Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежных інвэстараў пужае беларуская бюракратыя


У Менску прайшоў інвэстыцыйны форум, мэта якога – стварыць спрыяльныя ўмовы для інвэстыцыйнай дзейнасьці і сфармаваць станоўчы імідж Беларусі за мяжой.

У першы дзень працы Кансультатыўнай рады па замежных інвэстыцыях пры Савеце міністраў ахвотных не набралася нават каб запоўніць канфэрэнц-залю Нацыянальнай бібліятэкі. Перад пачаткам пасяджэньня для масавасьці прывезьлі некалькі аўтобусаў са студэнтамі ВНУ з гаспадарчым профілем навучаньня.

Аднак прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі перакананы, што ў краіны добрыя інвэстыцыйныя пэрспэктывы. Сёлета ўрад маецца асвоіць больш за 17 мільярдаў даляраў, за наступныя пяць гадоў гэтая лічба мусіць перавысіць 80 мільярдаў. Пры тым, што за папярэднюю пяцігодку сума замежных укладаньняў не перавысіла і 20 мільярдаў даляраў. Ці падмацаваны ўрадавы аптымізм?

«Рэальнае паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі і дасягненьне агульнай мэты – увайсьці ў лік краінаў з найлепшымі ўмовамі вядзеньня бізнэсу – зьяўляюцца галоўнымі задачамі беларускага ўраду. Тэмпы разьвіцьця беларускай эканомікі, рост валавога ўнутранага прадукту ня меней за 8-10% на год, дастаткова збалянсаваны бюджэт краіны дазваляе нам у апошнія 4-5 гадоў рабіць дастаткова ўпэўненыя крокі на стварэньне спрыяльных умоваў інвэставаньня ва ўсе сэгмэнты беларускага рынку – гэта і прамысловыя прадпрыемствы, аграрны сэктар, малы і сярэдні бізнэс, сфэра паслугаў, уключна з турыстычнымі паслугамі», – кажа Сяргей Сідорскі.
Увайсьці ў лік краінаў з найлепшымі ўмовамі вядзеньня бізнэсу – галоўная задача беларускага ўраду.

Аднак некаторыя ўдзельнікі інвэстыцыйнага форуму сьведчаць пра недасканаласьць беларускай мадэлі ў пераходны пэрыяд. Прэзыдэнт бэльгійскай кампаніі «Internationale Soint Industries” Навум Фураш лічыць, што Беларусь арганізацыйна не зусім гатовая да прытоку замежных інвэстыцыяў. Пры тым, што нібыта абвешчаны курс на лібэралізацыю эканомікі, занадта шмат бюракратычных перашкодаў на шляху дзелавых людзей, якія прызвычаіліся лічыць час і грошы:

“Існуе шэраг фактараў, якія істотна стрымліваюць прыток інвэстыцыяў у краіну. Неабходна як мага хутчэй пераходзіць да міжнародных прававых стандартаў у стварэньні інвэстыцыйных пагадненьняў. Можа нават распрацаваць тыпавую інвэстыцыйную дамову з дакладным вызначэньнем правоў і абавязкаў як інвэстараў, так і Рэспублікі Беларусь. Сёньня працэдура ўзгадненьня інвэстыцыйных пагадненьняў надзвычай складаная і нагрувашчаная.

Міністэрствы і ведамствы вельмі часта дублююць адзін аднаго і не заўсёды пры гэтым маюць адзінае меркаваньне. Напрыклад, прававую ацэнку інвэстыцыйных дамоваў даюць Мінэканомікі, Мін’юст, прававое ўпраўленьне апарату Саўміна і Галоўнае арганізацыйна-прававое ўпраўленьне адміністрацыі прэзыдэнта. Часта думкі розных міністэрстваў і ведамстваў не супадаюць, і патэнцыйнаму інвэстару даводзіцца ўсё ўзгадняць, знаходзячы кампрамісы паміж органамі дзяржкіраваньня”.
Працэдура ўзгадненьня інвэстыцыйных пагадненьняў надзвычай складаная і нагрувашчаная.

У часе папярэдніх інвэстыцыйных форумаў гучалі заявы пра неабходнасьць так званай амністыі капіталаў, якія колісь былі выведзеныя з Беларусі і цяпер працуюць на карысьць іншых нацыянальных эканомік. Сёлета пра гэта ня ўзгадвалі.

Былы старшыня Беларускай фондавай біржы і кіраўнік банка «Эўрапейскі», дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Валерый Кругавы, якому ў 2001 годзе Польшча дала палітычны прытулак (беларускімі спэцслужбамі ён вышукваўся нібыта за невяртаньне крэдытаў) ні ў якую бізнэс-амністыю ня верыць. Апроч таго, ён сумняецца ў эфэктыўнасьці самой Кансультатыўнай рады па замежных інвэстыцыях пры Саўміне, якую, паводле Кругавога, стварылі, а скасаваць забыліся:

“Гэта структура, якая нічога не вырашае, нічога ня ведае і нічога ня робіць. Пустая фармальнасьць, якую калісьці стварылі, і папросту няма часу яе зачыніць. Толькі і ўсяго. Выдаюць раз-пораз нейкія заявы, але, калі вы інфармаваныя, то гэта камісія насамрэч – пусты гук. Далей нават тлумачыць няма сэнсу, не хачу проста ваш час траціць... А ўсе размовы пра магчымую амністыю капіталу, які з розных прычынаў сышоў з Беларусі, дык колькі тут жыву, ужо 3-4 гады дакладна гэтыя размовы чую. Але гэта ўсё абсалютна пустыя размовы – не было гэтага і ніколі ня будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG