Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэрсія выбуху: спадчына Б.Патаркацышвілі і арышт Э.Зэльцэра


У мяне ўзьнікла яшчэ адна цікавая вэрсія выбуху, якая зьяўляецца ў пэўным сэнсе канкрэтызацыяй ранейшай гіпотезы. Сэнс яе просты – арыштам Эмануіла Зэльцэра, амэрыканскага адваката, калі не ключавога, то важнага ўдзельніка ў судовай справе аб падзеле спадчыны грузінскага мільярдэра Бадры Патаркацышвілі, Аляксандар Лукашэнка вельмі істотна папсаваў чыіюсьці наладжаную схему, замахнуўся на вельмі значныя грашовыя інтарэсы. Спадчына Патаркацышвілі, паводле розных крыніц, вымяраецца сумай ад 1 да 13 мільярдаў даляраў. Нават калі бліжэй да ісьціны першая лічба, гэта ўсё роўна дастаткова значныя грошы, каб “дзелавыя людзі”, якія на іх прэтэндуюць, пайшлі на многае, каб іх атрымаць ці каб адпомсьціць таму, хто атрымаць гэтыя грошы ім ня даў. Для ўяўленьня пра тое, наколькі рашучыя людзі, аб якіх ідзе гаворка, варта прачытаць запіс размовы самога Патаркацышвілі з адным з кіраўнікоў грузінскага МУС Іракліем Кодуа.

Там апальны алігарх у дэталях абмяркоўвае з суразмоўцам плян ваеннага перавароту ў Грузіі. Верыць гэтаму запісу неабавязкова, але і тое, што гэта заведамая фальшыўка, таксама невідавочна. Прэтэндэнты на спадчыну настолькі рашучага чалавека могуць быць людзьмі ня менш адчайнымі.

Дарэчы, ізноў жа паводле інфармацыі, якую цяжка спраўдзіць, незадоўга да размовы з Кодуа самога Патаркацышвілі размову з гэтым старшым афіцэрам грузінскага МУС меў кіраўнік перадвыбарчага штабу Патаркацышвілі на выбарах прэзыдэнта Грузіі Валер Гелбахіяні. А пазьней, што яшчэ цікавей, ён па чутках знайшоў сабе прытулак здагадваецеся дзе? Правільна, у Беларусі. Пра тое, што ў нябожчыка-грузінскага мільярдэра былі пэўныя інтарэсы і маёмасьць у Беларусі, казаў ягоны “закляты сябра” Барыс Беразоўскі.

Ну, хай сабе гэта ня больш, чым чуткі ці інсінуацыі. Але таксама менавіта ў Беларусь у разгар разбіральніцтва справы аб спадчыне Патаркацышвілі чорт ведае зь якой патрэбай ляцеў адвакат Эмануіл Зэльцэр і менавіта там быў арыштаваны, як толькі сышоў з самалёта.

Усе гэтыя факты разам з чуткамі дазваляюць выказаць асьцярожную гіпотэзу, што Менск быў (ці стаў) у валтузьні вакол спадчыны Патаркацышвілі далека не староньнім назіральнікам.

Такім чынам, ёсьць некалькі складнікаў: ёсьць велізарны куш, ёсьць людзі, якія на яго прэтэндуюць і гіпатэтычна гатовыя на рашучыя дзеяньні, калі іх інтарэсы закранутыя, рызыка для гэтых людзей пайсьці на такія дзеяньні ў Беларусі ня надта вялікая – яны не жывуць у Беларусі і не зьяўляюцца грамадзянамі ні яе, ні, хутчэй за ўсё, Расеі. Ну, і зноў жа, ёсьць Лукашэнка, які гіпатэтычна гэтыя самыя інтарэсы арыштам Э.Зэльцэра вельмі моцна закрануў. Праўдападобна?

“Каму выгадна?”, – гэтае пытаньне задаюць зараз у сувязі з выбухам 3 ліпеня хіба ўсе. У вэрсіях няма недахопу. Але амаль усе яны, калі паглядзець аб’ектыўна, не вытрымліваюць выпрабаваньня калькуляцыяй выйгрышаў і пройгрышаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG