Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфляцыя за 2016 год склала ў Беларусі 11,8% — амаль як ва Ўкраіне


За поўны 2016 год індэкс спажывецкіх цэнаў у Беларусі склаў 111,8% у параўнаньні з 2015 годам, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. На харчовыя тавары цэны вырасьлі на 10,4%, на нехарчовыя — на 9,4%, на паслугі — на 19,7%.

Прагноз уладаў на 2016 год, зацьверджаны Лукашэнкам, абяцаў інфляцыю 12%. Міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі на пачатку году засьцерагаў, што інфляцыя можа дасягнуць і 17-18%, а МВФ прагназаваў спачатку 12,3%, а затым 14,5%. Пэсымістычныя прагнозы ня спраўдзіліся.

Цэны расьлі паступова, бяз рэзкіх рыўкоў. У жніўні нават назіралася дэфляцыя: цэны на тавары і паслугі зьнізіліся на 0,1% да мінулага месяца. Дэфляцыя тады адбылася ўпершыню за 7 гадоў.

Індэкс спажывецкіх цэнаў — хіба не адзіны паказьнік, што вырас у Беларусі за 2016 год. Падалі ж сярэднія заробкі і рэальныя даходы, валавы ўнутраны прадукт, таваразварот, замежныя інвэстыцыі, будаўніцтва жытла, колькасьць людзей, занятых на працы...

Зьвестак аб падзеньні ВУП за цэлы год пакуль няма, але за першыя 11 месяцаў 2016 году ВУП упаў на 2,7% да першых 11 месяцаў 2015 году. У сьнежні 2015 году ўлады Беларусі заплянавалі рост ВУП на 0,3% за 2016 год.

Што і як упала ў Беларусі за год:

Што і як упала ў Беларусі за год
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:38 0:00

На 2017 год улады прагназуюць запавольваньне інфляцыі да 9% і росту валавага ўнутранага прадукту на 1,7%, хоць Лукашэнка і насьцярожыўся з прычыны адсутнасьці эканамічнага росту. МВФ прагназуе, што інфляцыя за 2017 год складзе 12,1%, а ВУП вырасьце толькі на 0,4%.

Ва Ўкраіне за 2016 год інфляцыя склала 12,4%. У Расеі чакаецца, што гадавая інфляцыя складзе 5,6% (было 5,8% за першыя 11 месяцаў). У Польшчы пасьля двух з паловай гадоў дэфляцыі інфляцыя вярнулася ў сьнежні 2016 году: індэкс спажывецкіх цэнаў вырас на 0,8% у гадавым вымярэньні, за цэлы год інфляцыя можа скласьці каля 0,4%.

Самая высокая інфляцыя ў сьвеце назіралася ў 2016 годзе ў Паўднёвым Судане (457% на лістапад), Вэнэсуэле (180,9% на сьнежань) і Сурынаме (55,5% на лістапад). Найвышэйшая дэфляцыя была ў Чадзе (4,4% на кастрычнік).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG