Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аграгарадок: “Едуць, а працаваць не ахвотнікі”


Паводле прэсавай службы ўраду, за апошнія тры гады ў Беларусі пабудавана 666 аграгарадкоў.


Усе яны ўзьведзеныя ў рамках дзяржаўнай праграмы адраджэньня і разьвіцьця вёскі на 2005-2010 гады. Якіх грошай каштавалі аграгарадкі? Колькі людзей там жыве?

Найбольш аграгарадкоў пабудавалі ў Менскай вобласьці — 133.

Вёска Бор Пухавіцкага раёна – гэта цэнтральная сядзіба СПК “Іскра надзеі”, які раней быў калгасам “Іскра”. Гаворыць тамтэйшая жыхарка Ніна Скорыкава:

“Хто дзе пачуе, што ёсьць тут жыльлё, то сюды едуць. А працаваць яны не ахвотнікі. Уладкуюцца на фэрму, дык патрабуюць выходныя. А выходных начальства ня вельмі дае, бо няма каму працаваць. Дык кідаюць гэтую гаспадарку і зьяжджаюць. Нават цураюцца гэтых дамінаў”.

Дамоў, пра якія гаворыць Ніна Скорыкава, ужо амаль трыццаць. Усе яны на цэнтральнай вуліцы вёскі. Назва вуліцы – Сонечная. Вось што кажа пра гэтую вуліцу і яе насельнікаў жыхарка Бору Ірына Сокал:

“Кажуць, што газ на вуліцу Сонечная правядуць бясплатна, а астатнім: “Плаціце самі!”. Іх абгародзяць, ім зрабілі скляпы, хлявы. На здароўе! Але яны яшчэ не адрабілі ніводнай капейкі. Яны і не адробяць за гэта ў гэтым калгасе! Нічога тут ня робіцца, каб працы было шмат для іх. А на фэрму ці ў паляводы ніводная ня пойдзе.

Вось, да прыкладу: прыходжу ў нашу вясковую краму, куды наведваюцца і гаспадыні з аграгарадку. У іх цыгаркі ў руках. Ну, яна пойдзе на фэрму? Ніколі!”.

У аграгарадку Бор знаёмлюся зь перасяленцамі:

“Яўген Барысавіч. Я цяпер тут працую.Знайшоў жонку і застаўся. Узяў тут кватэру – старшыня даў, – жыву й працую”.

“З Жыткавіцкага раёна людзі сюды прыехалі. Зь Любанскага шмат. Вядома, што калі хто прызвычаіўся часта пераяжджаць, то шукаюць штосьці лепшае. Колькі ў нас было вэтэрынарных урачоў! Маладыя. Але прыедзе на паўгода і далей паехаў. Заатэхнік таксама нядаўна ўцёк. Калі нармальны чалавек, то асядзе і працуе. А як “шалава” якая, то прыехала ды зноў зьнікла”.

Паводле дзяржаўнай праграмы адраджэньня й разьвіцьця вёскі на 2005-2010 гады, вынікі якой разглядаў 11 сакавіка урад Беларусі, на будаўніцтва аграгарадкоў на час дзеяньня праграмы плянуецца выдаткаваць прыкладна 70 трыльёнаў беларускіх рублёў, ці 35 мільярдаў даляраў.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня эканомікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Ганна Андрэевіч кажа, што амаль 70 працэнтаў гэтых грошай гаспадаркі атрымліваюць у крэдыт. Зь бюджэту дзяржава пакрывае толькі 30 працэнтаў будаўніцтва ў аграгарадках.

“Трэба трошкі папрацаваць. Задумацца, у якім асяродзьдзі мы жывем. І тэма аграгарадкоў – прадэманстраваць магчымасьць нармальна жыць. Скажам так, каб кожная вёска сталася цэнтрам сусьвету. З задавальненьнем хадзіць на працу, жыць у цудоўных умовах і пры гэтым быць прывязаным да зямлі. Вось у гэтым асноўная філязофія стварэньня аграгарадкоў”.

Член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка крытычна ацэньвае праект пабудовы аграгарадкоў:

“Пераўтварылі аграрную праблему ў кармушку для тых, хто імкнецца пагрэць рукі на гэтым. У мяне ёсьць інфармацыя, што адзін домік у аграгарадку каштуе столькі, як катэдж на беразе Менскага мора. Марнуюць грошы. Без дакумэнтаў будуюць. Разьлік робіцца па факту. Такога ж ніколі яшчэ не было! Колькі скажуць, столькі і бяруць.

Акрамя таго, ствараюць сацыяльную праблему. Тыя зь вяскоўцаў, якія працавалі ўсё жыцьцё, а таксама іх дзеці, нічога не атрымліваюць. Затое нейкія прыблуды перакаці-поле, якія ня хочуць і ня будуць працаваць, перавернуцца ў вёсцы, згадзяць гэтае жытло і зьедуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG