Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпэтытарства: школьнікі - "за", міністэрства "супраць"


У школьнікаў пачаліся выпускныя іспыты. Праз некалькі дзён пачнецца цэнтралізаваная тэставаньне. Чаму зараз многія лічаць, што без дапамогі рэпэтытара выпускнік школы ня можа паступіць у ВНУ?


Рэпэтытар – гэта індывідуальны настаўнік

Хатнія настаўнікі, гувэрнёры зьявіліся задоўга да таго, як адкрыліся першыя школы і гімназіі. Нават у вельмі інтэлігентныя і адукаваныя сем’і, дзе маці размаўляла на некалькі мовах, грала на фартэпіяна, малявала і вучыла гэтаму сваіх дзяцей, запрашалі хатніх настаўнікаў. Зь клясыкі мы ведаем, як Фамусаў з “Гора ад розуму” запрашаў рэпэтытараў “числом поболее, ценою подешевле», рэпэтытарствам падпрацоўваў студэнт Радыён Раскольнікаў. У Коласаўскай “Новай зямлі” “дарэктар” – той самы рэпэтытар...

Потым стала лічыцца, што савецкая школа дае вучню ўсе неабходныя веды, і ніякіх дадатковых заняткаў яму не патрабуецца. І толькі недзе пры канцы 60-х гадоў пачаліся паўлегальныя рэпэтытарскія заняткі. Зараз кожная рэклямная газэта стракаціць абвесткамі: навучу, падрыхтую да паступленьня ў ВНУ, да здачы тэстаў. Кожны другі школьны настаўнік альбо выкладчык ВНУ мае вучняў.

Былы выкладчык матэматыкі Магілёўскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Міхась Булавацкі зараз на пэнсіі, і зарабляе менавіта рэпэтытарствам. Зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік у сфэры адукацыі. Плаціць падатак – 20 эўра ў месяц. Практыкуе ўжо каля 20 гадоў:

“Я пачаў гэтым займацца ўжо пасьля распаду Савецкага Саюзу. Пачалі ўзьнікаць фінансавыя праблемы. Ну а потым, калі я зразумеў, што я ня проста вырашаю свае фінансавыя праблемы, а яшчэ і камусьці дапамагаю, разумнаму чалавеку, якога не давучылі ў школе, то я пачаў задумвацца: а як гэта рабіць лепш?”


У школе не даюць тых ведаў, якія патрабуюць на тэстах

На думку рэпэтытара Міхася Булавацкага, у сыстэме адукацыі вельмі шмат праблем. Не заўсёды самі дзеці сур’ёзна ставяцца да вучобы. Асабліва, калі ў іх недавер да настаўніка як да чалавека, які перарастае ў недавер да дысцыпліны. І тады бацькі вымушаныя шукаць іншага настаўніка, якому дзіця будзе давяраць і вучыць прадмет. Але ёсьць і праблемы ў выкладаньні прадмету. Пытаюся, за колькі часу можна школьніка навучыць такому складанаму прадмету, я матэматыка:

“Калі ў чалавека нармальны розум, то я бяруся яго за два гады вывесьці на нармальны ўзровень. Два гады дастаткова мне. Мы зь ім паўторым ўсю школьную праграму. Займаюся я раз на тыдзень, па дзьве акадэмічныя гадзіны. На мой погляд, школьная матэматыка павінна разьвіваць розум чалавека, але яна у школе пастаўлена так, што хутчэй не разьвівае, а затарможвае”.

Міхась Булавацкі лічыць, што працаваць трэба сумленна, інакш да цябе ня пойдуць вучні. Не абяцаць, што твой вучань абавязкова паступіць, а казаць сумленна, на што ён згодны.

Карэспандэнтка: “Вы бярэце ўсіх альбо выбіраеце вучняў? Ёсьць жа дзеці, ня здольныя да матэматыкі, а бацькі настойваюць...”

“Калі бацькі настойваюць, то пасьля некалькіх заняткаў, пабачыўшы здольнасьці чалавека, я проста распавядаю бацькам, што я магу з гэтым вучням зрабіць. Што змагу падрыхтаваць яго да школьнага экзамэну на 5 – 6 балаў, больш не змагу. Калі прыходзіць чалавек выпускной клясы і хоча паступаць у нейкі прэстыжны ўнівэрсытэт, для гэтага трэба высокі бал на тэстах зарабіць, і пасьля некалькіх заняткаў я бацькам паведамляю, колькі ён можа зарабіць пры стараннай працы зь яго боку”.

Зараз лічыцца, што без дапамогі рэпэтытара дзіця ня здолее пасьпяхова здаць школьныя іспыты, тэсты, ня кажучы ўжо пра паступленьне ў ВНУ. Ці зьяўляецца рэпэтытарства неабходным? Спадарыня Ірына, сын якой займаецца ў рэпэтытараў матэматыкай і беларускай мовай, перакананая:

“Калі хочаш, каб тваё дзіця паступіла ў ВНУ, абавязкова трэба зьвяртацца да рэпэтытараў. Вось зараз ідуць іспыты, тэсты – там такія пытаньні, якія ў школе ўвогуле не даюцца. У мяне наагул такоў уражаньне, што школа і рэпэтытары нейкую дамову заключылі, каб бацькі зьвярталіся да рэпэтытараў. У школе не даюць тых ведаў, якія патрабуюць на тэстах”
.

Праграмы школы і ВНУ ня ўзгодненыя паміж сабой

Алесь Лозка – старшыня Таварыства беларускай школы і адначасова выкладчык Пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Таму ведае праблему з абодвух бакоў

“Так, без рэпэтытара немагчыма абысьціся. Трэба пэўная падрыхтоўка нават выдатніка. У нас наагул праграмы ня ўзгодненыя паміж сярэдняй школай і ВНУ. Вучэбныя пляны школ, спэцыяльных сярэдніх установаў, коледжаў, унівэрсытэтаў ня ўзгодненыя паміж сабой”.

Раней бацькі зьвярталіся па дапамогу да выкладчыкаў менавіта таго ВНУ, куды зьбіралася паступаць іх дзіця. Маўляў, яны ведаюць патрабаваньні, якія веды неабходныя. Некаторыя нават абяцалі дапамогу пры паступленьні. Міхась Булавацкі гэта пацьвярджае:

“Яны і гарантавалі. Справа ў тым, што там не патрэбен быў вопытны рэпэтытар, а патрэбен быў рэпэтытар, які ведае, якія заданьні будуць на тым іспыце”.

Менавіта з гэтай прычыны, каб не было пратэкцыі, блату, карупцыі пры паступленьні ў ВНУ ўвялі цэнтралізаванае тэставаньне. Маўляў, веды будуць ацэньвацца аб’ектыўна. Сёлета у ВНУ адмянілі профільныя іспыты па прадметах, якія дзеці здаюць ў школе, ці па якіх пішуць тэсты. Да чаго цяпер рыхтуе школьніка рэпэтытар? Паслухаем Міхася Булавацкага:

“Хто хоча паступаць на спэцыяльнасьці, зьвязаныя з матэматыкай, рыхтуюцца да тэстаў, менавіта да тэстаў. Тут ёсьць шмат пераваг і недахопаў. Я думаю, пераваг у тэстаў больш. Менш магчымасьцяў прабіцца ня ведаючы нічога, заплаціўшы каму-небудзь. Гэта, магчыма, ня выключана цалкам, але зьменшылася. Я ўпэўнены”.

І школьныя выкладчыкі, і выпускнікі адзначаюць, што часьцяком тэсты занадта складаныя, там ёсьць пытаньні, заданьні, якія не выкладаюцца ў школе. Нават у сярэдніх спэцыяльных установах даволі дзіўныя праграмы, якія не стыкуюцца з патрабаваньнямі ВНУ, кажа выкладчык пэдунівэрсытэту Алесь Лозка:

“Навучэнец мэдычнага каледжу ня можа без усялякай падрыхтоўкі паступіць у мэдунівэрсытэт, таму што некаторых прадметаў у праграме каледжу няма. Не праходзяць, напрыклад, мову. Дый ня толькі мову. І хімію трэба дадаткова рыхтаваць, і біялёгію”.

Павінен быць адкрыты, празрысты рынак рэпэтытарства

Таму без рэпэтытарства пакуль не абысьціся. Але на гэту праблему не павінна заплюшчваць вочы дзяржава. Пакуль ўлады толькі пагражаюць ўвесьці яшчэ большы фінансавы кантроль – міністар фінансаў Мікалай Корбут заявіў, што ў 2007 годзе з-за рэпэтытатраў-нелегалаў бюджэт недаатрымаў каля 40 мільёнаў даляраў. Ходзяць чуткі, што рэпэтытары павінны будуць плаціць адзіны падатак – 45 эўра ў месяц, гэта 540 эўра ў год. (Зараз падатак – 20 эўра ў месяц). А гэта прымусіць многіх індывідуальных настаўнікаў наагул сысьці ў цень. Міхась Булавацкі кажа, што павінен быць адкрыты, празрысты рынак рэпэтытарства:

“Ёсьць людзі, якія добра рыхтуюць, ёсьць – ня вельмі добра, затое танна. Як і ў любой галіне. Гэта як рынак. Але гэты рынак павінен быць адкрыты, тады б людзі выбіралі, што ім па грашах: танна, але ня вельмі добра, альбо добра, але дорага. Гэта дзяржаўная праблема істотная”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG