Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Я магу вам заўтра даць 1000 даляраў»


Сярэдні заробак у 500 даляраў — гэта не завоблачная лічба і не папулізм. Пра гэта кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў пасьля цырымоніі ўручэньня дыплёмаў доктара навук і атэстатаў прафэсара.

«У нас няма такой катастрофы, калі нельга зарабіць. Зарабіць можна. Але тым ня менш нам трэба павышаць жыцьцёвы ўзровень. Сярэдні заробак у 500 даляраў — гэта не завоблачная лічба. Папярэдне мне далажылі, што мы ўжо ў сьнежні мінулага году мелі пад 417 даляраў сярэдні заробак па краіне. Засталося зусім няшмат, каб дасягнуць 500 даляраў».

Паводле кіраўніка дзяржавы, скептыкі, якія лічаць, што такога заробку дасягнуць немагчыма, ёсьць і ва ўрадзе.

«Немагчыма — кладзі партфэль і сыходзь. Калі прэзыдэнт паставіў задачу, яна павінна быць выканана. Гэта што, нерэалізавальная задача? Рэалізуецца. Проста трэба больш прадаць таго, што мы ўмеем рабіць, і таго, што не рабілі дагэтуль. Прадавайце і плаціце людзям», — цытуе БелТА Лукашэнку.

Ён адзначыў, што ў некаторых краінах даходы багатых людзей у дзясяткі разоў перавышаюць даходы самых бедных слаёў насельніцтва.

«Глядзіш і на некаторых нашых багаценькіх (балазе алігархаў у краіне няма): яны больш адпачываюць у год, чым працуюць. А паглядзіш, што працоўныя маюць у гэтага багатага чалавека — гэта 350 даляраў. Дык як ты можаш адпачыць на Сэйшэлах або Канарскіх астравах, а рабочым не плаціць? Таму гэта ніякі не папулізм, гэта жыцьцё нашых людзей. Як бы ні было складана, усё ж такі людзі разумеюць сытуацыю. За гэта трэба ім плаціць. Шмат не прашу — 500 даляраў. Вось трэба выйсьці на 500 даляраў, а далей няхай людзі стараюцца, больш ціснуць ня буду».

Паводле кіраўніка краіны, пры бясплатнай адукацыі і мэдыцыне, нізкім кошце паслуг ЖКГ і нават бэнзіну такі ўзровень заработнай платы прымальны.

«Я магу вам заўтра даць 1000 даляраў. Але — прыйшлі вучыцца ў школу — плаці, як на Захадзе; кінуўся ў навуку — плаці. Таму лепш нам не ламаць тое, што ёсьць, а гэта паволі ўдасканальваць», — сказаў Лукашэнка.

Глядзець камэнтары (4)

XS
SM
MD
LG