Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларушчына выходзіць з таго элітарнага гета, дзе яна была раней»


Ці стала болей беларускай мовы і беларускасьці ў 2016 годзе? Ці існуюць падставы ўжываць тэрмін «мяккая беларусізацыя»? Ці можна казаць, што дзяржава сама спрыяе беларусізацыі, альбо яна проста не замінае грамадзянскай актыўнасьці ў гэтай сфэры? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды — вынікі году» адказваюць экспэрт Лібэральнага клюбу Вадзім Мажэйка і заснавальнік курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Калі ацаніць 2016 год з пункту гледжаньня беларусізацыі — які балянс можна падвесьці? Ці стала ў краіне больш беларускасьці і беларускай мовы?

Мажэйка: На мой погляд, беларускасьці стала за гэты год болей, бо працягваецца трэнд «мяккай беларусізацыі». У асноўным гэта грамадзкі трэнд, але падключылася крыху і дзяржаўная культурная палітыка. Я лічу, гэты трэнд усё яшчэ актуальны; больш за тое, ён нарастае. Я за гэтым пільна сачу, і мне падабаецца наступнае: калі 2-3 гады таму нейкія падзеі былі проста бомбай, супэрнавінамі (нейкі бізнэс пачаў ужываць беларускую мову, нейкі чыноўнік нешта выказаў на гэты конт) — то сёньня гэта ўжо чаканыя і нават нязначныя падзеі. Маўляў, нам гэтага мала, давайце ісьці далей. У цэлым у гэтай сфэры ў нашым ня самым вясёлым жыцьці ёсьць пэўныя падставы для аптымізму.

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

Цыганкоў: Але калі мы кажам пра балянс, то гэта азначае, што ёсьць станоўчы і нэгатыўны бок. Ці ў гэтым пытаньні ўсё так бясхмарна?

Мажэйка: Безумоўна, нэгатыўныя праявы ёсьць, я абазначаю іх як «антыбеларусізацыю». І гэта зразумела, бо беларусізацыя злуе прыхільнікаў «рускага сьвету», якія таксама ёсьць часткай беларускага грамадзтва. Вядома, для іх любое пашырэньне беларускай мовы ці забароны выкарыстаньня «калярадзкіх» стужак на нейкім дзяржаўным прадпрыемстве — гэта проста нажом па сэрцы. За гэты год мы шмат чулі ганебных выказваньняў на адрас беларускай мовы, таксама працягваліся забароны канцэртаў музыкаў. А таксама працэс над Эдуардам Пальчысам, які паказаў, што ўлада баіцца крытыкі «рускага сьвету», каб мы не перайшлі нейкую чырвоную рысачку, што можа выклікаць абурэньне Крамля.

Цыганкоў: Глеб, вы займаецеся беларусізацыяй фактычна ўсё сваё сьвядомае жыцьцё і таму можаце ацэньваць гэты працэс у дынаміцы. Які ваш балянс?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Лабадзенка: Усё ідзе па нарастальнай. Канцэрты і раней забаранялі, і цяпер часам забараняюць. Але на ўзроўні людзей, фірмаў гэта ўсё нарастае. Згадваюцца два прыклады, якія праходзілі праз нас. Першы — гэта «Эўраопт», які адкрыўся ў Горадні і дзе ўся візуалізацыя зробленая па-беларуску. І другі адкрыўся на мінулых выходных у Менску. Калі ў Горадні нібыта ва ўсіх касах гатовыя падтрымаць размову па-беларуску — то ў Менску толькі ў дзьвюх.

І адразу меркаваньні людзей падзяліліся. Хтосьці сказаў, што гэты добры крок у бок беларускай мовы. А хтосьці сказаў, што гэта патыхае касамі для афра-амэрыканцаў у пэўны пэрыяд гісторыі ЗША. Я ж настроены пазытыўна. Калі ўчора гэтага не было, а сёньня ёсьць, то гэта плюс. Другі прыклад — запускаўся сайт Menu.by, які зьвярнуўся да нас. Яны да запуску сказалі, што ў іх павінна быць беларуская вэрсія.

Калі ж казаць пра адмоўны бок балянсу, то навіны апошніх дзён пра магчымае закрыцьцё ці перафарматаваньне «Белсату» — гэта будзе магутны ўдар па беларусізацыі. «Белсат» — адзінае незалежнае тэлебачаньне па-беларуску, і калі тыя злачынныя пляны будуць даведзеныя да канца — то гэта будзе самы вялікі мінус.

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

Цыганкоў: Як можна ацаніць такія крокі ў бок беларусізацыі камэрцыйных структураў? Ці яны адчулі, што «ўжо можна», ці нават улада ім дазволіла, намякнула, што «давайце, за гэта нічога ня будзе»?

Яны бачаць, што ўлада перастала гэта душыць, перасьледаваць.

Лабадзенка: Думаю, кожнай канкрэтнай фірме ўлада не гаворыць — «можна ўжо». Але ж яны не сьляпыя. Яны бачаць, што ўлада перастала гэта душыць, перасьледаваць. Па-другое, яны бачаць, што гэта прыносіць пэўныя дывідэнды. Гэта па-ранейшаму падзеі: СМІ і сайты пішуць, што запусьціўся новы бізнэс і там ёсьць беларуская мова. Крытычная маса, над якой так працуюць усе прыхільнікі беларушчыны, нарастае і паказвае шмат каму, што «ўжо прысьпеў час».

Цыганкоў: Ня так даўно ў перадачы «Інтэрвію тыдня» галоўны рэдактар часопісу Arche Валер Булгакаў заявіў: «Тое, што мы называем „мяккай беларусізацыяй“, грунтуецца на лягічнай памылцы. Бо беларусізацыя, як гэты працэс ішоў 90 гадоў таму, — гэта была сьвядомая палітычная ініцыятыва ўладаў, якая прадугледжвала вельмі жорсткую праграму ажыцьцяўленьня — перавод зьверху школьніцтва, СМІ ды іншых сфэраў жыцьця на беларускую мову». А цяпер, маўляў, дзяржава фактычна нічога ня робіць. Вадзім Мажэйка, я ведаю, што вы нават дыскутавалі ў сацыяльных сетках наконт гэтага тэзісу Булгакава...

Калі яшчэ недзе ў 2014 годзе можна было лічыць, што людзі нечага не заўважылі, то цяпер падзеяў у беларусізацыі столькі, што не заўважаць іх не магчыма.

Мажэйка: Так, спадар Булгакаў выказаў сваю думку даволі інтэлігентна. Але заўсёды знаходзяцца людзі больш простыя, якім нянавісьць да ўлады засьцілае вочы, і яны кажуць — «няма ніякай беларусізацыі, рэжым падпарадкаваны Крамлю» і гэтак далей. Калі яшчэ недзе ў 2014 годзе можна было лічыць, што людзі нечага не заўважылі, то цяпер падзеяў у беларусізацыі столькі, што не заўважаць іх не магчыма.

Што — няма пашырэньня цікавасьці да моўных курсаў спадара Лабадзенкі? Бізнэс на беларускую не пераходзіць? Няма выбуховага попыту на беларускае адзеньне і атрыбутыку? Мне нават здаецца троху дзіўным спрачацца з тымі, хто адмаўляе беларусізацыю.

Наконт тэрмінаў. Чаму «мяккая»? Калі ў 1920-я гэта сапраўды была найперш праца дзяржавы, то цяперашняя беларусізацыя пачыналася недзе з 2011 году найперш як грамадзкі трэнд. Дзяржава падхоплівае гэта ўжо пасьля Крыму, калі разумее небясьпеку расейскага імпэрскага падыходу. Дзяржава і дагэтуль ня грае ў гэтым працэсе галоўнай ролі. «Мяккая сіла» — гэта тэрмін гарвардзкага навукоўца Джозэфа Ная, які акурат падкрэсьлівае не прымусовае нейкае прасоўваньне, а добраахвотнае ўцягваньне на аснове прывабнасьці.

Цыганкоў: Дзеля таго ж «балянсу» можна прывесьці факты пра стаўленьне дзяржавы да гэтай тэмы. Колькасьць беларускамоўных школаў не павялічваецца, а зьніжаецца, размовы пра беларускамоўны ўнівэрсытэт застаюцца размовамі, нават дэпутат Алена Анісім выказалася, што яе спробы беларусізаваць «Палату прадстаўнікоў» пакуль не знаходзяць таго водгуку, якога яна чакала.

За гэтыя гады мы настолькі ўзрадаваліся беларусізацыі, што некаторыя людзі перабольшваюць свае чаканьні — а потым абураюцца, што гэтага няма.

Мажэйка: Я згодны. Але тут ёсьць такая пастка, што за гэтыя гады мы настолькі ўзрадаваліся беларусізацыі, што некаторыя людзі перабольшваюць свае чаканьні — а потым абураюцца, што гэтага няма. Зразумела, што цяперашні трэнд — не аднаразовы, яны вельмі хутка і лёгка могуць адкаціцца назад, як гэта і было ў савецкі час. Гэты працэс будзе доўгім і нялёгкім: і ў грамадзтве, і ва ўладзе ёсьць шмат іншых меркаваньняў тых, хто ня згодны зь беларусізацыяй. І можа, праз 10 год гэты працэс умацуецца значна лепей, чым калі б дзяржава адразу перавяла ўсе школы на беларускую мову.

Цыганкоў: Глеб, вы гадамі ведзяце перапіску з рознымі дзяржаўнымі органамі наконт беларускай мовы. Ці можна сказаць, што цяпер яны больш дысцыплінавана і пазытыўна рэагуюць на вашыя запыты?

Лабадзенка: Я б не сказаў, што яны сталі ставіцца больш пазытыўна. Проста навучыліся адказваць на гэтыя пытаньні. Засвоілі нормы законаў, якія кантралююць гэтыя моманты.

Працэсы, якія ідуць зараз, больш глыбінныя, яны мяняюць сьвядомасьць людзей.

Ведаеце, я ня вельмі арыентуюся на тое. што робяць дзяржаўныя органы. Бо сапраўды, тое, што робіць дзяржава, — «Бог даў, Бог узяў». Працэсы, якія ідуць зараз, больш глыбінныя, яны мяняюць сьвядомасьць людзей. Ужо няма таго стаўленьня, што гэта «калхозьнікі» альбо «бээнэфаўцы». Уявіце, каб некалькі гадоў таму дзяўчаты на начной дыскатэцы выступалі ў вышымайках. Ня буду казаць, як я да гэтага стаўлюся, — я проста кажу, што некалькі гадоў таму гэта было немагчыма. Сёньня гэта ў трэндзе, у модзе, і адматаць гэта назад ужо немагчыма.

І таму я не чакаю, што дзяржава нам тут пачне нешта рабіць. Выдаць загад, што ўсе пачынаем размаўляць па-беларуску, — гэта адно. І людзі, якія залежаць ад дзяржавы, могуць пачаць выконваць гэты загад, але сьцяўшы зубы і трымаючы дулю ў кішэні.

Мажэйка: Тут узьнялі тэму наконт беларускіх дыскатэк. Я чытаў камэнты ў духу «як гэта можна, сьвятую беларушчыну зьнізілі да ўзроўню начных тусовак». Ведаеце, на мяне колькі дзён таму ў Інстаграме падпісалася дзяўчына, у якой у статусе напісана «Д’ябал носіць Прада, а я нашу вышыванку». Зразумела, што гэтая дзяўчынка ня будзе такім знаўцам беларускай мовы, як Вінцук Вячорка. Але калі мы хочам, каб беларуская мова і культура былі нацыянальнымі і масавымі, то трэба з разуменьнем ставіцца да таго, што беларушчына выходзіць з таго элітарнага гета, дзе яна была раней.

І з пункту гледжаньня філязофіі гэта нармальны працэс. Любыя ідэі, калі становяцца масавымі, заўсёды будуць крыху спрашчацца. Але калі мы хочам, каб Беларусь была беларускай, то трэба з пазытывам ставіцца і да тых, хто робіць першыя крокі, для каго беларушчына — гэта пакуль толькі надзець вышымайку ў клюб.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG