Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будуюць дамы з саломы



Аднапакаёвая кватэра ў сталіцы Менску каштуе ад 50 да 120 тысяч даляраў. Каб пабудаваць дом на зямельным участку, трэба мець ня менш за 15 тысяч даляраў толькі на будаўнічыя матэрыялы. А ці існуюць у Беларусі альтэрнатыўныя віды будаўніцтва? Ці можа сярэднестатыстычны беларус пабудаваць сёньня дом для сябе і сваёй сям’і?

Наша карэспандэнтка высьветліла, што існуюць альтэрнатывы звычайнаму будаўніцтву. Пабудаваць экалягічны, танны і надзейны дом можна за адзін сэзон.

Альтэрнатыву цагляным, драўляным і жалезабэтонным дамам могуць скласьці дамы з саламяных блёкаў. У Цэнтры “Хабітат” Навукова-дасьледчага інстытуту горадабудаўніцтва распрацаваная тэхналёгія будаўніцтва такіх экалягічных дамоў. Усё, што неабходна для будаўніцтва дома – гэта цюкі жытняй саломы, якія можна набыць у любой калектыўнай гаспадарцы, гліна і дрэва для каркасу.

Такі дом будзе каштаваць на 40% таней за драўляны. Адметная асаблівасьць: па энэргазьберажэньню яму няма роўных. На ацяпленьне такога дома пойдзе ў 3-4 разы менш паліва. Але дом з саламяных блёкаў яшчэ й карысна ўплывае на здароўе.

Звычайна паўстаюць чатыры пытаньня: грызуны, трываласьць, небясьпека пажару і водаўстойлівасьць. Кіраўнік “Цэнтру Хабітат” Яўген Шырокаў апавёў:

“Да таго моманту, пакуль саламяная сьцяна плітою не закрытая, карыстацца адкрытым агнём на будаўнічай пляцоўцы нельга. Закрываюць яе тынкоўкай па сетцы, альбо цамэнтна-стружкавай плітой, альбо гіпсакартонам. Што тычыцца грызуноў, то, калі абліцоўка шчыльна прылягае да саломы, то ніякіх грызуноў ня будзе. Гэта ўжо 11-ці гадовы досьвед эксплюатацыі такіх дамоў”.

Першыя дамы з саламяных блёкаў у Беларусі пабудавалі ў 1995 годзе ў вёсцы Міхедавічы і Курыцічы у Петрыкаўскім раёне на Гомельшчыне. Падлічылі, што яны зьніжаюць энэргавыдаткі на будаўніцтва ў 150 разоў, энэргавыдаткі на ацяпленьне ў 4-5 разоў, кошт аднаго квадратнага мэтра – ў 3-4 разы. Потым такія дамы пабудавалі ў вёсцы Дружная і некалькі дамоў у суседняй Занарачы на Мядзельчыне. Будавалі іх разам з нямецкімі валантэрамі для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Архітэктары кажуць, што гэтыя дамы з катэгорыі “дамы для бедных” перайшлі ў катэгорыю “дамы для разумных багатых”.

Аналягічныя дамы пабудаваныя ў ЗША, Нямеччыне і Англіі. Праекты беларускіх саламяных дамоў і выкананьне праграмы саламянага будаўніцтва былі адзначаныя прэміяй па энэргаэфэктыўнасьці і устойлівай энэргетыцы ў 2000 годзе і намінаваныя на прэмію “Хабітат” ААН.

Архітэктар Зьміцер Ціхашын пабудаваў дом з саламяных блёкаў для сваёй сям’і. Ён кажа, што ягоная жонка і ўнучка, якія хварэюць на астму, у такім доме адчуваюць сябе значна лепш.

“Гэта дае магчымасьць любому мужчыне пабудаваць дом сваімі рукамі. Вось што галоўнае. Гэта й рашэньне жыльлёвай праблемы для маладога пакаленьня. Людзі могуць узяць крэдыт і за невялікія грошы стварыць сабе добрыя жыльлёвыя ўмовы. Гэта дае магчымасьць чалавеку рэалізавацца. А гэта вельмі важна сёньня, калі мужчыны сьпіваюцца, бо ня могуць зрабіць тое, што ад іх патрабуюць іх жонкі... Што трэба жыльлё пабудаваць... А ён ня можа столькі грошай назапасіць, колькі трэба, каб аддаць камусьці іншаму на будаўніцтва дома”.

Дамы з саламяных блёкаў, паводле архітэктараў, могуць стаяць 300-400 гадоў. Але й потым яны не ствараюць праблемаў з утылізацыяй сьмецьця.

Што ж тады перашкаджае пачаць масавае будаўніцтва дамоў з саламяных блёкаў, каб нарэшце вырашыць жыльлёвую праблему?

Яўген Шырокаў кажа, што прычына простая:

“Ніхто не зацікаўлены ў будаўніцтве таннага жытла. Таму што сыстэма цэнаўтварэньня ў нас засталася такая, як у часы сацыялізму. То бок, будаўнічая арганізацыя можа атрымаць прыбытак недзе ад 30% ад кошту будаўнічых матэрыялаў. Будаўнічым кампаніям выгодныя як мага больш энэргазатратныя і рэсурсазатратныя матэрыялы, спосабы і г.д. У нас усё ідзе па каштарысу. Але сытуацыя мяняецца, калі замоўца і падрадчык выступаюць на адным баку барыкады. Некаторыя кіраўнікі будаўнічых арганізацый пабудавалі сабе такія дамы, але катэгарычна ня хочуць будаваць такія дамы для іншых, для рынку”.

Іван Кулакоў нядаўна пабудаваў сабе дом пад Менскам. Ён апавёў, што даведаўся пра такія дамы з экалягічнага часопісу. У параўнаньні з драўляным домам, які ён будаваў 15 гадоў таму, гэты абышоўся яму ў два разы таней.

“Для мяне на першым пляне былі экалягічнасьць, потым кошт, і на трэцім – хуткасьць будаўніцтва. Патрэбны для будаўніцтва досьвед архітэктараў і будаўнікоў, якія раней будавалі такія дамы. Безумоўна, будаўніцтва саламянага дома хутчэйшае”.

Сёлета распрацоўшчыкі заплянавалі пабудаваць вёску з двух-чатырох дзясяткаў дамоў, абсталяваных альтэрнатыўнымі сыстэмамі энэргазабесьпячэньня, каналізацыі і г.д. Жыхары гэтай вёскі цягам некалькіх гадоў будуць зьбіраць інфармацыю для будучага будаўніцтва. Архітэктары вераць, што такія праекты змогуць заняць сваё месца ў экалягічным будаўніцтве краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG