Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Перагаварылі, але коратка”


Падчас нефармальнага саміту СНД у Пецярбургу не адбылося двухбаковай сустрэчы паміж прэзыдэнтамі Расеі і Беларусі Дзьмітрыем Мядзьведзевым і Аляксандрам Лукашэнкам.


Учора ўвечары Аляксандар Лукашэнка вярнуўся ў Менск.

Дзьмітры Мядзьведзеў упершыню як кіраўнік краіны ўзяў удзел у саміце СНД. Перад пленарным пасяджэньнем прайшлі яго двухбаковыя сустрэчы з прэзыдэнтамі Малдовы, Туркмэністану, Азэрбайджана, Узбэкістана, Украіны, Грузіі, Армэніі. З прэзыдэнтам Казахстану ён сустракаўся пад час нядаўняга візыту ў Астану.

Сустрэчы ў Пецярбурзе, дзе праходзіць міжнародны эканамічны форум, працягваліся й сёньня – да прыкладу, з прэзыдэнтам Кіргізіі. Паводле памочніка расейскага прэзыдэнта Сяргея Прыходзькі, прапрацоўвалася й пытаньне сустрэчы Мядзьведзева з Лукашэнкам. Аднак такая асобная сустрэча не адбылася. Учора Лукашэнка вярнуўся ў Менск.

Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі патлумачыў:

“Двухбаковых сустрэчаў спэцыяльна арганізавана не было. Прэзыдэнты між сабой перагаварылі, але коратка. І яшчэ пад час кантактаў. Часу было дастаткова, у тым ліку і пад час рабочага абеду, і я не выключаю, што нейкія размовы, перамовы меліся”.

На пытаньне, ці дасягнутая дамоўленасьць пра візыт Мядзьведзева ў Менск альбо Лукашэнкі ў Маскву, спадар Лёгкі адказаў:

“Пакуль ня буду гаварыць, мяркуючы, што будзе крыху заўчасна распаўсюджваць інфармацыю, якую я маю. Пакуль устрымаюся”.

Паводле маскоўскага палітоляга Андрэя Суздальцава, яшчэ раней кіраўніцтва Расеі прапанавала Лукашэнку разабрацца ў сабе. Бо ёсьць пытаньне датацый, зьвязаных з інтэграцыяй. Паводле спадара Суздальцава, Расея чакае прапановаў ад Лукашэнкі адносна саюзнага праекту.

“Гэта вельмі жаласна выглядала, калі ён аб’явіў сябе сябрам Мядзьведзева. Гэта было як палітычнае кленчаньне. Гэта тое самае, каб Кім Чэн Ір аб’явіў сябе сябрам Джорджа Буша. Ну, а ты спытаў Мядзьведзева, ці хоча ён з табой сябраваць? Чыста эмацыйна гэта ў Крамлі было ўспрынята дрэнна”.

Тэмай наступнага году для СНД вызначана энэргетыка. Беларускі бок прапануе між іншым выпрацаваць прынцыпова новыя праекты транспартыроўкі энэргарэсурсаў. Пад час перамоваў з украінскім прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам Мядзьведзеў заявіў, што ад наступнага году газ для Ўкраіны можа падаражаць удвая.

Паводле расейскіх мэдыяў, Кіеву прапанавана плаціць 400 даляраў за тысячу кубамэтраў. Тым часам “Газпром” мяркуе падвысіць цану на газ для Беларусі да 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Гэта гранічны кошт, які разглядаецца на перамовах зь беларускім бокам.

Эканамічны аглядальнік газэты “Беларусы і рынак” Тацяна Манёнак сказала:

“Мы бачым, што Расея зноў выкарыстоўвае свой асноўны козыр – газавы, каб націснуць на рашэньне нейкіх палітычных праблемаў, якія існуюць паміж Украінай і Расеяй. Што да Беларусі, то пакуль называць нейкія лічбы яшчэ заўчасна. Пакуль сфармаваны праект бюджэту на будучы год, і там закладзена 160 даляраў за тысячу кубамэтраў. І будуць вельмі складаныя перамовы. Будзе ісьці гандаль за тыя аб’екты ўласнасьці, якія цікавыя і таму ж “Газпраму” і яго даччыным прадпрыемствам”.

Чарговы саміт кіраўнікоў краінаў СНД заплянавана правесьці 26 верасьня 2008 году ў Бішкеку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG