Міністрам аховы здароўя стаў Валеры Малашка, якога месяц таму прызначалі міністрам працы

Валеры Малашка

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Валерыя Малашку міністрам аховы здароўя, паведамляе ягоная прэсавая служба.

На папярэдняй пасадзе — міністра працы і сацыяльнай абароны — спадар Малашка прапрацаваў крыху больш за месяц, папярэдняе прызначэньне адбылося 15 сьнежня 2016 году.

«Калі мы закранулі пытаньне аб прызначэньні міністра аховы здароўя і мне прапанавалі дзясятка паўтара кандыдатур, самы высокі рэйтынг пры праверцы аказаўся ў вас. Усе давалі характарыстыкі, перш за ўсё ставячы вас на першае месца», — адзначыў Аляксандар Лукашэнка, прызначаючы Валера Малашку.

«Не хачу сказаць, што пасада міністра працы ў нас другарадная, але, пагадзіцеся, пасада міністра аховы здароўя — найважнейшая ў любой краіне, бо гэта зьвязана са здароўем цэлай нацыі, нашага насельніцтва. Мне давялося выбіраць: ці пагадзіцца з тым, што было, ці прызнаць, што Малашка больш патрэбен у якасьці міністра аховы здароўя. Таму я прыношу свае прабачэньні, што так атрымалася, але грамадзтва лічыць, што Малашка павінен быць міністрам аховы здароўя. І я з гэтым грамадзтвам згодны», — цытуе прэсавая служба словы Аляксандра Лукашэнкі.

Валеры Малашка нарадзіўся ў 1966 годзе ў Горадні. Паводле першай адукацыі ён пэдыятар. Таксама скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце (спэцыяльнасьць «дзяржаўнае кіраваньне сацыяльнай сфэрай»).

З 1989 па 2004 год Малашка працаваў па спэцыяльнасьці: анэстэзіёлягам-рэаніматолягам, намесьнікам галоўнага лекара ў лячэбных пытаньнях, галоўным лекарам Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы.

З 2004 году Валеры Малашка быў першым намесьнікам начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму. З 2005 па 2009 год — начальнікам упраўленьня аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму. У студзені 2009 году быў прызначаны намесьнікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму. У сьнежні 2016-га стаў міністрам працы.