Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскія вёскі: 22 гады пасьля катастрофы (частка 2)


Паводле афіцыйных дадзеных, цяпер на тэрыторыі, дзе шчыльнасьць забруджваньня глебы цэзіям ад 15 кюры і вышэй, жывуць каля 1,3 мільёна чалавек.


Я быў напярэдадні ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёну. Яе рыхтавалі да прыезду Аляксандра Лукашэнкі, які меў адбыцца 26 красавіка. Але вялікіх спадзяваньняў на гэты візыт тутэйшыя людзі не ўскладалі. Да прыкладу, жывёлаводы Мікалай Дранчанка і
Мікалай Дранчанка
Фёдар Гарусаў
перадусім скардзіліся на нізкія заробкі:

“Дзьвесьце рублёў – гэта ж не грошы! Тры блёкі цыгарэт купіш і сто тысяч ужо няма. А праца цяжкая, бо мы – жывёлаводы”.

“Трэба ў дзень восем тон сенажу перакінуць рукамі. Плюс – сена. І за такую працу за месяц усяго атрымліваеш 200 тысяч?”.

А вось словы пра падрыхтоўку вёскі Глінішчы да візыту Лукашэнкі:

“Сюды сагналі ўсю Гомельскую вобласьць”.

“Дождж ідзе – яны фарбуюць. Зараз жа ўсё аблезе. Відавочная паказуха”.

У Хойніках тутэйшыя таксама крыўдуюць на жыцьцё. Меркаваньне Аляксея Чарнова:
Аляксей Чарноў

“Увогуле, на Хойнікі ніхто ўвагі не зьвяртае. Вось колькі Лукашэнка прэзыдэнтам, то чыноўнікі глядзяць толькі за сваёй кішэняй. Раней трэцяя частка раёну адыходзіла пад калгас імя Калініна. На сёньня гэтую гаспадарку фактычна зьнішчылі. У мясцовай “Райсельгастэхніцы” ўжо зьмяніўся трэці дырэктар за два апошнія гады. Прыяжджаюць і разбазарваюць”.

Ад 1986 году ў Хойніцкім раёне ліквідаваныя 18 прадпрыемстваў, сем калгасаў і саўгасаў. Пад адсяленьне патрапілі 6 сельсаветаў і больш як 40 вёсак. Пакінулі мясцовыя і вёску Стрэлічы. Але цяпер тут больш як паўтысячы перасяленцаў. Гаворыць адна зь іх – Сьвятлана Куўшынава з Казахстану:

“Мы шмат дзе прасіліся ў Беларусі. Але адзінае месца, дзе прынялі – гэты саўгас. Тут і цяпер найбольш уцекачоў. З Казахстану, Кіргізіі, Узбэкістану ды ўсіх іншых рэспублік СССР. У мяне тут дзеці вырасьлі. У старэйшага сына ўжо дзьве дачушкі”.
Сьвятлана Куўшынава

Перасяленец ў Стралічаве і Віктар Акманаў – адзін з кіраўнікоў сэкты пяцідзесятнікаў, які пераехаў з поўначы Расеі:

“Мне тут Бог дапамагае. Ад царквы далі кватэру.Тут прыежджыя і з Украіны, і з Казахстану, і з Расеі. Усе пазьбіраліся, але адзін другога ня любяць. Тут ёсьць маладыя хлопцы. Яны ўжо больш як дзесяць гадоў нідзе не працуюць. Называюцца беларускія бамжы. Крадуць ва ўсіх склепах. Іх міліцыя арыштоўвае і адпускае. Таму што іх жа карміць трэба”.

Вёска Стралічава – на забруджанай тэрыторыі. Але ва ўлады ёсьць намеры і тут збудаваць аграгарадок. Ці будзе ён мець пэрспэктыву? Абмяркоўваем пытаньне са старастам вёскі, таксама перасяленцам Мікалаем Назаравым:

“Я прыехаў з Данбасу. Былы шахцёр. Калі адбылася перабудова, то давялося перабрацца сюды”.

Мікалай Назараў
Цікаўлюся ў старасты колам ягоных абавязкаў.

“Трэба наводзіць парадак! Іншы раз вельмі крыўдна, што некаторыя гэта не разумеюць”.

Нагадваю суразмоўцу пра бруд ў вёсцы і стыхійную звалку.

“У нас ёсьць вёскі Высокае, Губарэвічы, Стралічава, Іванаўка. Вось зараз мусім прыбіраць Губарэвічы, бо там зона адсяленьня. Заадно і тут прыбярэм усё”.

Ці натхняюць перамены моладзь? Фрагмэнт гутаркі з юнаком Сяргеем Ігнатавым:


“Я навучаюся ў тэхнічнай вучэльні. Будучая спэцыяльнасьць – фэрмэр-арэндатар – трактарыст, вадзіцель, сьлесар.

Сяргей Ігнатаў
Ці мае юнак намеры вярнуцца ў вёску?

“Не. Трэба далей рушыць. Кудысьці ў горад. Трэба іншы сьвет пабачыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG