Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Абразоўскі: “Гэта ня той дакумэнт, які павінна прыняць пракуратура”


Генэральная пракуратура адрэагавала на калектыўную скаргу жыхароў пасёлкаў Дружны і Сьвіслач Пухавіцкага раёну, якія напісалі, што пры плянаваньні будаўніцтва заводу па вытворчасьці ядахімікатаў была парушана Орхуская канвэнцыя аб доступе да інфармацыі і ўдзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў. Пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне кіраўніку закрытага акцыянэрнага таварыства “Аўгуст-Бел” аб недапушчальнасьці парушэньня закону.


Калектыўную скаргу ў Генпракуратуру жыхары пасёлкаў Дружны і Сьвіслач накіравалі 25 красавіка. Яны пішуць, што думку жыхароў пачалі высьвятляць пасьля таго, як пачаліся праектныя работы. Ініцыятыўная група лічыць, што ў праектнай дакумэнтацыі ёсьць шматлікія парушэньні. Завод плянуецца будаваць у санітарна-ахоўнай зоне Менскай ЦЭЦ-5, працы на зямельным участку пачаліся да атрыманьня афіцыйнага дазволу. Парушаны і некаторыя артыкулы Канстытуцыі, дзе гаворка ідзе пра ахову здароўя грамадзян і экалягічную бясьпеку.

Генэральная пракуратура правяла праверку па калектыўным звароце жыхароў Дружнага і Сьвіслачы аб парушэньнях заканадаўства закрытым акцыянэрным таварыствам “Аўгуст-Бел” і вынесла афіцыйнае папярэджаньне выканаўцу абавязкаў дырэктара ЗАТ “Аўгуст-Бел” аб недапушчальнасьці парушэньня закону.

Кіраўнік прэсавай службы Генэральнай пракуратуры Генадзь Вярцінскі патлумачыў Радыё Свабода:

“Заказчык праекту ня выканаў некаторыя свае абавязкі, у прыватнасьці, “забесьпячэньне доступу грамадзкасьці ў працэсе ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, арганізацыі і публікацыі ў СМІ заяваў аб магчымым узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе плянуемай дзейнасьці”. Але тут не ідзе гаворка пра тое, што гэтае ўзьдзеяньне ў абавязковым парадку носіць нэгатыўны альбо пазытыўны характар. Проста інфармацыя павінна быць даступна”.

Такім чынам, народ павінен ведаць, што адбываецца на ўсіх этапах праектнай дзейнасьці, пацьвердзіла пракуратура.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу ядахімікатаў Сяргей Абразоўскі сказаў, што яго рэакцыя на дакумэнт пракуратуры -- стрыманая:

“Канечне, я рады, што пракуратура прызнала права народу на інфармацыю. Але ж калі мне даюць паўтара мільёна штрафу за тое, што я пратэстую, а заводу, які парушыў заканадаўства не адзін раз, а некалькі разоў — толькі папярэджаньне, гэта сьведчыць толькі пра тое, што зноў усё спускаецца на тармазы. Дадуць магчымасьць падкарэктаваць дакумэнты, выправіць справы і працаваць далей.

Але ж гэта, на мой погляд, ня той дакумэнт, які павінна была прыняць пракуратура. Мне падаецца, што пракуратура павінна была накіраваць нейкую камісію зь юрыстаў, якія правераць, ці сапраўды правільна адведзены зямельны ўчастак, бо там знойдзецца дзясятак такіх заўвагаў!”

Мясцовыя жыхары перакананыя, што павінна быць праведзена яшчэ і незалежная экалягічная экспэртыза.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG