Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошты на жытло ў Беларусі паступова зьніжаюцца


Як тлумачаць спэцыялісты рынку, падзеньне можна патлумачыць тым, што цэны на нерухомасьць былі неабгрунтавана завышаныя на пачатку 2007 году.


Сярод іншых прычынаў называюць і тое, што прапановы на рынку цяпер значна перавышаюць попыт. Чаго чакаць у бліжэйшай пэрспэктыве?

Паводле экспэртаў, за мінулы год кошт жыльля ў Менску падвысіўся з 1200 даляраў за квадратны мэтар у студзені да 1990 даляраў у сьнежні, то бок больш чым на 50%. Рэкордны рост адбываўся ў першым квартале 2007-га, калі штомесяц мэтар квадратны “цяжэў” на 10—15%. Затым прапорцыі сталі не такімі заўважнымі, а на пачатку зімы цэны зафіксаваліся на адзнацы каля 2000 даляраў за мэтар.

Ад пачатку 2008-га кошты папаўзьлі ўніз. Так, у параўнаньні з леташнім кастрычнікам сёлета ў студзені “квадрат” патаньнеў на 35—40 даляраў. Пад вясну на асобныя катэгорыі жыльля лічбы апусьціліся яшчэ даляраў на 100. Да лета спэцыялісты прагназуюць далейшае падзеньне коштаў на нерухомасьць. Як мяркуе дырэктар асацыяцыі “Нерухомасьць” Мікалай Прасталупаў, на другасным рынку сталіцы кошты да апошняга месяца вясны зьнізяцца на 10—15%. У абсалютных лічбах квадратны мэтар можа “палягчэць” на 200—300 даляраў.

Рыэлтар Тацяна Маркава кажа, што цяпер рынак нерухомасьці толькі прачынаецца пасьля зімовага зацішша і прагназаваць штосьці складана:

“Так, прапанова па-ранейшаму перавышае попыт. І цяпер пакуль што – зацішша. Кошты адчувальна зьнізіліся на больш простыя кватэры – перадусім “хрушчоўкі”, “брэжнеўкі” і стандартныя варыянты, асабліва што да менш прэстыжных раёнаў. Я сваім кліентам цяпер магу знайсьці двухпакаёўку ў раёне 77 тысяч даляраў,і нават ёсьць някепскі выбар. Але і пры такіх коштах такая ціша бывае, што тыдзень пройдзе — і няма заявак. Сядзяць людзі на тэлефонах у агенцтвах, а няма нават тэлефанаваньняў – за цэлы дзень, за два, а то і за тры дні”.

Кіраўніца агенцтва “Твая сталіца” Людміла Красоўская перакананая: цяпер кошты на нерухомасьць сталі больш справядлівыя, а пасьля бессыстэмнага “хапуна” кватэраў, калі фактычна ня мелі значэньня ні раён, ні ўзрост жыльля, паступова пачынаецца падзел на “старое” і “камфортнае”:

“Можна сказаць, што цяпер больш ідзе расслаеньне коштаў па якасным і няякасным жыльлі, па раёнах. Калі ўзяць жыльлё камфартабэльнае, то яно, наадварот, нават крыху даражэе. Таньнеюць старыя дамы, уключна са звычайнымі “панэлькамі” 1970—80 гадоў, кошты крыху спаўзаюць. Але радыкальнага падзеньня няма. А новае жыльлё нават і даражэе. І катэгарычна казаць, што адбываецца падзеньне, нельга. Раней, калі не хапала кватэраў, а пакупнікоў было больш, тады любая кватэра ў любым раёне каштавала дорага: што Завадзкі раён, што Ўручча — кватэры каштавалі амаль аднолькава. Зараз ідзе расслаеньне па раёнах – папулярных, непапулярных. Цэнтар – даражэйшы, Уручча — даражэйшае за Заводзкі раён”.

Спадарыня Красоўская кажа, што ў шэрагу выпадкаў квадратны мэтар “хрушчовак” з 2000 даляраў за мэтар ужо апусьціўся на 300—400 пунктаў:

“Так-так, а яны ж нават больш выстаўляліся, чым за 2 000. Цяпер, прыкладам, на Ванеева, раён Трактарнага заводу, 1700 даляраў мэтар. А ў Заводзкім раёне калі “хрушчоўка”, дык яшчэ таньней. Вядома, яшчэ залежаць кошты ад таго, у якім раёне гэтая “хрушчоўка”. Калі ўзяць на вуліцы Кедышкі ў Першамайскім раёне, ці Валгаградзкай, то гэта дзесьці 1800 даляраў за мэтар. 2000 захоўваюцца бліжэй да цэнтра. То бок тут яшчэ шмат залежыць ад раёна”.

Карэспэндэнт: “Бальшыня экспэртаў схіляецца да высновы, што мінулагодні рост цэнаў на нерухомасьць – зусім не адэкватны?”

“Ну, вядома! Усё гэта фактычна нашы палітычныя гульні. Дакладней, не зусім нашы: гэта нафта, будаўнічыя матэрыялы даражэлі, даляр “трэсла”. Іншым словамі, у нас жа калі нестабільнасьць нейкая ёсьць, яе адразу ж адлюстроўвае нерухомасьць. Усё з-за гэтага, мяркую”.

Праблему жыльля многія краіны пасьпяхова вырашаюць праз так званая іпатэчнае крэдытаваньне, калі “дарагія і малыя” крэдыты замяняюць на “танныя і працяглыя”. Доля жыльля ў рамках іпатэчных праграмаў у Заходняй Эўропе дасягае 70%, У Вялікай Брытаніі іпатэка выдаецца максымум пад 2%; суседняя Расея пачынала з 15%, цяпер — 8%. Тэрміны пагашэньня крэдыту – 25—40 гадоў. У Беларусі магчымасьці крэдытаваньня на льготных умовах няма. Зацьверджаная днямі Саўмінам Канцэпцыя будаўніцтва даступнага жыльля прадугледжвае: разьвіцьцё ў Беларусі іпатэчнага крэдытаваньня магчымае на “другім этапе” яе рэалізацыі, у 2010—2015 гг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG