Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стадыён у Гомелі пабудаваны на касьцях


У Гомелі блізу рачнога порту гарадзкія ўлады пачалі маштабную рэканструкцыю стадыёну. Магутныя экскаватары заглыбіліся ў дол на паўтара-два мэтры — і... сталі выкопваць чалавечыя парэшткі.

Як высьветлілася, раней на месцы стадыёну разьмяшчаліся габрэйскія могілкі. Распавядае гісторык, былы дэпутат гарсавету Юрась Глушакоў:

“Паводле маіх зьвестак, гэта старыя габрэйскія могілкі, якія, як і пахаваньні прадстаўнікоў іншых канфэсіяў, былі зьнішчаныя. Але я б не казаў, што гэта было зроблена ў гады савецкай улады наўмысна, каб кагосьці пакрыўдзіць. Гэта рабілася ў гаспадарча-будаўнічых ці спартыўна-асьветніцкіх мэтах.
Каля порту на месцы старых габрэйскіх могілак быў пабудаваны стадыён”.

На стадыёне на былых могілках займаліся фізкультурай навучэнцы бліжэйшай школы, а таксама розныя футбольныя клюбы.

Цяпер, паводле замовы гарвыканкаму, рэканструкцыяй стадыёну займаецца будаўнічы трэст № 27. Згодна з праектам, адноўленае футбольнае поле будзе мець нават падагрэў.

Будаўнікі сьцьвярджаюць, што выкапаныя на стадыёне чалавечыя косьці перададзеныя ў пракуратуру на дасьледаваньне.

І вось што сёньня паведаміў “Свабодзе” пракурор Цэнтральнага раёну Гомеля Ўладзімер Емяльянчанка:

“Матэрыялы праверкі ўжо гатовыя. Паводле іх ва ўзбуджэньні крымінальнай справы адмоўлена. Як вынікае з экспэртызы, гэтым парэшткам як мінімум 80 і больш гадоў. Паводле мапаў і заключэньняў спэцыялістаў краязнаўчага музэю, там яшчэ напрыканцы 19 стагодзьдзя былі габрэйскія могілкі”.

“Атрымана ўзгадненьне гарвыканкама, далучылі гомельскую габрэйскую абшчыну, і літаральна сёньня прыняты дакумэнт аб перадачы ім парэшткаў. Яны сумесна будуць займацца перапахаваньнем”.

Гісторык Юрась Глушакоў дадае, што колішняе руйнаваньне габрэйскіх могілак ля порту — не адзінкавае:

“Гэта не адзіныя габрэйскія могілкі ў Гомелі, якія былі зруйнаваныя. Да нядаўніх часоў існавалі могілкі ў раёне ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны. Там таксама пабудаваны стадыён — унівэрсытэцкі. Да апошняга часу там можна было бачыць надмагільныя пліты. Захавалася таксама частка муру былой сынагогі. Побач знаходзіўся будынак прыкладна першай чвэрці мінулага стагодзьдзя. Там былі нават каваныя кольцы ад канавязі. Будынак гэты, на жаль, не атрымаў статусу помніка архітэктуры й культуры. Ён таксама быў зруйнаваны, і на яго месцы зрабілі пляцоўку для катка”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG