Заробкі засталіся як год таму, а цэны вырасьлі. Мо так і трэба? Разважае Злотнікаў

У студзені 2017 году сярэдні заробак па Беларусі склаў 720 рублёў і 70 капеек паводле Белстату. Гэта на 80 рублёў і 90 капеек (альбо на 10%) меней за сярэдні заробак у сьнежні.

Такое «студзеньскае падзеньне» здараецца ў Беларусі з году ў год: у студзені 2016-га заробкі ўпалі да сьнежня на 11,7%, у студзені 2015-га — на 11,5%. Такія ваганьні эканамісты тлумачаць выплатай у сьнежні гадавых прэміяў і адсутнасьцю далейшага росту заробкаў.

Але заробкі ня вырасьлі і за цэлы 2016 год: у студзені 2017-га беларусы атрымалі ў сярэднім нават на 0,2% меней за студзень 2016-га ў рублях. Курс беларускага рубля да замежных валютаў за год зьмяніўся нязначна: у далярах 720 рублёў — 369,3 даляра ў студзені 2017 году і 360 даляраў у студзені 2016-га.

За 2016 год заробкі найбольш (на 21,3%) упалі ў Салігорскім раёне, дзе яны і былі, і застаюцца самыя высокія па Беларусі. Але было і 18 раёнаў, дзе заробкі вырасьлі — найбольш (на 24,3%) у Жабінкаўскім.

Тым часам за 2016 год цэны вырасьлі на 11,8%, інфляцыя ў Беларусі параўнальная з украінскай. І ў 2017 годзе рост цэнаў не спыніўся.

Былы кіраўнік Нацбанку Пётар Пракаповіч напісаў Аляксандру Лукашэнку ліст пра неабходнасьць грашовай эмісіі — але прапанову «ўключыць друкарскі станок» эканамісты крытыкуюць.

Або, можа, так і трэба, каб, пакуль эканоміка падае, заробкі не расьлі? Што будзе, калі тое самае працягнецца і далей, а рэформаў ня будзе? Разважае эканаміст Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў

«У нас прыклад перад вачыма — Куба і Паўночная Карэя. Да гэтага і прыйдзем, калі працягнецца як ёсьць, калі ня зьменіцца палітычная мадэль і эканамічная сыстэма».

Ён мяркуе, што калі падзеі будуць разьвівацца так, як цяпер, і ня будзе сыстэмных рэформаў, заробкі адносна цэнаў упадуць яшчэ болей:

«У мінулыя гады была папулярная палітыка даваць людзям грошы і падвышаць заробкі, каб ажывілася эканоміка. Але гэта кейнсіянскі падыход (ад імя ангельскага эканаміста Джона Кейнса. — РС), які працуе толькі ў пэўных выпадках, калі эканоміка знаходзіцца ў цыклічным крызісе. Гэта ня той крызіс, які ў нас — у нас крызіс усёй сыстэмы.

Калі ўзровень спажываньня будзе адпавядаць магчымасьцям эканомікі, заробкі будуць яшчэ ніжэйшыя

Там разьлічваецца так, што прадпрымальнікі нечага недалічылі, недавырабілі адно і перавырабілі іншае, таму на ўсю вытворчасьць не хапае попыту. У такім выпадку сапраўды рашэньне даць большыя грошы і вышэйшыя заробкі выведзе эканоміку з крызісу. Але гэта толькі ў тым выпадку, калі ёсьць вольныя магутнасьці і калі звычайны крызіс перавытворчасьці. А калі крызіс сыстэмны, крызіс неэфэктыўнай сыстэмы, якая рэгулярна падтрымлівала попыт вышэй за магчымасьці эканомікі, дзякуючы субсыдыям і пазыкам, праяданьню асноўных фондаў...

Па маіх уяўленьнях, спажываньне ўсё яшчэ застаецца большым за магчымасьці эканомікі. Адмоўнае сальда плацёжнага балянсу ў 2016 годзе, якое паказвае, наколькі спажываем больш, чым вырабляем, — мінус 2 млрд даляраў. І застаюцца запазычанасьці, якія трэба аддаць. І банкі павінны аддаваць, і прадпрыемствы банкам, а няма з чаго аддаваць. Пагаршаецца праблема тым, што трэба аддаваць запазычанасьці, якія праелі раней, і незразумела, з чаго іх аддаваць.

Але калі ўсё „ўстаканіцца“, калі ўзровень спажываньня будзе адпавядаць магчымасьцям эканомікі, заробкі будуць яшчэ ніжэйшыя».