Калі накласьці схему зон аховы вакол Курапат ад 2004 году на сучасны спадарожнікавы здымак, ніводзін з будынкаў рэстарана «Поедем поедим» у яго не трапляе.
Канфлікт вакол рэстарана каля Курапат робіцца ўсё больш палкім. У дыскусіях найчасьцей гучаць два аргумэнты:
- Рэстаран парушае зоны аховы Курапат;
- Улады адмыслова зьмянілі зоны аховы Курапат так, каб зрабіць «незаконныя» пабудовы рэстарана законнымі.
27 сьнежня 2012 году генэральная пракуратура выносіць прадстаўленьне на адрас Менаблвыканкаму. У ім сьцьвярджаецца, што 4 модульныя домікі і дзіцячая пляцоўка рэстараннага комплексу знаходзяцца ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Схема зон аховы, на якую абапіраецца Генэральная пракуратура, зацьверджаная Міністэрствам культуры 12 траўня 2004 году.
Радыё Свабода паразмаўляла з архітэктарам Вадзімам Гліньнікам — аўтарам праекту зон аховы 2014 году, што зацьвердзіла Міністэрства культуры пастановай № 70.
Ёсьць пашыранае меркаваньне, што гэты праект нібыта наўмысна зьмяншае зоны аховы вакол Курапат, каб «легалізаваць» ужо пабудаваныя будынкі, якія раней прызнаваліся як разьмешчаныя ў зоне аховы. З просьбай праверыць законнасьць гэтай пастановы за апошні час у Генэральную пракуратуру зьвярнуліся двойчы.
Падчас размовы Вадзім Гліньнік прадставіў малюнак, на якім схемы зонаў аховы 2004 году сумешчаныя з сучасным спадарожнікавым здымкам. На ім відаць, што ніводзін з будынкаў рэстарану ў яго не трапляе.
«На схеме бачна, што межы зонаў супадаюць з устойлівымі пляніровачнымі элемэнтамі на мясцовасьці (дарогі, лес і г.д.). Яны нанесеныя дакладна. Тэрыторыя „Бульбаш-хола“ (так раней меркавалася назваць рэстаран) знаходзіцца па-за межамі ахоўнай зоны», — тлумачыць архітэктар.
На малюнку ахоўная зона каштоўнасьці пазначаная чорнымі кропачкамі. Штрыхаваная зона — гэта тэрыторыя самой каштоўнасьці, яе плошча — каля 23 гектараў. Пустымі кружочкамі пазначаная зона рэгуляванай забудовы.
Мы вырашылі яшчэ раз спраўдзіць вынікі і зьвярнуліся ў «Архітэктурнае бюро 35». Архітэктар Бюро Ліна Рулінская даслала свой графічны матэрыял. На ім таксама відаць, што пабудовы рэстарана не знаходзяцца ў зоне аховы.
— Будынак рэстарана адпачатку знаходзіўся па-за межамі ахоўных зонаў, усталяваных схемай 2004 году, — сьцьвярджае архітэктар Вадзім Гліньнік. — А мяжа ахоўнай зоны каля рэстараннага комплексу засталася на тым жа месцы.
— У чым, на вашу думку, прычына сёньняшняга канфлікту?
— Рэстаранная функцыя на гэтым месцы была ўзаконеная яшчэ ў 2006 годзе праектам прыдарожнага сэрвісу. Пра гэта ёсьць заключэньне Міністэрства культуры па праектнай дакумэнтацыі ад 01.08.2006 г. № 01-05/418. На жаль, законам не забаронена будаваць рэстаранна-забаўляльныя комплексы каля такіх важных абʼектаў, як Курапаты. Гэта пытаньне не закону, а этыкі і маралі.
Пасьля 2006 году да рэстараннага зямельнага ўчастку з боку ўрочышча быў дадаткова далучаны лапік зямлі, забудова на якім сёньня выклікае пратэсты. Нагадаем, што паводле закону «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь» (ад 9 студзеня 2006 г.) «Распрацоўка горадабудаўнiчай i землеўпарадкавальнай дакумэнтацыi, а таксама iншай праектнай дакумэнтацыi, рэалiзацыя якiх можа аказаць узьдзеяньне на гiсторыка-культурныя каштоўнасьцi, без нанясеньня ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасьцей або бязь iх устанаўленьня, забараняецца» (Арт. 29, п. 3).
Сталых зонаў аховы на гэты час усталявана не было, а часовая схема 2004 году такой не зьяўляецца (былы начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры ўпэўнены, што схема дзейнічала законна і ўлічвалася ўсімі ведамствамі. — РС). Таму, перад тым як выдзяляць зямлю, трэба было зоны распрацаваць і зацьвердзіць. І не было б сёньня ніякіх праблем. Але гэта не было зроблена.
У 2014 годзе наша праца была выкананая сумленна і прафэсійна. На нашу думку, не на тым цяпер засяроджваецца ўвага і ня там шукаюць вінаватых.
— Часам у сацыяльных сетках і СМІ вас называюць аўтарам праекту рэстараннага комплексу, гэта праўда?
— Не, я ня маю да распрацоўкі праекту рэстараннага комплексу ніякага дачыненьня. Я ня меў раней і ня маю цяпер права на выкананьне праектных работ на новае будаўніцтва, бо не атэставаны. Усё жыцьцё займаюся выключна захаваньнем і рэстаўрацыяй культурнай спадчыны.
— Якім чынам зьмяніліся зоны аховы ў вашым праекце 2014 году ў параўнаньні са схемай 2004 году?
— За аснову нашага праекту ўзятая схема, уведзеная пастановай Міністэрства культуры 12 мая 2004 году. Да 2014 году ўсе зьмены на прылеглых да ўрочышча тэрыторыях рэгуляваліся гэтым дакумэнтам. Спачатку ў нас не было падставаў сумнявацца ў межах, акрэсьленых у гэтай схеме, бо пастанова Міністэрства культуры — гэта нарматыўны прававы акт, які рыхтуецца з удзелам юрыстаў. Паводле гэтага дакумэнту, «граніцы тэрыторыі каштоўнасьці вызначаныя Інстытутам гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі на падставе археалягічных дасьледаваньняў і зацьверджаныя на пасяджэньні Беларускай рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь 30 лістапада 1993 году (пратакол пасяджэньня № 1). Плян граніц зямельнага ўчастку, які заняты гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, выкананы ППКУП „Земпраект“ 12.03.2002 г.».
Але пры аналізе схемы 2004 году мы выявілі некаторыя недакладнасьці і неадпаведнасьці тэкставага апісаньня графічнай схеме. Справа ў тым, што мы працавалі на больш дакладнай тапаграфічнай падаснове і выкарыстоўвалі гістарычныя матэрыялы, якія не былі даступныя 10 гадоў раней. Гэта дазволіла выправіць выяўленыя супярэчнасьці.
— Чаму на адрэзку, які мяжуе з тэрыторыяй абʼекта прыдарожнага сэрвісу, шырыня зоны аховы складае 50 мэтраў? Гэта дае падставы лічыць, што ваш праект «зьменшыў» зоны аховы, якія раней на гэтым участку былі 120 мэтраў?
— Схема 2004 году дакладна адпавядае сучаснай тапаграфічнай сытуацыі ва ўсім, апроч дзьвюх кропак А і Б, якія «зьехалі» ў правы бок. Прааналізаваны намі гістарычны картаграфічны матэрыял сьведчыць — напрыканцы 30-х гадоў межы курапацкага лесу былі значна меншыя, чым цяпер. І кропка А на схеме 2004 году акурат ляжыць на ўскрайку лесу канца 1930-х гг. Калі мераць ад гістарычнай мяжы лесу да ахоўнай зоны, будзе 120 м. Але ў тлумачальнай запісцы да схемы 2004 году мяжа гісторыка-культурнай каштоўнасьці апісаная па ўскрайку сучаснага ляснога масіву, што не адпавядае юрыдычна зацьверджанай схеме.
Каб выправіць выяўленыя неадпаведнасьці, мы прапанавалі павялічыць тэрыторыю помніка да мяжы сучаснага лесу, ссунуўшы паўночна-заходні рог тэрыторыі ўлева на 70 мэтраў. У выніку плошча гісторыка-культурнай каштоўнасьці павялічылася больш як на тры гектары — з 23 да 26,3 га. Адпаведна, адлегласьць ад краю лесу да мяжы ахоўнай зоны зьменшылася да 50 мэтраў.
У сувязі з гэтым у 2013 годзе быў накіраваны афіцыйны запыт у Інстытут гісторыі НАН РБ, у адказе на які нам была пацьверджана дастатковасьць ахоўнай зоны ў 50 мэтраў для захаванасьці гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гг. ва ўрочышчы „Курапаты“» (копія ліста знаходзіцца ў рэдакцыі).
Заходняя мяжа ахоўнай зоны пры гэтым засталася на старым месцы. Іншымі словамі — мы ўключылі частку ахоўнай зоны ў межы самога помніка з больш жорсткім рэжымам аховы. Пры сумяшчэньні схем 2004 году і 2014 году гэта добра відаць.
— Ці маглі вы закласьці большую шырыню зоны аховы, як, напрыклад, на іншых участках?
— Не, не маглі. Іншыя ўчасткі ў 2013–14 гг. не былі забудаваныя. Калі б мы распрацоўвалі праект 25 год таму, дык усталявалі б заходнюю мяжу ахоўнай зоны па праезьдзе — там, дзе ў нас заканчваецца зона рэгуляваньня забудовы. І тады сёньня не было б ня толькі рэстараннага комплексу, але і запраўкі «Белнафтахіму».
Калі 15 год таму Тацяна Косьціч і Вольга Кукуня распрацоўвалі свой праект, яны ўжо мусілі ўлічваць пабудаваную на той час заправачную станцыю і ў сваім праекце ўсталявалі ахоўную зону па краі яе ўчастку. Калі б іхні праект своечасова быў зацьверджаны, сёньня не было б рэстараннага комплексу, але была б запраўка. Гэтак і мы мусілі ўлічваць той факт, што да 2013 году і запраўка, і комплекс ужо былі пабудаваныя. А пытаньні, хто і на якой падставе выдзяляў там зямлю, узгадняў праекты і дазваляў будаўніцтва, трэба задаваць ня нам.
— Ці можна казаць, што ахоўная зона з заходняга боку ў вашым праекце была зьменшаная?
— Фармальна плошча зоны зьменшылася, бо яе значная частка ўключана ў склад самога помніка, што для яго захаваньня толькі лепей. Але з боку рэстараннага комплексу найбольш аддаленая ад урочышча кропка ахоўнай зоны не пераносілася. Да таго ж з гэтага боку бліжэй да акружной дарогі мы змаглі дадаць да ахоўнай зоны кавалак зямлі плошчай 0,3 га.
— Ці аказваўся на вас пры распрацоўцы праекту ўплыў з боку забудоўшчыка рэстарана? Міністэрства культуры? Аблвыканкаму ці райвыканкаму?
— Не, ніякага ціску не было. Былі спрэчкі зь Міністэрствам культуры адносна межаў ахоўнай зоны, зьвязаныя з ідэяй разьмяшчэньня паміж урочышчам і гандлёвым цэнтрам «Бігз» міжнароднага выставачнага комплексу. На жаль, для транспартнага абслугоўваньня выставачнага комплексу з прапанаванай намі ахоўнай зоны быў выключаны фрагмэнт, патрэбны для арганізацыі зьезду з акружной дарогі.
«Схему зон аховы я намаляваў сваёй рукой» — экс-чыноўнік Мінкульту, пры якім пабудавалі рэстаран «Поедем поедим»
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.