Жыхар Калінінграду ў 2025 годзе спаліў сябе ў знак пратэсту супраць вайны. Расейскія ўлады схавалі інфармацыю пра гэта

Ілюстрацыйнае фота

Жыхар Калінінграду Аляксандар Окунеў на трэція ўгодкі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2025 году зьдзейсьніў самаспаленьне ў знак пратэсту супраць вайны.

Жыхар Калінінграду Аляксандар Окунеў на трэція ўгодкі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2025 года спаліў сябе ў знак пратэсту супраць вайны.

Уладам удалося схаваць гэты факт. Паведамленьне аб самаспаленьні расейца зьявілася толькі праз пэўны час у дакладзе выведкі Эстоніі. Падрабязнасьці, у тым ліку імя калінінградца, расказалі ў сумесным расьсьледаваньні выданьне «Важные истории», Delfi Estonia і літоўская тэлерадыёкампанія LRT.

37-гадовы праграміст Аляксандар Окунеў зьдзейсьніў самаспаленьне каля 5 гадзін раніцы 24 лютага 2025 году каля мэмарыялу 1200 гвардзейцам зь Вечным агнём. Сьведкаў здарэньня не было. Абгарэлае цела знайшоў выпадковы мінак толькі каля 06:40 раніцы. Побач зь целам на сьнезе балёнчыкам з фарбай было напісана «Не — вайне».

Чыноўнікі, як паведамляюць, вырашылі схаваць здарэньне.

«Галоўным было хутка пазбавіцца ад трупа і ад надпісу на сьнезе — больш за ўсё чыноўнікаў турбавала, што пра здарэньне даведаюцца журналісты. Міністар культуры і турызму Калінінградзкай вобласьці Андрэй Ярмак асабліва хваляваўся, што самаспаленьне адбылося каля помніка Вялікай Айчыннай — занадта сымбалічна», — пішуць у выданьні.

Ужо раніцай 24 лютага сьляды прыбралі, інфармацыя не зьявілася ні ў водным СМІ, родныя Окунева таксама не паведамлялі пра яго самаспаленьне.

Толькі ўзімку 2026 году ў дакладзе, апублікаваным эстонскай выведкай, было сказана:

«У трэція ўгодкі поўнамаштабнай агрэсіўнай вайны Расеі, у пяць гадзін раніцы 24 лютага 2025 году, мужчына 1988 году нараджэньня напісаў на сьнезе каля помніка расейскаму салдату ў Калінінградзе „Не— вайне“ і падпаліў сябе ў знак пратэсту».

Пазьней журналісты высьветлілі імя загінулага.

Окунеў працаваў сыстэмным адміністратарам у фірме продажу гандлёвага абсталяваньня. За паўгоду да самаспаленьня ён пакінуў працу, «сядзеў дома і практычна ні з кім ня меў зносін». Пры гэтым знаёмыя, якія бачылі яго напярэдадні самагубства, сьцьвярджаюць, што ён паводзіў сябе «абсалютна нармальна» і «тое, што здарылася, стала для ўсіх шокам».

Окунеў пакінуў перадсьмяротную запіску, у якой гаварылася, што «ёсьць іншы шлях» і што ён больш ня хоча жыць у сьвеце, дзе няма міру. Як вынікае з запіскі, Окунеў разумеў, што, «хутчэй за ўсё, нідзе ў навінах гэтага ня будзе, нідзе ня будзе шырока гэта асьвятляцца».

Міністар культуры Калінінградзкай вобласьці Андрэй Ярмак сказаў журналістам, што вынікі расьсьледаваньня гэтага «няшчаснага выпадку» яму не знаёмыя, піша Расейская служба Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускага войска для «расейскай мясарубкі» хопіць на некалькі дзён, — аналітык Інстытуту вывучэньня вайны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп прапанаваў Пуціну заканчваць вайну ва Ўкраіне, а не займацца справамі Ірану

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.