Карэспандэнт: “Грандзічы — вёска, якая працягнулася амаль на кілямэтар – пачынаецца адразу за Горадняй, хаця зусім нядаўна яна была ўключана ў межы гораду. А я зараз іду шукаць дом Бярдоўскіх”.
Бабуля: “Бярдоўская? Яна там жыве — дзе дом чорны”.
Карэспандэнт: “Чорны – гэта значыцца гарэў дом?”
Бабуля: “Во-во-во”.
Карэспандэнт: “А што, пажар быў нядаўна, ці даўно ўжо?”
Бабуля: “Не-не, нядаўна”.
Карэспандэнт: “Я пераходжу цераз ручай. Крыху далей бачу сапраўды цагляны вялікі дом з мансардай і абгарэлым дахам. Напісана, што вул.Школьная, 11. Падымаюся па прыступках, стукаю ў дзьверы. Ніхто не адчыняе, дзьверы замкнёныя. Толькі абазваліся суседзкія сабакі… Напэўна згарэла толькі мансарда, бачна праз вакно, што ўнутры ў памяшканьнях можна жыць. Так выглядае, ва ўсякім разе. З маці Пятра Бярдоўскага Данутай Вацлаваўнай паразмаўляць, такім чынам, не ўдалося.
Добры дзень! (Да сталага спадара на вуліцы). Мне сказалі, што ў гэтым доме быў пажар, аказваецца. Як гэта здарылася?”
Сталы спадар: “Якім чынам здарылася? Карацей, жылі кватаранты. І нейк яны былі ў запоі ці што, чуткі такія былі. І загарэлася ад цыгарэты. А так я больш ня ведаю нічога”.
Карэспандэнт (да суседа Бярдоўскай): “Я журналіст, пісаў пра Пятра Бярдоўскага, які зьехаў у Штаты. Ён сам з Грандзічаў, ягоная маці тут жыве”.
Спадар: “Маці яго такая, мякка кажучы, зь дзівацтвамі, жыве адна. А так, здаецца, і разумная жанчына”.
Карэспандэнт: “Казалі, што яна настаўніцай была, у школе працавала”.
Спадар: “У яе нібыта дзьве адукацыі, ці тры нават. Але я скажу шчыра, што ўсе суседзі тут ад яе не ў захапленьні, толькі маюць праблемы. А больш нічога ня буду гаварыць (сьмяецца)”.
Карэспандэнт: “Ну, вось што нам давялося пачуць ад аднаго з суседаў, як я зразумеў, кантактаў вялікіх у спадарыні Бярдоўскай з суседзямі няма, і яны лічаць яе трошку дзівакаватай жанчынай.
Насупраць вялікага дому Бярдоўскіх стаў, і ўвогуле ўражаньне такое, што людзі жылі вельмі заможна, як на савецкія ўмовы. На доме ляпны ўзор уздоўж фасаду і нават галовы ільвоў”.