Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт рэлігій абвяргае падпісаньне канкардату


Пры канцы траўня Ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка заявіў, што рыхтуецца падпісаньне канкардату з Ватыканам. Ці можна чакаць, што адмысловае пагадненьне паміж дзяржавамі, якое рэгулюе перадусім рэлігійныя пытаньні, падпішуць ужо ў часе візыту ў Беларусь дзяржсакратара папы Бэнэдыкта XVI, кардынала Тарчызыё Бэртонэ?

26 траўня афіцыйныя СМІ працытавалі Ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гуляку, які на выязной калегіі ў Горадні заявіў, што рыхтуецца падпісаньне канкардату паміж Рэспублікай Беларусь і дзяржавай Ватыкан. Аднак высьвятляецца, што пэрспэктывы пагадненьня не зусім акрэсьленыя. Прынамсі калі Радыё Свабода пацікавілася ў прадстаўніка Камітэту ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Міхаіла Рыбакова — ці верагоднае падпісаньне канкардату ўжо ў часе візыту кардынала Тарчызыё Бэртонэ — той адказаў:

“Па-першае, вырашэньне такіх пытаньняў не ўваходзіць у маю кампэтэнцыю. А па-другое, наўрад ці гэта магчыма, паколькі канкардат падпісваецца зусім на іншых умовах. Усё гэта прыдумалі журналісты і самі ж гэтую тэму раскручваюць. Гуляка такога не заяўляў”.

Калі сыходзіць з практыкі ранейшых пагадненьняў Ватыкана, дакумэнт замацоўвае прававыя нормы стасункаў паміж дзяржавамі ў самых розных пытаньнях, перадусім рэлігійных. Што ўвогуле сабой уяўляе канкардат — тлумачыць прадстаўнік сакратарыяту Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Аляксандар Амяльчэня:

“Канкардат — гэта дакумэнт, які ў дадзеным выпадку рэгулюе адносіны Ватыкана і дзяржавы пад назвай Беларусь. Рэгулюе перш за ўсё пытаньні рэлігійныя, адносіны дзяржавы і касьцёлу ў канкрэтнай краіне. Што тычыцца каталіцкага касьцёлу на Беларусі, то ён адкрыты да падпісаньня канкардату. Герархі лічаць, што гэты дакумэнт патрэбен, што патрэбна вызначыць менавіта шляхі, якія маглі б дапамагчы разьвівацца касьцёлу тут і нейкім чынам падкрэсьліць існаваньне і дзейнасьць касьцёлу ў сфэры рэлігійнай, сацыяльнай. Сапраўды, гэта даволі ўнікальны дакумэнт. Гэтыя дакумэнты падпісаныя з многімі кранамі сьвету, Эўропы. У прыватнасьці, з нашымі суседзямі: у Польшчы, у Літве існуе такі дакумэнт. Але сытуацыя ў Беларусі ўнікальная, і таму гэты канкардат, калі ён будзе мець месца, сапраўды будзе ўнікальным дакумэнтам у тым сэнсе, што ён будзе закранаць такія рэчы, якія, магчыма, у іншых краінах папросту не існуюць”.

Ад сярэдзіны 1990-х з каталіцкай царквой у кіраўніцтва Беларусі дачыненьні складваліся няроўна. Перадусім з той прычыны, што сярод ксяндзоў нямала польскіх сьвятароў, у выніку чаго касьцёл нібыта спрыяе “апалячваньню” беларусаў. Нямала фактаў высылкі сьвятароў, якія займаліся рэлігійнай дзейнасьцю на тэрыторыі Беларусі нібыта “незаконна”. Улады ўзаконілі працэдуру рэгістрацыі і абавязковага ўзгадненьня працы сьвятароў, калі яны не грамадзяне Беларусі. Па-ранейшаму праблематычным застаецца вяртаньне храмаў, якія ў часы нацыяналізацыі па-савецку былі пераабсталяваныя пад дзяржаўныя патрэбы.

Адзін з тыповых прыкладаў — змаганьне вернікаў-каталікоў за касьцёл сьвятога Язэпа ў Менску. Штодня цягам трох гадоў пасьля вечаровага набажэнства Івона Мацукевіч ідзе да касьцёла, яе малітвы скіраваныя на вяртаньне храма. Пры канцы 2007 году старшыню камітэту парафіі сьвятога Язэпа спадарыню Мацукевіч уганаравалі прэміяй ініцыятывы “Хартыя-97” у намінацыі “За абарону правоў чалавека і хрысьціянскіх каштоўнасьцяў”. Ці ёсьць у вернікаў спадзеў на візыт кардынала Тарчызыё Бэртонэ?

“Гэта ж візыт на запрашэньне нашай улады, нават ня нашага арцыбіскупа. Таму сустрэчы з прэзыдэнтам, вышэйшымі чыноўнікамі ва ўладзе будуць. Пра што там будуць гаварыць — цяжка сказаць. Будзем бачыць ужо пасьля таго, як абвесьцяць нейкія вынікі. Але пакуль вісім у паветры і ня ведаем, што далей з намі будзе”.

Карэспандэнт: “Але ж пэўна, што кіраўніцтва касьцёлу на Беларусі будзе гэтую тэму ўздымаць?”

“Кіраўніцтва касьцёлу будзе гэтае пытаньне ўздымаць абавязкова. Нядаўна была канфэрэнцыя ў сувязі з 500-годзьдзем першай сьвятыні ў Менску — Траецкага касьцёлу. Там гэтае пытаньне таксама некалькі разоў уздымалася, у тым ліку на ўзроўні Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры. Таксама гаварылі, што гэта каталіцкі касьцёл. Усё ў руках Божых, як пакіруе — так і будзе”.

У Беларусі дамінантнай рэлігіяй лічыцца праваслаўе. Кіраўнікі краіны на вялікія рэлігійныя сьвяты наведваюць царкву, а ў 2006 годзе патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт быў уганараваны званьнем Героя Беларусі. Яшчэ ў 1990-х дзяржава падпісала зь Беларускай праваслаўнай царквой адмысловыя пагадненьні аб супрацоўніцтве. Існуюць аналягічныя дамовы на ўзроўні нават асобных ведамстваў. Гэта ня толькі структуры агульнай гуманітарнай скіраванасьці, але нават сілавыя ведамствы, сярод якіх — МУС, Міністэрства абароны, памежны і мытны дзяржкамітэты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG