Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Эўропа ў 2016 годзе


Які вынік дало скасаваньне санкцыяў Эўразьвязу адносна Беларусі і нармалізацыя двухбаковых стасункаў? Ці зьмянілася за год геапалітычная роля Беларусі? Як будуць разьвівацца стасункі паміж Беларусьсю і Захадам у 2017 годзе?

Гэтыя пытаньні ў перадачы «Вынікі году. Экспэртыза Свабоды» абмяркоўваюць старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў і дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў.

Дракахруст: Сёлета ўвесну Эўразьвяз цалкам скасаваў санкцыі, якія дзейнічалі адносна Беларусі шмат гадоў. Як напрыканцы году можна ацаніць плён, вынік гэтага рашэньня? І для каго якім ён аказаўся: для беларускай ўлады, для грамадзянскай супольнасьці, для дзяржавы як такой?

Вусаў: На маю думку, нейкіх радыкальных зьменаў у лепшы бок для Беларусі і грамадзянаў зьняцьце санкцыяў не прынесла, фактычна сытуацыя кардынальна не зьмянілася. Беларусь менавіта дзякуючы таму, што ў краіне існуе ўжо 22 гады аўтарытарны рэжым, застаецца зачыненай для Захаду, сур’ёзнага збліжэньня ні культурнага, ні палітычнага няма.

Можна канстатаваць значны посьпех зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі, які быў сфармаваны той геапалітычнай сытуацыяй, якая склалася вакол Беларусі. Гэта ніяк не зьвязана з унутранай палітыкай, ні зь якімі рэформамі, ні з працэсам дэмакратызацыі. Гэта вынік вайны ва Ўкраіне, зьнешнепалітычнай агрэсіі Расеі.

Таму Эўразьвяз каб зьняць яшчэ адну кропку напружанасьці, пайшоў на збліжэньне з беларускімі ўладамі. Гэта даволі значная перамога, выйсьце з эканамічнай і палітычнай ізаляцыі. Лукашэнку яшчэ не прымаюць на вышэйшым узроўні ў Эўропе, але тым не менш зь ім жадаюць весьці дыялёг, сустракацца зь ім хоча даволі шмат прадстаўнікоў палітычных элітаў Захаду.

Так што, калі ў двух словах, то для беларускіх уладаў і пэрсанальна для Лукашэнкі гэта іміджавая, ідэалягічная і палітычная перамога, а для беларускага грамадзтва фактычна патавая сытуацыя, якая значна не набліжае беларусаў да Эўропы, бо Беларусь як была, так і застаецца ўцягнутай у геапалітычнае, культурнае, інфармацыйнае поле ўплыву Расеі.

Дракахруст: Ну а не кардынальна што-небудзь зьмянілася?

Мельянцоў: Я б тут адвязаўся ад пытаньня санкцый, таму што яно досыць маргінальнае ўжо апошні год у беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях. Самі па сабе санкцыі і раней былі досыць сымбалічныя, ня несьлі шкоды, яны былі шкодныя хутчэй для іміджу краіны і перашкаджалі паглыбленьню беларуска-эўрапейскага дыялёгу на палітычным узроўні. Яны тармазілі двухбаковыя стасункі Беларусі з краінамі Эўрапейскага Зьвязу.

Самі па сабе санкцыі і раней былі досыць сымбалічныя, ня несьлі шкоды, яны былі шкодныя хутчэй для іміджу краіны і перашкаджалі паглыбленьню беларуска-эўрапейскага дыялёгу на палітычным узроўні.

І той новы імідж Беларусі, які яна набыла пасьля таго, як у Менску пачаліся перамовы па Ўкраіне, ён ужо не адпавядаў статусу краіны-ізгоя. І Эўрапейскі Зьвяз знайшоў магчымасьць гэтыя санкцыі адмяніць, але тут варта было б аналізаваць сам па сабе беларуска-эўрапейскі дыялёг, які распачаўся ўжо 3 гады таму.

Ён насамрэч прынёс даволі шмат беларускай дзяржаве і ўраду, і апасродкавана таксама беларускаму грамадзтву. Менавіта ў межах гэтага дыялёгу афіцыйны Менск зрабіў бязьвізавай для палякаў, эўрапейцаў, частку тэрыторыі Беларусі. Цяпер якраз праводзіцца ўнутрыведамаснае ўзгадненьне рашэньня пра тое, каб увогуле адмяніць візы для жыхароў Эўразьвязу на тэрмін да 5 дзён. Тут ідзе гаворка пра тое, каб Беларусь была больш адкрытая, больш прыцягальная для інвэстараў і турыстаў.

Калі казаць пра канкрэтныя дасягненьні, то тут варта ўзгадаць пра дакумэнт, які быў падпісаны напачатку мінулага году и нарадзіўся ў нетрах Эўрапейскага Зьвязу, ён называецца «Магчымыя канкрэтныя меры ў дачыненьні да Беларусі», экспэрты называюць яго «29 пунктаў».
Гэта тое, што Эўразьвяз можа зрабіць канкрэтнага для Беларусі. І зараз можна сказаць, што 13 з гэтых 29 пунктаў ужо выкананыя. Гэта, напрыклад, падпісаньне з Беларусьсю партнэрства па міграцыі, гэта падпісаны мэханізм раньняга папярэджваньня пра катастрофы ў энэргетычнай сфэры, гэта падваеньне фінансавай дапамогі, новыя сэктарныя дыялёгі, якія адкрыліся, напрыклад, дыялёг па гандлі, у межах якога могуць быць адмененыя або пашыраныя квоты па тэкстылю для Беларусі.

Гэта, з аднаго боку, і дасягненьне для беларускай дзяржавы, яна стала больш адкрытая, зь іншага боку, тут выйграе і беларускае грамадзтва, бо паляпшаецца гандаль, паляпшаюцца фінансавыя магчымасьці, і ўрэшце гэта можа прывесьці да падвышэньня дабрабыту.

Дракахруст: Калі рашэньне пра адмену санкцыяў прымалася, яго крытыкі, прынамсі ў Беларусі, казалі, што, маўляў, беларускі рэжым атрымае карт-блянш на рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, на рэпрэсіі. Як з гэтым?

Мельянцоў: Менску ў прынцыпе ад Эўрапейскага Зьвязу і ні ад каго не патрэбны карт-блянш, каб дзейнічаць жорстка. Ня трэба паварочваць з ног на галаву, насамрэч заўжды ўнутраная палітыка для беларускага ўраду была аксыёматычнай.

То бок калі пакласьці на шалі зьнешнюю палітыку і добрыя стасункі з Эўразьвязам і стабільнасьць палітычнай сыстэмы ўнутры Беларусі, то вядома ж апошняе будзе заўжды пераважаць. Таму калі адносіны з Захадам увойдуць у клінч з вырашэньнем нейкім унутрыпалітычных пытаньняў, то Менск вядома ж ня будзе вагацца, ён будзе вырашаць унутрыпалітычныя праблемы нават за кошт пагаршэньня адносінаў з Захадам.

Цяпер проста склалася такая сытуацыя, калі беларускія ўлады адчуваюць сябе абсалютна ў бясьпецы.

Таму цяпер проста склалася такая сытуацыя, калі беларускія ўлады адчуваюць сябе абсалютна ў бясьпецы. То бок ніякіх унутраных выклікаў няма, ніхто тут рэвалюцыі ня робіць, апазыцыю Захад перастаў фінансаваць у такім памеры, як гэта было раней, і таму зараз можна ва ўнутрыпалітычных сытуацыях праводзіць больш лібэральную мяккую палітыку, якая падабаецца Захаду, і такім чынам паляпшаць стасункі і з Брусэлем, і з Вашынгтонам, і іншымі заходнімі сталіцамі.

Дракахруст: Павал, а як вы адкажаце? Тыя перасьцярогі, якія выказваліся, што, маўляў, скасуюць санкцыі і пачнецца немаведама што?

Вусаў: Я цалкам згодны з Дзянісам, што беларускія ўлады заўсёды праводзілі тую палітыку, якая адпавядала іх інтарэсам. Калі ўзьнікалі нейкія пагрозы, яна пашырала рэпрэсіі...

Дракахруст: Гадамі ў Беларусі за выхад на вуліцу адразу адпраўлялі ў пастарунак. Сёлета гэтага не адбывалася. Так, налічылі некалькі дзясяткаў тысячаў даляраў штрафаў, але людзей за краты не кідалі.

Вусаў: Мы ж павінны разумець, што пакуль не ўзьнікае нейкіх сур’ёзных пагрозаў, гэтыя выхады на вуліцу максымальна зьбіраюць 100-150 чалавек.

Дракахруст: Як вы лічыце, калі б санкцыі былі дагэтуль, вось гэтая зьмена адбылася б — штрафы замест пасадак?

Вусаў: Безумоўна, адбылася б, бо трэба разумець, што пакуль няма сур’ёзных выклікаў, такіх як выбары прэзыдэнта, такой шырокай мабілізацыі, якая адбываецца менавіта ў пэрыяд выбарчай кампаніі, ўлады дазваляюць апазыцыі больш-менш свабодна рухацца ў межах, якія былі дазволеныя.

Дракахруст: Дык летась якраз і былі выбары. І сёлета.

Вусаў: Гэта былі выбары ў кантэксьце згоды апазыцыі з уладай. Апазыцыя не заклікала на вуліцы, і ў 2015-м, і ў 2016-м годзе праводзіла ў адносінах да уладаў канструктыўную палітыку. Ніякіх прызываў да «каляровых рэвалюцый», зрынаньня ўлады не было, і гэта абсалютна задавальняла ўлады.

Дракахруст: Ці зьмянілася за гэты год геапалітычная роля Беларусі? Некаторыя кажуць, што яна дасягнула фактычнага нэўтралітэту. Ну вось авіябазы няма. А сёй-той прагназаваў, што будзе. Але вось прагаласавалі ў ААН супраць Украіны. Шматлікія сумесныя з Расеяй вучэньняў. Доўгі шэраг гэтых «так» і «не», дакладней, «так, але». Ну а якая ў іх, на ваш погляд, раўнадзейная?

Вусаў: Я памятаю сваю стаўку, скрыню каньяку, адносна таго, што ў 2016-м годзе зьявіцца расейская база. Я думаю, што той факт, што яе няма, не азначае, што яе не будзе.

Сур’ёзных зьнешнепалітычных і палітычных паваротаў Беларусь рабіць не будзе.

Тая неканкрэтная пазыцыя Беларусі ў дачыненьні да ключавых пытаньняў міжнароднай бясьпекі — Украіны, Сірыі — (яна заўсёды падтрымлівала Расею) паказвае, што сур’ёзных зьнешнепалітычных і палітычных паваротаў Беларусь рабіць не будзе.

Тут вучэньняў адбылося больш за 6, і ўсе на тэрыторыі Беларусі, будуць даволі вялікія вучэньні ў 2017-м годзе, так званы «Захад- 2017». Расея працягвала пастаўляць зброю, у гэтым годзе адбыліся пастаўкі чацьвёртага дывізіёну С-300 ў Беларусь, урэшце скончылася фармаваньне рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны, камандаваньне гэтай рэгіянальнай абаронай будзе на ратацыйнай аснове, пакуль што камандуючым зьяўляецца беларус, у наступным годзе напэўна будзе расеец, але агульная каардынацыя знаходзіцца ў руках Расеі.

Другі момант — гэта тое, што Беларусь застаецца ў межах гэтых інтэграцыйных працэсаў, нягледзячы на канфліктныя, канфрантацыйныя сытуацыі з Масквой, у межах яе геапалітычных уплываў. Лукашэнка разумее, што насамрэч яму няма куды рухацца. На Захадзе яго ніхто не чакае, ёсьць зрухі ў фармальным кантэксьце, візавае пытаньне, але гэта не набліжае ў геастратэгічным, тым больш, геапалітычным сэнсе, Беларусь да Эўропы, і тым больш не аддаляе ад Расеі.

Мы бачым, чым сканчаюцца нейкія нават фармальныя памкненьні Беларусі дыстанцыявацца і праводзіць самастойную нацыянальную палітыку — вельмі сур’ёзнай інфармацыйнай агрэсіяй з боку Расеі. Безумоўна, ёсьць даволі высокая рызыка таго, што ў пэўных умовах Расея можа распачаць даволі моцны ціск, ня толькі эканамічны, але і геапалітычны на Беларусь, каб цалкам завяршыць тую інтэграцыю, якая пачалася яшчэ ў 2010-м годзе.

Дракахруст: Дзяніс, ваш адказ — ці ёсьць дэ-факта нэўтралітэт?

Мельянцоў: Экспэрты кажуць пра «сытуацыйны нэўтралітэт», гэта азначае дэ-факта нэўтральную пазыцыю Беларусі па канфлікце ва Ўкраіне і аказаньне дапамогі ў перамовах. Тут якраз міжнародная супольнасьць прызнае такі беларускі статус, гэта ў дакумэнтах замацавана, напрыклад, у выніковых дакумэнтах Рады ЭЗ. Да таго ж Беларусь спрабуе не ўзмацняць напружанасьць і мілітарызацыю ў рэгіёне.

Вось чым тлумачыцца адмова ад расейскай авіябазы. І адначасова Беларусь захоўвае свой саюзны статус з РФ. Што да галасаваньня ў ААН, то тут Беларусь прагаласавала ня супраць Украіны як такой, а супраць асобнай краінавай рэзалюцыі. МЗС гэта тлумачыў, тое, што існуе агульны для ўсіх мэханізм у межах ААН у сфэры правоў чалавека ў кожнай краіне — гэта ўнівэрсальны пэрыядычны агляд, у межах якога Беларусь і супрацоўнічае і які прызнае.

А вось такія асобныя краінавыя рэзалюцыі, па асобна ўзятых краінах, Беларусь разглядае як элемэнт палітычнага ціску. Таму яна галасуе пасьлядоўна супраць вось такіх асобных рэзалюцыяў.

Беларусь спрабуе праводзіць максымальна незалежную палітыку ў межах таго калідора магчымасьцяў, які ў яе застаецца.

Украінскае кіраўніцтва пра гэта было папярэджанае загадзя, і ніякіх сюрпрызаў тут насамрэч няма. Таму калі падсумаваць, то Беларусь спрабуе праводзіць максымальна незалежную палітыку ў межах таго калідора магчымасьцяў, які ў яе застаецца праз тое, што яна, з аднаго боку, зьяўляецца шчыльным вайсковым саюзьнікам Расеі, а зь іншага боку мае абсалютна адрозны ад Расеі нацыянальны інтарэс. Вось гэта прыкладна і азначае сытуацыйны нэўтралітэт.

Дракахруст: Чаго ў адносінах Беларусі з Эўразьвязам і ЗША можна чакаць у наступным годзе? Якія крокі, падзеі ў гэтай сфэры можна чакаць: у Менск прыедуць Трамп ці Мэркэль, МВФ дасьць грошы, заключаць пагадненьне пра танныя візы, дамову аб добрасуседзтве, альбо наадварот — Беларусь ізноў пасварыцца з Захадам, стасункі вернуцца ў стан «халоднай вайны»?

Мельянцоў: Я б сказаў, што будзе працэс. Як я сказаў, ёсьць «дарожная мапа» — 29 пунктаў у адносінах паміж ЭЗ і Беларусьсю. Я думаю, што бакі будуць паступова рухацца ў межах гэтага вызначанага парадку дня.

З МВФ працягнуцца перамовы, там досыць высокая імавернасьць таго, што для Беларусі будзе праграма Фонду. Ёсьць магчымасьць падключэньня Беларусі да праграмаў Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця.

Вялікая імавернасьць спрашчэньня візавага рэжыму з ЭЗ. Гэты працэс зацягнуўся, ёсьць тэхнічныя перашкоды. Але гледзячы па тым, што афіцыйны Менск робіць жэсты добрай волі кшталту «бязьвізавай Горадні», падвышаюцца шанцы на спрашчэньне візавага рэжыму і для Беларусі.

Таксама хутчэй за ўсё ў наступным годзе пачнуцца перамовы па часовым гандлёвым пагадненьні паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.

Тое, што зьнялі санкцыі з Беларусі — гэта пэўная адмашка для сталіцаў ЭЗ, што можна і трэба супрацоўнічаць з Беларусьсю.

І двухбаковыя адносіны таксама будуць паглыбляцца. Тое, што зьнялі санкцыі з Беларусі — гэта пэўная адмашка для сталіцаў ЭЗ, што можна і трэба супрацоўнічаць з Беларусьсю. Таму мы назірае такую актывізацыю адносінаў і з Польшчай, і з Нямеччынай, і зь некаторымі іншымі краінамі. І гэта будзе працягвацца.

Хутчэй за ўсё стану халоднай вайны ня будзе, туды мы ня вернемся. Бо адносіны досыць устойлівая, выбары прайшлі, каляровых рэвалюцыяў ніхто не плянуе, фінансаваньне апазыцыі скараціліся, яе палітыка і рыторыка сталі больш прагматычнымі і рэалістычнымі. Значыць, яна больш прымальная для афіцыйнага Менску. Варта прагназаваць плаўнае паляпшэньне адносінаў, але без рэзкіх прарываў і сэнсацыяў.

Вусаў: Я мяркую, што сытуацыя ня будзе занадта аптымістычнай. Стаўленьне да Беларусі варта разглядаць у кантэксьце яе стасункаў з Расеяй. А пакуль Расея будзе праводзіць агрэсіўную зьнешнюю палітыку, то не будзе шырокага раскрыцьця Беларусі насустрач Эўразьвязу.

Інакш яна сустрэнецца з моцным ціскам з боку Масквы.

Я ня думаю, што адбудзецца спрашчэньне візавага рэжыму. Магчыма, кошты на візы панізяцца, але спрашчэньня не адбудзецца, бо Беларусь знаходзіцца ў саюзе з Расеяй. Эўропа чакае, што Беларусь зьнізіць кошты на візы для грамадзянаў краінаў ЭЗ, але пакуль Менск не сьпяшаецца гэта рабіць.

Я мяркую, што Расея працягне ціск, дамагаючыся разьмяшчэньня ў Беларусі сваёй авіябазы. Гэта тым больш верагодна, што ў Польшчы будуецца другая чарга сыстэмы супрацьракетнай абароны і гэта прывядзе да росту напружанасьці ў рэгіёне.

Наколькі Менску хопіць рэсурсаў супрацьстаяць расейскаму ціску — вялікае пытаньне. Сёньня Менску не выпадае надта разьлічваць на Захад у процістаяньні з Масквой.

Думаю, што будзе праводзіцца такая памяркоўная палітыка, каб не раздражняць Маскву.

Думаю, што будзе праводзіцца такая памяркоўная палітыка, каб не раздражняць Маскву. Другая мэта — каб не пашыраць сваёй зьнешняй палітыкай спэктар свабоды ўнутры краіны. Што можа прывесьці да нечаканых вынікаў. Я не кажу пра «каляровую рэвалюцыю», але пра рост пратэстаў, бо паслабленьне рэпрэсіяў і памяншэньне адміністрацыйнага ціску можа прывесьці для лякальных сацыяльных і палітычных выбухаў, што не зьяўляецца непажаданым сцэнаром для Беларусі.

Хаця ў наступным годзе выбараў ня будзе ні ў Беларусі, ні ў Расеі, так што кропак мабілізацыі ня будзе, але эканамічная сытуацыя ў краіне будзе пагаршацца. І дамоўленасьці з Эўропай не паўплываюць станоўча на эканамічную сытуацыю ў Беларусі.

І эканамічны крызіс можа прынесьці нечаканасьці як для беларускай эканамічнай сыстэмы, гэтак і беларускага грамадзтва. Напэўна, наступны год будзе больш цікавы, чым мы можам на гэта спадзявацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG