Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сындром хранічнай стомленасьці: што рабіць?


З кожным годам у сьвеце пашыраецца сындром хранічнай стомленасьці. Мэдыкі кажуць: хвароба сучаснасьці. Стрэсы, абыякавасьць да здароўя, недахоп пазытыўных эмоцыяў, злоўжываньне гэтак званым фастфудам, -- усё гэта правакуе, паводле знакамітага выразу “млявасьць і абыякавасьць да жыцьця”.


Дэфіцыт імунітэту супраць стрэсаў

Упершыню сындром хранічнай стомленасьці быў апісаны ў 1984 годзе аўстралійцам Лойдам. Сутнасьцю сындрому псыхоляг назваў хранічную стому, якая не зьнікае нават пасьля працяглага адпачынку. З цягам часу гэта прыводзіць да значнага зьніжэньня працаздольнасьці: інтэлектуальнай і фізычнай.

Прычыны хваробы пакуль дакладна не вядомыя. Ёсьць дасьледаваньні, якія знайшлі сувязь паміж сындромам і перанесенымі віруснымі інфэкцыямі ці грыпам. Гэта пацьвярджае імунную прыроду сындрому. Але найперш, на погляд адмыслоўцаў, праблемы пачынаюцца з дэфіцыту імунітэту эмацыйнага. Пад найбольшую рызыку трапляюць кар’ерысты і працаголікі.

Ці ў чалавека ёсьць пэўная звышідэя – дабіцца вялікай кар’еры, і таму ён зашмат працуе
Паніжэньне роўню дабрабыту, рост коштаў прымушаюць некаторых людзей працаваць у некалькіх месцах, а часам і забыцца на выходныя. І ўрэшце, кажа псыхоляг Жана Міцкевіч, такі напружаны рытм жыцьця становіцца для чалавека нормай:

“Пагоня за працай -- гэта ў першую чаргу чалавек хавае свае праблемы там. У сям’і ня вельмі добра – тады ён вельмі шмат працуе. Ці ў чалавека ёсьць пэўная звышідэя – дабіцца вялікай кар’еры, і таму ён зашмат працуе. Гэта тое самае, што мы кажам пра залежнасьць ад працы, залежнасьць ад кампутара... Гэта ўжо паталягічная зьява. Стомленасьць яшчэ ідзе і з-за таго, што многія людзі ставяць перад сабой занадта высокую плянку. Іх патрэбы, каштоўнасьці вельмі ўгору ідуць, і яны бягуць за імі”.


Хвароба – ёсьць. Бюлетэню – няма

Часьцей за ўсё чалавек, якія пакутуе на сындром хранічнай стомы зьвяртаецца да лекараў са скаргамі на фізычныя пакуты, распавядае нэўроляг Васіль Аўраменка з Магілёву:

Аўраменка: “Сам чалавек скардзіцца часьцей за ўсё на болі галаўныя, санлівасьць, ці наадварот бяссоньніца. Сымптомаў можа быць вельмі і вельмі шмат. У нашай краіне пакуль што гэты дыягназ не займеў такога шырокага распаўсюджаньня, як на Захадзе. Не ўсе дактары яго паставяць”.

Карэспандэнтка: “То бок, бюлетэнь будзе цяжка атрымаць”?

Аўраменка: “Хутчэй немагчыма. Бо гэтая хвароба не ўваходзіць у той сьпіс, паводле якога бюлетэнь могуць выпісаць”.

Да псыхатэрапэўтаў хворыя на стомленасьць зьвяртаюцца таксама зусім зь іншымі скаргамі. Гаворыць Жана Міцкевіч:

“З праблемай сындрому хранічнай стомленасьці да нас не зьвяртаюцца. Але ён ўсплывае ў зьвязку зь іншымі праблемамі. Напрыклад, калі прыходзяць з праблемай развалу ў сямейным жыцьці. Пра гэта гаворыцца так: “Я настолькі стамляюся, мне цяжка, я не магу нічога рабіць, я сьпяшаюся і не пасьпяваю”, і гэтак далей”.

Прыкладна гэтак апісала сваю праблему Натальля, топ-мэнэджэр адной з рэклямных агенцыяў Менску:

“У мяне гэта праяўлялася ў пачуцьці татальнай абыякавасьці. Хацелася хутчэй дадому, на канапу пад коўдру і ўключыць тэлевізар, - неістотна пры тым, што там паказваюць, – і спаць. Але “выспацца” мне не дапамагала абсалютна – таму што зранку я прачыналася настолькі стомленай, як быццам вагоны грузіла ўсю ноч”.

Быць дабрэйшым: найперш – да сябе

Як змагацца з сындромам хранічнай стомы? Разабрацца ў сабе і зрабіць любоў да сябе – нормай, сьцьвярджае Жанна Міцкевіч:

“У першую чаргу павінен быць аналіз уласнага жыцьця і разам з тым логатэрапія -- ёсьць такі разьдзел у псыхалёгіі. Рацыянальна паглядзець на ўласнае жыцьцё: што ёсьць сёньня і што будзе заўтра. І з пункту гледжаньня ўласнага жыцьця паглядзець на мэты яго: перагледзець і расставіць акцэнты па-новаму, адзначыўшы, што табе перашкаджае. Тым самым праявіць любоў да сябе”.

Як і любую хваробу, сындром хранічнай стомленасьці лягчэй прадухіліць, чым лекаваць
Як і любую хваробу, сындром хранічнай стомленасьці лягчэй прадухіліць, чым лекаваць. Жыхарам мэгаполісаў адмыслоўцы вельмі раяць зрабіць выезды на прыроду правілам. Нягледзячы на тэмп жыцьця, імкнуцца спажываць здаровую ежу, бо шматлікія дабаўкі Е, узмацняльнікі смаку і іншая хімія здольная прыціскаць нэрвовую сыстэму.

Вельмі важна рухацца як мага болей – гэта і прабежкі, і шпацыры, і паходы на дыскатэку. І абавязкова трэба знаходзіць час для душэўных размоў: зь дзецьмі, бацькамі, сваякамі, сябрамі. Трымаць перажываньні ў сабе – небясьпечна..
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG