Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З дамоў на К.Маркса выселяць толькі першыя паверхі


Менгарвыканкам прыняў рашэньне не адсяляць жыхароў дамоў на вуліцы Карла Маркса.


Раней плянавалася гэта зрабіць у працэсе рэканструкцыі вуліцы пад пешаходную зону.

Cтаршыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Віктар Нікіцін паведаміў, што горадабудаўнічыя службы і ініцыятыўная група грамадзянаў, якія жывуць на гэтай вуліцы, прыйшлі да кампрамісу. А менавіта: будуць пераселеныя жыхары кватэр, разьмешчаных на першых паверхах. Гэта адзінкі, і грамадзяне з задавальненьнем пагадзіліся пераехаць у іншыя дамы, заявіў чыноўнік.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Віктар Нікіцін прызнаў, што падчас распрацоўкі канцэпцыі рэканструкцыі вуліцы Карла Маркса пад пешаходную зону на ўчастку ад вуліцы Валадарскага да вуліцы Камсамольскай на першым этапе ня ўлічвалася меркаваньне людзей. Паводле спадара Нікіціна, пры распрацоўцы такіх праектаў у будучым будуць улічвацца як дзейнае заканадаўства, так і інтарэсы жыхароў.

“Усе намаганьні будуць пры праектаваньні пешаходнай вуліцы скіраваныя на добраўпарадкаваньне дваравых тэрыторый, на рэканструкцыю фасадаў, рэканструкцыю пешаходнай вуліцы, на стварэньне добрай сацыяльнай інфраструктуры па першых паверхах і рашэньні парковак”.

Жыхар дома №17 Зьміцер Марчанка, сябра ініцыятыўнай групы грамадзянаў, якія сталі на абарону свайго жытла, перакананы, што гэтае рашэньне гарадзкія ўлады прынялі дзякуючы кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку.

“Нашы просьбы і звароты дайшлі туды, куды трэба. І гэта мела вынік. Я маю на ўвазе кіраўніка краіны. Найперш трэба сказаць дзякуй Аляксандру Лукашэнку, бо безь яго ўдзелу ў нас нічога не атрымалася б. Гэта была не палітычная барацьба, гэта было пытаньне сацыяльна-эканамічнае”.

2 лютага жыхары дамоў, якім прапанавалі перасяліцца, правялі пікет пратэсту на вуліцы Маркса. У вокнах кватэр і ў двары яны выставілі плякаты і расьцяжку – “Не – адсяленьню!”, “За пешаходную вуліцу без рабаўніцкага высяленьня”. Гэтыя кансалідаваныя дзеяньні і пратэст скончыліся рашэньнем на карысьць людзей.

Зьміцер Марчанка сказаў:

“Ёсьць артыкул 44 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім гаворыцца, што жыльлёвыя правы павінны быць абаронены, калі гэта не патрабуе грамадзкай неабходнасьці. Сытуацыя з намі адбылася дзякуючы таму, што гэта стала больш даступна сродкам масавай інфармацыі. У першую чаргу я магу параіць менавіта чыноўнікам, што трэба найперш весьці сябе правільна, знаходзіць зь людзьмі агульную мову і тады ніякага канфлікту ня будзе”.

Паводле спадара Марчанкі, ініцыятыўная група жыхароў працягне працу, яшчэ заплянавана сустрэча з прадстаўнікамі гарадзкога камітэту архітэктуры.

У адміністрацыі Ленінскага раёну Менску камэнтаваць сытуацыю адмовіліся. Кіраўнік майстэрні “Менскпраекту” Міхаіл Рыбнікаў сказаў, што першы этап будаўніцтва мяркуецца пачаць у наступным годзе.

“Канфлікт крыху раздзьмулі на пустым месцы. Тое, што гэты канфлікт нібыта як скончыўся, зьявілася нейкае разуменьне таго, што адбываецца, слава Богу”.

Жыхары толькі першых паверхаў вымушаныя пакінуць свае кватэры, але іх няшмат. Спадар Рыбнікаў сказаў:

“Там калі засталася адна ці дзьве, яны ўжо ў стадыі пераафармленьня. Яны самі пераводзяць з жылога ў нежылы фонд. Відаць, плянуюць стварыць нейкія гандлёвыя прадпрыемствы. Прыходзіў тут нядаўна адзін зь першага паверха, з адной ці двух кватэр хоча стварыць, яшчэ ня ведае што, але нешта хоча”.

Нагадаем, раней улады Менску плянавалі адсяліць больш за 80 кватэраў у дамах па вуліцах Маркса і Валадарскага. Пасьля рэканструкцыі будынкі плянавалі аддаць пад гатэль, казіно і гандлёвы цэнтар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG