Кыргызстан чакае паставак паліва з Кітая і Беларусі, каб дапамагчы справіцца з наступствамі недахопу паліва ў свайго галоўнага пастаўшчыка Расеі.
Мясцовыя СМІ цытуюць намесьніка прэм’ер-міністра Даніяра Амангельдыева, які заявіў, што Кыргызстан падпісаў кантракты з Беларусьсю на тры пастаўкі авіяцыйнага і дызэльнага паліва, а таксама дасягнуў такіх жа дамоваў з Кітаем, піша Reuters.
На мінулым тыдні Кыргызстан, які імпартуе больш за 90% свайго паліва з Расеі, зьвярнуўся да Казахстану, Беларусі, Азэрбайджану, Узбэкістану і Туркмэністану з просьбай аб дапамозе ў забесьпячэньні стабільных паставак паліва.
Расея адчувае дэфіцыт паліва пасьля таго, як украінская кампанія бесьпілётнікаў накіравала атакі супраць нафтаперапрацоўчых заводаў краіны. Расейскія чыноўнікі заявілі, што разглядаюць магчымасьць забароны на экспарт дызэльнага паліва. У панядзелак Украіна нанесла ўдар па найбуйнейшым расейскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Омску, разьмешчаным глыбока ў Сібіры, прыкладна за 2700 км ад тэрыторыі, якая знаходзіцца пад кантролем Украіны, і недалёка ад мяжы Расеі з Казахстанам.
Намесьнік міністра энэргетыкі Казахстана Кайырхан Туткышбаеў заявіў журналістам у аўторак, што яго краіна разгледзіць свой адказ на просьбу Кыргызстана.
«Мы зараз разглядаем гэтае пытаньне. Аднак усе рашэньні будуць прымацца з улікам нацыянальных інтарэсаў і ўнутранага балянсу попыту і прапановы», — сказаў Туткышбаеў.
Намесьнік міністра не ўдакладніў, колькі паліва можа быць закранута і калі будзе прынята рашэньне.
Паводле Ўпраўленьня энэргетычнай інфармацыі, Казахстан здабывае амаль 2 мільёны барэляў нафты ў дзень, што робіць яго найбуйнейшым вытворцам у Цэнтральнай Азіі. Ён таксама мае некалькі буйных нафтаперапрацоўчых заводаў.
Чаму гэта важна
Украіна за апошнія два гады ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.
Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах, а нядаўна нанесьлі буйны ўдар па праваслаўнай Кіева-Пячорскай лаўры.
Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.
Каб даць рады дэфіцыту паліва, Расея пачала перамовы з Казахстанам аб пастаўках бэнзіну АІ-92 у абʼёме 50 тысяч тон, высьветліла агенцтва Reuters. Як паведамляе Расейская служба Радыё Свабода, Расея таксама плянуе імпартаваць бэнзін зь Індыі.
Экспэрт нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін заявіў Расейскай службе Радыё Свабода, што бэнзін у Расею паступае з двух беларускіх заводаў:
«Але там невялікія абʼёмы, бо два беларускія заводы разам маюць магутнасьць экспарту нафтапрадуктаў прыкладна 13 мільёнаў тон у год — гэта прыкладна адзін расейскі нафтаперапрацоўчы завод».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна з пачатку году амаль 200 разоў атакавала расейскія НПЗ — у 11 разоў больш, чым летасьГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Узброеныя сілы Ўкраіны ўпершыню атакавалі найбуйнейшы ў Расеі Омскі НПЗ за 2500 кілямэтраў ад фронтуВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.