кіраўнікоў дзяржаў зьнешне больш лібэральныя ахоўнікі. Але самі схемы аховы і вышэйшых асобаў, і масавых мерапрыемстваў аднолькавыя”.
Мечыслаў Грыб згадвае, як забясьпечваўся грамадзкі парадак у часы, калі напачатку 1980-х ён узначальваў Упраўленьне аховы грамадзкага парадку МУС Беларусі:
Грыб: “Калі я працаваў начальнікам Упраўленьня аховы грамадзкага парадку МУС, усе мерапрыемствы з масавым знаходжаньнем людзей, пачынаючы ад раёну, вобласьці і заканчваючы рэспублікай, плянаваліся. Складаецца адпаведны плян, людзі, якія адказваюць за гэта, выяжджаюць на месца, дзе будуць праходзіць мерапрыемствы. Робяць рэкагнасцыроўку, расстаўляюць свае сілы, сродкі. Разьбіваюць пляцоўку на сэктары, участкі прызначаюць старэйшых, выдзяляюць туды пэўную колькасьць людзей. Для ўсіх мерапрыемстваў ствараецца ў абавязковым парадку штаб, які будзе кіраваць аховай парадку і будзе адказваць за гэтыя мерапрыемствы.
Кіраўніком штабу, як правіла, прызначаецца нехта з кіраўнікоў міністэрства. Большай часткай гэта быў намесьнік міністра, я таксама ўваходзіў у такія штабы. Акрамя расстаноўкі сілаў, людзей, тэхнікі, вялікая ўвага надавалася сувязі, усё павінна быць радыёфікаванае на самым высокім узроўні. Акрамя таго, у плянах прадугледжваліся мерапрыемствы “на ўсялякі выпадак” – у прыватнасьці, кліматычных катаклізмаў. Прадугледжвалася эвакуацыя людзей у гэтых плянах – як яе абвяшчаць, каму менавіта. Пры штабе заўсёды заходзілася хуткая мэдычная дапамога. У адпаведнасьці з маштабам мерапрыемства, гэта адна брыгада, дзьве, тры, а можа і дзесяць. Усё залежыць ад таго, якое мерапрыемства. Пажарная тэхніка там знаходзілася і, зразумела, быў прадугледжаны рэзэрв”.
***
Ці магчымае паўтарэньне выбухаў, якія ў верасьні 2005 году ўпершыню прагучалі ў Віцебску, а 4 ліпеня аналягічнае надзвычайнае здарэньне было зьдзейсьнена ў беларускай сталіцы? З такім пытаньнем Свабода зьвярнулася да менскіх мінакоў:
Дзяўчына: “Ну, паўтарыцца ў нас можа ўсё. Напрыклад, калі гэта, як я думала, правакацыя, то безумоўна можа паўтарыцца. А калі дапусьціць, што гэта псыхічна хворы чалавек, дык таксама можа паўтарыцца. У нашым жыцьці, у нашым грамадзтве, у нашых абставінах усё можа паўтарыцца. Я лічу так”.
Спадарыня: “Цалкам магчыма, асабліва калі зноў узьнікне падобная сытуацыя. Дзе гарантыя, што такое ня можа паўтарыцца?”
Малады мужчына: “У прынцыпе, “адмарозкаў” усюды хапае, у кожнай краіне. І таму тут нельга сказаць штосьці пэўна – паўтарацца яны ці не паўтарацца”.
Спадар: “Канечне, могуць. Чаму не? Што, у цяперашніх уладаў няма ворагаў? Усё можа быць”.
“Хацелася, каб не было такога, але ў гэтым сьвеце ніхто не застрахаваны ад нейкіх здарэньняў. Усё можа быць у рэальным жыцьці, аднак я ўсё ж веру ў лепшае, добрае, у чалавечы розум – такога больш ня будзе ў нашай краіне”.
Злачынства ў ноч на 4 ліпеня ў Менску кваліфікаванае як “злоснае хуліганства” з пэрспэктывай пакараньня ад 2 да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Тэрарызм цягне за сабой куды больш жорсткія санкцыі, ажно да вышэйшай меры. Апроч таго, чуліся заявы, што віцебскую і менскую справы трэба аб’яднаць – маўляў, ня выключана, што за выбухамі стаіць адзін і той жа чалавек. Дарэчы, якраз напярэдадні ў Віцебску адкрыўся традыцыйны “Славянскі базар”, на які зьбіраецца вялікая колькасьць народу. Якія захады бясьпекі падрыхтавалі гарадзкія ўлады? Якія ўрокі менскага сьвяткаваньня зрабіў для сябе Віцебск? Нарэшце, на якой стадыі расьсьледаваньне віцебскіх справаў?
***
Моцныя выбухі прагрымелі ў Віцебску 14 і 22 верасьня 2005 года. У абодвух выпадках спрацавалі самапальныя зарады. Асобныя дэталі ў пляне вырабу выбуховых прыстасаваньняў і іх разьмяшчэньня ў вялікім натоўпе ў Віцебску і Менску вельмі падобныя. Толькі ў Віцебску бомбы былі начыненыя дэталямі з гадзіньнікаў, а ў Менску – балтамі і гайкамі.
У Віцебску таксама спачатку спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці апазыцыянэра – жодзінскага маладафронтаўца Паўла Красоўскага. Хлопца выратавалі штампы ў пашпарце – ён у дзень выбуху быў за мяжой. Пасьля ператрусаў у работнікаў гадзіньнікавага заводу ды майстэрняў сьледзтва выйшла на братоў Віталя і Юрыя Мурашкаў, у якіх бацька працаваў калісьці гадзіньнікавым майстрам. Ні доказаў, ні суду, а кіраўнік краіны, вандруючы па Гомельшчыне, выдаў прысуд: «У Віцебску два ахламоны ўзарвалі імітацыйнае прыстасаваньне і думалі, што іх ня знойдуць. Іх хутка вылічылі, і яны ўжо расказалі, дзе бралі порах і як хацелі папужаць людзей».
Амаль паўгода браты адседзелі ў ізалятары ў Менску, а потым іх выпусьцілі.
У 2007-м быў арыштаваны чарговы падазраваны — маёр віцебскага абласнога ўпраўленьня КДБ Дзямідаў. Потым яго адправілі на пэнсію, так нічога і не даказаўшы. Пазьней са словаў Генпракурора Пятра Міклашэвіча стане вядома, што за паралельна выяўленыя злачынствы ў Віцебску было затрымана каля 60 асобаў. Справа не закрытая дагэтуль, – кажа старшы ўпаўнаважаны Віцебскай абласной пракуратуры па сувязях з грамадзкасьцю:
“Да яе ўвага, у прынцыпе, і не зьмяншалася. Яна расьсьледуецца, не прыпыненая, не закрытая, знаходзіцца ў вытворчасьці. Натуральна, вэрсіі правяраюцца – ёсьць сувязь зь Менскам ці не. Больш падрабязнай інфармацыі даць вам ня можам”.
Сьледчы па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Беларусі Аляксандар Расолька, які курыраваў “віцебскую справу”, таксама пацьвердзіў, што справа знаходзіцца…
“...на стадыі расьсьледаваньня”.
Карэспандэнтка: “Але ўжо тры гады прайшло…”
“Ну і што? Калі вы лічыце, што вельмі лёгкая гэта справа, дапамажыце, пакажыце, што такую справу можна за дзень, альбо за два расьсьледаваць…”
Сёньня ў Віцебску пачынаецца фэстываль “Славянскі базар”. З учорашняга дня ў горадзе ўзмоцненыя захады бясьпекі, – кажа супрацоўнік прэс-службы абласной міліцыі:
“У прыватнасьці, на тэрыторыі вуліц Леніна, Фрунзэ, Замкавай будуць усталяваныя адмысловыя турнікеты, тэрыторыя перакрыецца. Пешаходы, якія будуць праходзіць у так званую “чырвоную зону”, будуць вельмі пільна даглядацца. У «чырвоную зону» нельга праносіць тэтрапакеты і бутэлькі цёмнага колеру. Да таго ж, ня будуць дапускацца людзі ў п’яным выглядзе. У цэнтры гораду з 16.00 і да таго часу, пакуль народ не разыдзецца, ня будзе спыняцца грамадзкі транспарт”.
Тэрыторыя амфітэатра да пачатку канцэрта будзе даглядацца спэцыяльна навучанымі на пошук выбуховых рэчываў сабакамі, кожны наведнік пройдзе праз мэталашукальнік. Да таго ж, супрацоўнікі міліцыі агледзяць ўсе ягоныя рэчы. Натуральна, спэцслужбы будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.
Наш грамадзкі рэдактар Мечыслаў Грыб выказвае сваё меркаваньне адносна таго, чаму сьледзтва пачало справу па выбухах у Віцебску і Менску па артыкуле “злоснае хуліганства”:
Грыб: “Калі адкрыў Крымінальны кодэкс, дык, на мой погляд, сюды просіцца артыкул 289-ы Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь “Тэрарызм”. Але, на колькі я памятаю, у Беларусі не было крымінальных справаў па тэрарызму. Усё ўзбуджалі па хуліганству, да хуліганства ў сукупнасьці дадавалі іншыя артыкулы па злачынству “супраць асобы”, па цяжкіх пашкоджаньнях і г.д, але на тэрарызм не пераходзілі. Цяжка сказаць, чаму гэта вырашаецца так ці інакш.
Можна падумаць, што мы хочам паказацца перад сусьветам больш стабільнымі, чым ёсьць на самой справе. Хочам паказаць, што ў нас няма і не было тэрарыстычных актаў. Але ўжо сама падзея 4 ліпеня маланкай разьляцелася па ўсім сьвеце і нікому за мяжой ня трэба тлумачыць – тэрарызм гэта ці хуліганства. Для іх гэта ўжо значэньне ня мае. Мае значэньне сам факт, аб якім паведамілі. Мне здаецца, што гэта зроблена больш для ўнутранага, асабістага ўжываньня, для самазаспакаеньня, што хуліганства менш значнае, чым тэрарызм. У нас як быццам тэрарызму няма”.
***
Хто стаіць за арганізацыяй выбуху падчас сьвяткаваньня Дня незалежнасьці? Што на гэты конт думаюць жыхары сталіцы?
Дзяўчына: “Я, напрыклад, лічу, што гэта правакацыя ўладаў. Маё меркаваньне, што проста трэба народ запужаць перад выбарамі, якія маюць адбыцца. Каб яшчэ раз паказаць, што ўлада быццам беражэ народ, як яна пра яго клапоціцца. І я лічу, што гэта звычайная, сплянаваная правакацыя”.
Спадар: “Паняцьця ня маю, але думаю, што гэта ўсё ж было хуліганства. Калі зірнуць на гэта з усіх пунктаў гледжаньня, то выглядае, што ўсё ж гэта хуліганства”.
Спадар: “Гэта ня выгадна ні аднаму боку, ні другому, ні трэцяму”.
Карэспандэнтка: “Дзеля чаго тады ўсё зроблена?”
Спадар: “Дзеля чаго? Ды проста так, з хуліганства. Думаю, як тэрарыстычны акт гэта нельга разглядаць. Бо, груба кажучы, у тэрарыстычным акце што галоўнае? Як мага больш ахвяраў, каб найбольшая колькасьць ахвяраў была. Калі б за гэтым стаяла каманда прэзыдэнта, дык для іх гэта таксама нявыгадна. Бо тады яны паўстануць у сьвятле, неадпаведным той палітыцы, якую яны праводзяць – мы, маўляў, самыя мірныя людзі”.
Дзяўчына: “Хуліганы, напэўна. Гэта ж такая штука... Я лічу, што назапашваецца якаясьці нэгатыўная энэргія, і вось яна ў нейкім канцэнтраваным месцы выліваецца. Значыць, менавіта там яна сканцэнтравалася. Але могуць быць прычыны ўсялякія”.
Спадарыня: “Ведаеце, я пра гэта не задумвалася. Тэрактам, канечне, я б не сказала, што гэта можна назваць. Можа хтосьці каго хацеў дыскрэдытаваць”.
Спадар: “Губляюся ў здагадках, хто б гэта мог быць. Можа нешта палітычнае, можа проста хуліганьнё. Хто яго ведае. Я не дэтэктыў, не магу сказаць. Усялякае можа здарыцца, шчыра кажучы, людзі ёсьць людзі. Гэта ж не адзін чалавек, яны ўзаемасупрацоўнічаюць. А ўвогуле я палітыкай мала цікаўлюся”.
Як мы пачулі, ні ў адным зь меркаваньняў не прагучала, што выбух мог быць арганізаваны якойсьці апазыцыйнай сілай. Аднак, ня гледзячы на заявы Аляксандра Лукашэнкі – маўляў, інцыдэнт ня будзе падставай да расправы над апазыцыяй, першымі арыштаванымі па справе сталі актывісты “Белага легіёну” – арганізацыі, якая ўзьнікла пасьля ліквідацыі Беларускага Згуртаваньня вайскоўцаў. Ці чакаюць апазыцыйныя сілы новых ператрусаў, абвінавачаньняў, арыштаў?
***
Алег Ігнаценка – падпалкоўнік запасу, працаваў начальнікам галоўнага ўпраўленьня Службы кантролю органаў выканаўчай улады і выкарыстаньня дзяржаўных рэсурсаў прэзыдэнта Беларусі. Ён лічыць, што выбух падчас сьвяткаваньня Дня незалежнасьці меў аж тры мэты:
“Сама тэма “Мы – беларусы!” была апафэозам. І ўсё гэта дзеля таго, каб у грамадзтве была згода ў адносінах да Саюзнай дзяржавы. Каб людзі прывыкалі да думкі, што Беларусь – самастойная дзяржава, што выбар зроблены. І калі Масква прымусіць праводзіць рэфэрэндум, каб людзі галасавалі за самастойную Рэспубліку Беларусь. І ніякай адзінай дзяржавы – ні канфэдэрацыі, нічога іншага.
Другая мэта наўпрост зьвязаная з выбарамі. Выбух дае магчымасьць мець рычагі ўзьдзеяньня на апазыцыю. Людзям намякаюць, што яго магла зрабіць і “так званая апазыцыя”, як любіць гаварыць Лукашэнка.
І трэцяя мэта – пасеяць сярод людзей страх. Людзям убіваюць у галаву, што толькі адзін чалавек можа выратаваць іх ад усяго. І такую палітыку Лукашэнка праводзіць ужо 14 гадоў. Гэта трыадзіная задача была выкарыстаная практычна на 100%”.
Палітоляг Аляксандар Фядута не пагаджаецца з тым, што ўлады шукаюць арганізатараў выбуху сярод апазыцыі:
“Мы ня ведаем пераважна ці не пераважна шукаюць злачынцаў сярод апазыцыі. Справа не ў тым, колькі чалавек арыштоўваюць і колькі зь іх належыць да апазыцыі. Справа ў тым, што грамадзтва не мае інфармацыі пра тое, што робяць сьледчыя органы. Мы ня ведаем, якія вэрсіі адпрацоўваюцца, ня ведаем, ці існуе фотаробат той асобы, якую падазраюць у зьдзяйсьненьні гэтага злачынства. І менавіта таму грамадзтва так нэрвова рэагуе на тое, што робяць ператрусы і затрымліваюць людзей”.
Вынікі некаторых інтэрнэт-апытаньняў паказваюць: значная частка апытаных лічыць арганізатарамі выбуху спэцслужбы. Раней такога не заўважалася. Алег Ігнаценка лічыць, што ў многіх людзей зьнік давер да ўладаў:
“Створаны неэфэктыўны апарат кіраваньня. Ён працуе цяпер сам на сябе. І людзі, якія зьвяртаюцца ва ўсе ўладныя структуры, бачаць, што ніхто іхныя пытаньне не вырашае, ідзе толькі рух папераў па колу. Людзі зьвяртаюцца ў міліцыю, пракуратуру, суды і нідзе ня могуць знайсьці праўду. І такія эпізоды як “жывы шчыт” толькі пацьвярджаюць адносіны ўлады да грамадзтва, да грамадзянаў. Людзі па сутнасьці сёньня ўладам не давяраюць.
Нават тыя, хто набліжаныя да ўладаў, разумеюць, як усё робіцца. Прыкладам, тыя ж выбары. І колькі, так бы мовіць, трэба грамаў крыві здаць, каб правесьці гэтыя выбары”.
Аляксандар Фядута ня лічыць дадзеныя інтэрнэт-сайтаў годнымі для камэнтаваньня:
“Я ніколі не камэнтую апытаньні інтэрнэт-сайтаў, таму што яны не зьяўляюцца рэпрэзэнтатыўнымі. Я ня ведаю, колькі чалавек, якія там галасуюць, займаюць жорстка крытычную пазыцыю датычна ўлады наагул. Мажліва, што ў гэтым пытаньні галасавала толькі адна апазыцыя. Таму як можна камэнтаваць адносіны да гэтага ўсяго грамадзтва?”.
Магчымасьць перасьледу лідэраў буйных палітычных партыяў і рухаў ацэньвае наш грамадзкі рэдактар Мечыслаў Грыб:
Грыб: “Мне падаецца, што да Згуртаваньня вайскоўцаў нашы сёньняшнія партыйныя лідэры дачыненьня ня мелі. Няма пытаньняў да кіраўнікоў апазыцыйных палітычных партый – і дзякуй Богу. Думаю, і ня будзе гэтых пытаньняў, таму што гэта людзі самастойныя і, мне здаецца, ніхто зь іх ня здольны нават падумаць, каб такое здарылася, ня тое, што зьдзейсьніць”.
“Чаму, на ваш погляд, у грамадзтве пашыраная думка, то выбух маглі зьдзейсьніць спэцслужбы?”
Грыб: “Думкі ёсьць думкі. Як кажуць, “на кожны раток не накінеш платок”. Кожны можа меркаваць тое, што думае. І гэта можа вынік таго, што зараз асобныя грамадзяне Беларусі, пра ўсіх казаць цяжка, ня вельмі давяраюць супрацоўнікам сілавых структураў. І тыя былі пакрыўджаныя, і іншыя, хтосьці быў неабгрунтавана затрыманы і асуджаны. Гэта ж усё застаецца.
Калі прадстаўнікоў апазыцыі затрымліваюць і судзяць за тое, што яны нібыта лаяліся матам, а гэтыя людзі вернікі, маюць вышэйшую адукацыю і ніколі ў жыцьці мат не ўжываюць, а іх судзяць менавіта за гэта. Зразумела, што тут нехта кажа няпраўду. І гэта тычыцца найперш тых супрацоўнікаў, якія сьведчаць, што людзі мацярыліся. Дзяўчаты, хлопцы – усе ў апазыцыі ў нас матам лаюцца. І вось гэты асадак нязгоды з несправядлівасьцю, ён жа застаецца! На душы ў чалавека застаецца і можа вылівацца вонкі, як у дадзеным выпадку. Куды ж ад гэтага падзецца? Але наколькі можа быць аб’ектыўнае гэтае меркаваньне – можа паказаць толькі сьледзтва”.
На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка звольніў Дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана і кіраўніка сваёй адміністрацыі Генадзя Нявыгласа. Фармулёўка – за бязьдзейнасьць, якая прывяла да выбуху на канцэрце з нагоды Дня незалежнасьці. Афіцыйныя мэдыі практычна ў адзін голас заяўлялі, што ліквідацыя наступстваў надзвычайнага здарэньня адбылася дзякуючы кіраўніку краіны, які асабіста зьявіўся на месцы выбуху і непасрэдна кіраваў дапамогай пацярпелым. Ці павінны вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі знаходзіцца ў эпіцэнтры як масавых акцыяў так і вялікіх канцэртаў? Якая роля ў падзеях ночы 4 ліпеня Аляксандра Лукашэнкі?
***
Звальняючы вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што больш за іх ведае пра здарэньне, а Дзяржсакратара на мерапрыемстве нават у полі зроку не было відаць. Старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін мяркуе, што ні Шэйман, ні Нявыглас фармальна не адказвалі за бясьпеку на сьвяце 3 ліпеня, а адказнасьць ляжала на плячах менскай міліцыі ды іншых сілавых органаў. Пра пытаньне прысутнасьці на масавых імпрэзах вышэйшых кіраўнікоў сваё меркаваньне выказвае старшыня А’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
“Калі адбываюцца падобныя здарэньні, то, канечне, прынята ў міжнароднай практыцы, што кіраўнік дзяржавы прыпыняе свой афіцыйны візыт ці паездку за межы краіны, каб вярнуцца назад і ў гэты складаны час быць разам зь людзьмі. Гэта, у прынцыпе, агульная практыка. Не прынята толькі даваць парады спэцыялістам і прафэсіяналам. Паказваць і тыкаць пальцам, што павінныя рабіць прафэсіяналы. Я думаю, гэта на сябе ня возьме ніводзін кіраўнік цывілізаванай краіны. Але ж у нас гэта ня проста падзея. У нас гэта піяр-кампанія. І гэтае сьвята, я ня ведаю, чаму больш было прысьвечанае – вызваленьню Беларусі ад фашыстаў, ці асобе Лукашэнкі? Таму на такіх імпрэзах ён сам і прысутнічае”.
Камэнтуючы надзвычайнае здарэньне ўначы 4 ліпеня, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што непасрэдна спускаўся ў яміну, якая ўтварылася на месцы выбуху. Дзяржаўныя мэдыі вуснамі журналістаў і чыноўнікаў розных узроўняў неаднаразова падкрэсьлівалі, што дзякуючы прысутнасьці прэзыдэнта ў эпіцэнтры падзеяў і ягоным распараджэньням дапамога пацярпелым была хуткай і кваліфікаванай. Ролю Лукашэнкі ў гэтых падзеях камэнтуе палітык Мікола Статкевіч:
“У гэтай сытуацыі ацэньваю ягоную ролю як не зусім маральную. Гэта ўрок маралі для грамадзтва: ляжаць параненыя людзі, на асфальце кроў, а натоўп, які нічога ня бачыць, працягвае таньчыць. Хаця б проста з павагі да гэтых пакут, да чалавечай крыві варта было б спакойна ўсё гэта спыніць. Бяз крыку і гвалту абвесьціць гэты канцэрт завершаным, магчыма, нават без тлумачэньня прычын. Але ў нас любы крок і любы правал кіраўніка абвяшчаецца перамогай. Гэта тэндэнцыя любой аўтарытарнай краіны. Правадыр што б ні зрабіў, які промах ні дапусьціў, ён – герой”.
Першымі падазраванымі ў крымінальнай справе аб выбуху 4 ліпеня сталі былыя сябры Беларускага Згуртаваньня вайскоўцаў і патрыятычнай арганізацыі “Белы легіён”. Ператрусы адбыліся на кватэрах некаторых актывістаў апазыцыі. Аналітыкі заяўляюць, што ўлады гэткім чынам спрабуюць выкарыстаць трагічныя падзеі ў сваіх палітычных мэтах. Ролю Лукашэнкі і ягонай улады камэнтуе палітоляг Аляксандр Класкоўскі:
“Варта адзначыць, што кіраўнік краіны ўсё ж быў вельмі ўражаны гэтым выбухам, што адчувалася праз танальнасьць нарады. Разам з тым, як дасьведчаны палітык, які інтуітыўна адчувае, што зь любой сытуацыі можна выціснуць нейкі станоўчы піяр, адбылося звычайнае пазыцыянаваньне – маўляў, ёсьць кіраўнік, які ўсё ведае лепш за сваіх падначаленых. Ён іх бэсьціць і на гэтым тле выглядае, што менавіта ён, як заўжды, найпершы абаронца інтарэсаў народу. У прыватнасьці, тых, хто быў на гэтым сьвяце і ў шырэйшым сэнсе – ўсяго народу.
Гэты піяраўскі ход вельмі эфэктыўны, хоць, канечне, калі задумацца, дык узьнікае пытаньне: ці добра, калі першая асоба, як ён казаў, мусіць лезьці ў гэтую яміну ад выбуху? Ёсьць жа сілавыя структуры, гэтулькі грошай у іх укладзена. І разам з тым атрымліваецца, што яны ня могуць працаваць на аўтамаце, гэта значыць – прафэсійна выконваць свае функцыі кожны на сваім месцы. У нас гэтага няма і гэткім чынам сыстэма ручнога кіраваньня па-ранейшаму дзейнічае”.
Як мусіў у надзвычайнай сытуацыі паводзіць сябе Аляксандар Лукашэнка? Ці была аб’ектыўная неабходнасьць кіраўніку краіны ісьці ў эпіцэнтар надзвычайных падзеяў, і ўжо там кіраваць працай мэдыкаў, спэцслужбаў, сваіх падначаленых? Хіба дзеля таго, каб потым выслухоўваць камплімэнты на свой адрас – маўляў, прэзыдэнт ня толькі выбітны палітык, але і “клясны опэр”. Прынамсі так выказаўся падчас ток-шоў “Выбар” на тэлеканале ОНТ на адрас Лукашэнкі сэнатар і былы міліцыянт Мікалай Чаргінец. Сытуацыю камэнтуе Мечыслаў Грыб:
“Цяжка даваць нейкую ацэнку паводзінам Аляксандра Лукашэнкі. Відавочна, самі абставіны прымусілі яго пайсьці на гэта. Але ўсе гэтыя мерапрыемствы, у тым ліку і эвакуацыя, мусяць адбывацца ў адпаведнасьці з плянам, які павінен быць распрацаваны і зацьверджаны. Быў гэты плян ці ня быў, але я мяркую, што ён абавязкова павінен быць. І я ня думаю, што гэтым плянам прадугледжаны ўдзел у падобных мерапрыемствах прэзыдэнта. Наогул гэта мог на сябе браць міністар унутраных справаў, яго намесьнік, старшыня КДБ ці нехта іншы – разьбіраць усе наступствы.
Ну, а тое, што кажуць адносна Лукашэнкі? Ня выключана, што бальшыня гэтых выказваньняў маюць мэркантыльны характар, каб неяк дагадзіць, пахваліць, атрымаць потым знак увагі на свой бок. Не хачу ні з кім спрачацца, але лічу, што ў гэтых здарэньнях прэзыдэнт не павінен прымаць удзел. Тым больш, што была небясьпека непасрэдна для яго жыцьця. Нельга так рабіць, гэта супярэчыць інструкцыям па ахове прэзыдэнта. Калі іх не выконваць, тады ўся сыстэма аховы прэзыдэнта траціць сэнс, на які яна закладзена. Кожны павінен рабіць сваю справу, у тым ліку і займацца эвакуацыяй. Усё павінна быць распрацавана, нават з улікам верагоднасьці выбухаў. Павінна быць прадугледжана ўсё ў адпаведнасьці з плянам. У адпаведнасьці з плянам і трэба было дзейнічаць. А як яны там дзейнічалі, мы можам рабіць ацэнку, толькі чуючы іх ацэнкі – самі нічога ня бачыўшы і дакумэнтаў не чытаўшы”.

Над перадачай працавалі: Ігар Карней, Уладзімер Глод, Галіна Абакунчык, Алег Грузьдзіловіч, Іна Студзінская, Юлія Рымашэўская
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG