Самагонам у культурна-пазнавальны комплекс зьбіраюцца завабіць турыстаў. Алькагольны напой мясцовая разьліву пакуль ня мае назвы. Вядома, што ягоная моц будзе прыблізна пяцьдзесят пяць градусаў. Кажуць, што самагонны апарат распрацаваны самой Акадэміяй навук.
“Якая беларуская вёска без самагону? Было ж такое рамяство, праўда. Млын у нас будзе дзейным і самагон. Асноўныя рамёствы адраджаць трэба. Самагон жа быў, таму натуральна трэба й яго”, патлумачыў супрацоўнік культурна-пазнавальнага комплексу.
Самагонны апарат ужо выстаўлены , але самагонку пакуль не прадаюць -- ня ўсе дакумэнты атрыманыя. Колькі будзе каштаваць мясцовая самагонка й па колькі яе будуць адпускаць у адны рукі супрацоўнік не сказаў, аднак запэўніў, што яна будзе якаснай.
На тэрыторыі культурна-пазнавальнага комплексу знаходзіцца стылізаваная беларуская вёска дзевятнаццатага стагодзьдзя. Тут узьведзеныя сядзібы каваля, цесьляра, пекара ды ганчара. Побач дзіцячы забаўляльны парк атракцыёнаў, а насупраць мэмарыяльны комплекс абаронцаў Магілёва ад фашыстаў “Буйніцкае поле”.
У магілёўскім этнаграфічным музэі задуму гнаць самагонку ў “беларускай вёсцы дзевятнаццатага стагодзьдзя” называюць недарэчнай:
“У нас у Беларусі моцныя напоі, накшталт самагону, да пачатку дваццатага стагодзьдзя не рабілі. Можна сказаць, што зьмена настала пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Я думаю, што гэта зьвязана з тым, што парушылася вытворчасьць прамысловая з-за вайны. А гэтым некаму трэба было займацца. Вось і гналі ...”
Паводле супрацоўніцы, беларускія сяляне дзевятнаццатага стагодзьдзя пілі медавуху ды іншыя алькагольныя настойкі.
Магілёўцы да задумы супрацоўнікаў культурна-пазнавальнага комплексу маюць супрацьлеглыя меркаваньні: Вось найбольш характэрныя:
Спадарыня: “Ну й хай сабе. І дзяды пілі гэтую самагонку й прадзеды й бацька піў. Так, што я , вясковая, думаю, што гэта наш напой”.
Спадарыня: “Мне не падабаецца гэтая задума з самагонкай. Мне наогул падаецца, што самагонка не беларускі напой. Такое месца, дзе зь дзецьмі можна пагуляць пераўтвараюць у месцы, дзе п’юць сьпіртовыя напоі на прыродзе”.
Магілёўскі мэдык Васіль Аўрамэнка лічыць запэўніваньні супрацоўнікаў комплексу ў тым што іх самагонка будзе якасна несур’ёзнымі:
“Якасьць самагону ня дужа кантралюецца, таму можа атрымацца вельмі нізкаякасны прадукт. Ён акрамя этылавага сьпірту будзе ўтрымліваць сівушныя алеі, ды іншыя шкодныя рэчы, якія пагаршаюць узьдзеяньне алькаголю на арганізм”
Васіль Аўраменка сумняваецца ў вялікія эфэкце самагону на турыстаў:
“Можа быць нехта й адгукнецца на гэта, але я ня думаю, што вялікая плынь людзей будзе цягнуцца за гэтым напоем. Гэта ўжо было, гэта ўжо паўтор нейкі. Гэта не настолькі сьвежы ход турыстычны, каб прывабіць людзей”.