Дэпутаткі Вольга Абрамава й Ганна Бурава лічаць: моц законапраекту ў тым, што ён дае мэханізм вырашэньня спрэчак паміж спажыўцамі і выканаўцамі. Калі ён будзе прыняты, дык кожны жыхар зможа скарыстаць незалежную экспэртызу. І прадстаўнікі ЖЭСаў ды падобных структураў, калі захочуць аспрэчыць экспэртнае заключэньне, вымушаны будуць зьвяртацца ў суд.
Аднак, як высьветлілася на прэсавай канфэрэнцыі, новы дакумэнт фактычна не закранае шматлікіх дзяржаўных манапалістаў. А менавіта яны забясьпечваюць жыхароў вадой, газам, электрычнасьцю...
Эканаміст Міхась Залескі цьвердзіць: кардынальныя зьмены ў абслугоўваньні насельніцтва безь ліквідацыі дзяржаўнай манаполіі немагчымыя:
“Тут людзі заняліся нечым ня тым, чым трэба. Бо ёсьць спажывец паслугаў і ёсьць прадавец паслугаў. І ня трэба паміж імі нікога ставіць. І ня трэба з прадаўца рабіць маналіт. У нас зрабілі манапаліста.
І як бы мы ні круціліся з дапамогай таварыства спажыўцоў, сутнасьць ня зьменіцца.
У нас і мэдыцына так працуе, і школа, і жыльлёвая гаспадарка. Канкурэнцыі няма і ня будзе. І колькі б мы ні скардзіліся, што б ні рабілі, усё роўна гэта не дапаможа”.
Аглядальнік Кастусь Скуратовіч заўважае:
“Уся праблема пабытовага жыцьця савецкага грамадзяніна была ў тым, што яму ўсе паслугі аказвала дзяржава. І ён мог скардзіцца на іх толькі ў нейкія іншыя дзяржаўныя структуры. І гэта ніякага плёну не давала.
Гэта ж будуць зусім іншыя кошты. І з аднаго боку, гэта быццам рынак, а з другога — манаполія. А такія гібрыды нічога добрага не прыносяць
Праект новага закону падрыхтавала група дэпутатаў. Гэта – рэдкая зьява: амаль усе законапраекты паступаюць цяпер у палату альбо з ураду, альбо з Адміністрацыі прэзыдэнта. Раней, у Вярхоўным Савеце 12 і 13 скліканьня, усё было наадварот.
Удзельнік прэсавай канфэрэнцыі Анатоль Красуцкі, які працуе ў Палаце ўжо тры скліканьні запар, падаў наступную статыстыку:
“Калі ў першым скліканьні ў нас было 48 законапраектаў, якія падрыхтавалі дэпутаты, у другім — 12, дык у гэтым мы выйшлі на пару законапраектаў.
Але я лічу, што яны вельмі значныя”.