Вынікі году. Як парлямэнцкая кампанія адлюстравала стан грамадзтва і палітычнай сыстэмы?

Belarus - Parliamentary election, in Minsk, 11Sep2016

Ці выбары ў Палату прадстаўнікоў праходзілі ў новых сацыяльна-эканамічных і палітычных умовах? Як гэта паўплывала на хаду кампаніі? Ці ўмацавалі выбары легітымнасьць існага рэжыму? Якія наступствы мела інфільтрацыя ў Палату прадстаўнікоў двух дэмакратычных дэпутатаў?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Юры Чавусаў.

Якія асаблівасьці гэтай выбарчай кампаніі?

Валер Карбалевіч: «Парлямэнцкая кампанія 2016 году праходзіла, па-першае, ва ўмовах вострага крызісу беларускай сацыяльнай мадэлі, а па-другое, у пэрыяд актыўнага працэсу нармалізацыі дачыненьняў з Захадам. Як гэта ўплывала на хаду кампаніі? Якія яшчэ асаблівасьці гэтых выбараў?»

Аляксандар Класкоўскі: «Калі казаць коратка, то ўлада цалкам кантралявала выбарчы працэс. Думаю, там наверсе асабліва не пераймаліся, што ў зьвязку з крызісам насьпеюць „гронкі гневу“ і рэалізуюцца альбо ў пратэставым галасаваньні, або ў форме выхаду на вуліцу. Спробы Статкевіча неяк раскруціць вулічную актыўнасьць асаблівага плёну ня мелі. Адзінай інтрыгай было пытаньне, ці дапусьцяць кагосьці з дэмакратаў у Палату прадстаўнікоў. У выніку два дэмакратычныя кандыдаты трапілі ў парлямэнт.

Захад праглынуў тое, што Менск праігнараваў ягоныя заклікі зьмяніць выбарчае заканадаўства. Агулам кажучы, усё было па-старому».

Аляксандар Класкоўскі

Юры Чавусаў: «На мой погляд, заканадаўства было зьменена карэнным чынам. Гэта былі першыя выбары ў Палату прадстаўнікоў (ПП) паводле мажарытарнай сыстэмы адноснай большасьці паводле зьменаў 2013 году».

Класкоўскі: «Але ўлада праігнаравала асноўныя рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ па выніках прэзыдэнцкіх выбараў».

Чавусаў: «Тыя зьмены ў выбарчым заканадаўстве, якія былі б значнымі ў сытуацыі, калі галасы лічацца, для беларускай выбарчай сыстэмы мелі характар дэкарацыяў.

Улады зрабілі такі іранічны жэст, прапусьціўшы ў ПП ня тых людзей, якіх прадказвалі экспэрты, найперш з кампаніі „Гавары праўду“. Чальца АГП Ганну Канапацкую прапусьцілі ў ПП у той акрузе, дзе балятавалася былая кандыдатка ў прэзыдэнты Т. Караткевіч. Сэнс гэтага пасланьня ўладаў Захаду палягае ў наступным: разрадка разрадкай, але мы ўсё будзем кантраляваць і увесь працэс будзе адбывацца паводле нашага сцэнары. Гэта першая кампанія, калі, паводле аналітыкаў, больш цікава абмяркоўваць ня тое, як яна адбывалася, а вынікі кампаніі».

Юры Чавусаў

Унутраная і міжнародная легітымнасьць

Карбалевіч: «Здаецца, упершыню мы маем такую сытуацыю, што па выніках выбараў унутраная легітымнасьць існага рэжыму зьмяншаецца, а замежная легітымнасьць — павялічваецца. Паглядзіце, як краіны ЭЗ, найперш Польшча, актыўна прызнаюць беларускі парлямэнт. Ці згодныя вы з такой высновай?»

Класкоўскі: «Ня ведаю, паводле якіх крытэраў вымяраць, ці зьмяншаецца ўнутраная легітымнасьць. Бо яна можа існаваць увогуле бяз выбараў. У манархіі легітымнасьць адбываецца бяз выбараў.

У Беларусі народ не бунтуе, а прызнае існую ўладу. Вынікі выбараў не выклікаюць абурэньня. Калі яшчэ існавала незалежная сацыялёгія, то яна паказвала, што каля паловы насельніцтва лічыць, што выбары ў нас справядлівыя. Ня думаю, што па выніках гэтай кампаніі сытуацыя надта зьмянілася. Беларусы, агулам кажучы, прымаюць гэтую ўладу. Адна з прычынаў гэтага палягае ў тым, што ўкраінскі досьвед сьведчыць: можа быць і горай. Гэта нейкі фаталізм. Беларусы, напрыклад, ня вераць, што вулічныя пратэсты могуць зьмяніць жыцьцё да лепшага.

Беларусы, агулам кажучы, прымаюць гэтую ўладу. Адна з прычынаў гэтага палягае ў тым, што ўкраінскі досьвед сьведчыць: можа быць і горай.

Што да міжнароднай легітымнасьці. Захад памяняў падыход да Беларусі. Там бачаць усе дэфэкты беларускай дэмакратыі. Але там пераважаюць падыходы „Realpolitik“. Рэвалюцыі ў Беларусі не чакаюць. ЭЗ рэвалюцыі не патрэбныя, яны насёрбаліся ўкраінскай кашы. Захад разумее, што рэальна сытуацыю кантралюе Лукашэнка, і зь ім трэба мець справу. І галоўны чыньнік — гэта Расея, фобіі перад экспансіяй „рускага сьвету“. І Лукашэнка, паводле Захаду, — гэта нейкі барʼер».

Карбалевіч: «Мець справу з Лукашэнкам і прызнаваць беларускі парлямэнт — гэта розныя рэчы».

Чавусаў: «Я б асьцярожна падыходзіў да высноваў пра міжнародную легітымнасьць. Стаўленьне Захаду да рэжыму Лукашэнкі зьмянілася яшчэ да выбараў. Прычыны гэтай перамены геапалітычныя. Беларусь у рэгіёне — адзіная стабільная краіна. І паводле дзіўнага супадзеньня, гэтая краіна аказваецца моцнай дыктатурай. Таму цяпер ЭЗ імкнецца прасоўваць дэмакратыю ў Беларусі шляхам супрацоўніцтва зь існым рэжымам, а не з дапамогай падтрымкі пратэставых дзеяньняў апазыцыі.

Таму невялікія зьмены ў хадзе выбарчай кампаніі вельмі лёгка трактаваць як прынцыповыя. Варта адзначыць пазытыўнае стаўленьне беларускіх уладаў да назіральнікаў ды іхных высноваў.

Ёсьць перамены ў афіцыйнай лініі ўладаў, скіраванай на забесьпячэньне легітымнасьці не парлямэнту, а рэжыму і ягонага пэрсанальнага ўвасабленьня — Лукашэнкі

У ЭЗ прыйшлі да ўлады новыя палітыкі, якія яшчэ не апякліся на дыялёгу з Лукашэнкам. Хоць застаюцца і вэтэраны дыялёгавага руху, кшталту сп. Рыгоні, якія сталі зноў актуальнымі.

Што да ўнутранай легітымнасьці, то гэта цяжка неяк адназначна інтэрпрэтаваць. Ёсьць перамены ў афіцыйнай лініі ўладаў, скіраванай на забесьпячэньне легітымнасьці не парлямэнту, а рэжыму і ягонага пэрсанальнага ўвасабленьня — Лукашэнкі. Цяпер афіцыйная ідэалёгія больш плюралістычная, яна прызнае́, што ў грамадзтве ёсьць разнастайнасьць меркаваньняў. Ёсьць афіцыйныя камуністы, кішэнныя русафілы ды інш. Але яны ўсе павінны падтрымліваць існую палітычную сыстэму. Таму ў Палаце прадстаўнікоў павялічылася колькасьць сяброў партыяў. Плюс два прадстаўнікі незалежнага грамадзтва. Гэта больш складаная сыстэма. Невыпадкова ў адміністрацыі прэзыдэнта адбыліся перастаноўкі, зьвязаныя з ідэалягічным вэктарам».

Якія папярэдніі вынікі рэалізацыі праекту «Анісім-Канапацкая»?

Карбалевіч: «Адразу пасьля выбараў было шмат разважаньняў на тэму, як паўплывае на грамадзка-палітычныя працэсы зьяўленьне ў Палаце прадстаўнікоў дзьвюх дэмакратычных дэпутатак Алены Анісім і Ганны Канапацкай. Выказваліся гіпотэзы пра палітычную амністыю і легалізацыю апазыцыі як інстытуту. Разважалі пра магчымасьць паўтарэньня ў нейкім варыянце дзейнасьці групы „Рэспубліка“ на чале з генэралам Фраловым у пачатку 2000-х гадоў. Можа яшчэ рана рабіць нейкія вялікія высновы, але тым ня менш: што спраўдзілася з гэтых прагнозаў?»

Класкоўскі: «Нічога сэнсацыйнага не адбылося. Зьяўленьне мандату Канапацкай выклікала вострую калізію маральнага пляну ў асяродзьдзі апазыцыі. Але ў выніку Канапацкая стала для старшыні АГП Лябедзькі як ахоўная грамата. Ён зь ёю паўсюль езьдзіць, бо лягчэй сустрэчы нейкія ладзіць. То бок эфэкт такі практычны.

Калі і былі чаканьні, што гэтыя дэпутаткі зладзяць буру ў балоце, у ПП, то яны ня спраўдзіліся. І гэта нерэальна. Думаю, ніхто ня дасьць рэалізаваць пляны АГП вынесьці на сэсію праект зьменаў у Выбарчы кодэкс. Бо свае прынцыповыя пазыцыі, якія тычацца фармаваньня выбарчых камісіяў, спосабу падліку галасоў і датэрміновага галасаваньня, улада здаваць ня будзе».

Чавусаў: «Вынікі гэтага праекту варта будзе ацэньваць у канцы працы гэтага складу ПП. На мой погляд, дыскусіі ў апазыцыі, ці трэба браць мандат, былі нязначныя. Думаю, будзе паўтарацца сытуацыя 2000-х гадоў, калі людзі з дэмакратычнымі поглядамі таксама былі ў ПП. У Анісім і Канапацкай няма пэрспэктывы выхаду на нейкі новы ўзровень уплыву. Таксама лічу, што няма прыкметаў таго, што ўлады ўсурʼёз рыхтуюцца да пераходу на прапарцыйную выбарчую сыстэму».