Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзін-два дактары вядуць прыём па-беларуску», — у Горадні выдалі мэдычны дыялектны слоўнік


«Дыялектны слоўнік мэдыцынскіх тэрмінаў Беларусі»

У Горадні выйшаў «Дыялектны слоўнік мэдыцынскіх тэрмінаў Беларусі», які склаў Віктар Варанец. Слоўнік выпушчаны выдавецтвам Гарадзенскага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту, у якім выкладае аўтар. Пад адной вокладкай сабрана каля пяцісот тэрмінаў з жывой народнай мовы.

Самае цікавае, гаворыць Віктар Варанец, што ў 1920-30-я гады ўласна беларускі лексычны пласт мэдычнай тэрміналёгіі быў значна шырэйшы за той, які мы сёньня маем. Так было за кошт народнай дыялектнай мовы.

«Скажам, у большасьці рэгіёнаў Беларусі сёньня выкарыстоўваюць слова „вогнік“ замест слова „герпэс“. Такія словы застаюцца жывымі. І я вырашыў паглядзець, а колькі іх такіх ёсьць, менавіта дыялектных мэдычных тэрмінаў, наколькі яны распаўсюджаныя на тэрыторыі Беларусі? Іх назьбіралася каля паўтысячы. Прычым большасьць зь іх ахоплівае палову ці нават дзьве траціны тэрыторыі сучаснай Беларусі. Іх упрыгожылі малюнкамі. Першыя водгукі на слоўнік пазытыўныя. Са зьдзіўленьнем кажуць, што, аказваецца, такая тэрміналёгія ў беларускай мове існавала спрадвеку. І гэта яшчэ адно сьведчаньне, што мова мае глыбокія карані, досыць разьвітая», — кажа аўтар слоўніка.

Віктар Варанец
Віктар Варанец

Тры гады таму Віктарам Варанцом быў выдадзены першы ў гісторыі беларускай лексыкаграфіі руска-беларускі тлумачальны слоўнік мэдыцынскіх тэрмінаў. Меў добрыя водгукі, наклад разышоўся, а ў інтэрнэце было каля трох тысяч спампоўваньняў.

У тым выданьні сабрана больш за дзьве тысячы тэрмінаў, на кожны даецца мэдычнае тлумачэньне. І аўтару прыйшла думка, што любая тэрміналёгія павінна аднекуль папаўняцца.

«Мы традыцыйна бяром у мэдыцыне тэрміны з лацінскай мовы, з грэцкай. І з расейскай. Ёсьць таксама наватворы. Але варта было пашукаць і ў народных гаворках», — адзначае Варанец.

У свой час ён пералапаціў усе слоўнікі, якія былі. І Байкова, і Станкевіча, і Зоські Верас. Існуе дзьве з паловай тысячы ўласна беларускіх мэдычных тэрмінаў, лічыць Віктар Варанец, нават без наватвораў:

«Яны ўзятыя са слоўнікаў, якія ўжо існавалі. Цікавыя таксама і напрацоўкі тэрміналягічнай камісіі ў 1920-я гады. У свой час імі карысталіся. Мне засталося толькі аднавіць, даць ім другое жыцьцё. Зь пяці тысяч мэдычных тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца сёньня, дзьве з паловай тысячы беларускіх — гэта досыць значная лічба».

Разгорнуты слоўнік: літара К, старонкі 30―31.
Разгорнуты слоўнік: літара К, старонкі 30―31.

Цікавасьць выклікаюць сёньня і распрацаваная ў 1920-х гадах лекарская тэрміналёгія. Выйшлі два зборнікі, у асноўным з анатамічным тэрмінамі. Праца была значная, фундамэнтальная, зазначае Віктар Варанец:

«Я цікавіўся думкай нашых анатамаў, яны досыць высока ацэньваюць гэтыя распрацоўкі. І зноў жа, некалі амаль усе гэтыя тэрміны выкарыстоўваліся. Яны былі даволі лёгкія ў запамінаньні і выкарыстаньні. Напрыклад, першы пазванок па-беларуску — першахрыбетка. Мы са студэнтамі вывучаем гэтую тэрміналёгію, яны хутка схопліваюць і валодаюць ёю. У нас ёсьць курс „Беларуская мова. Прафэсійная лексыка“. Яе вывучаюць усе на першым курсе. А беларуская мова выкладаецца як асобны прадмет нароўні з мэдыцынскімі».

Можна думаць, што гэтыя веды потым аказваюцца незапатрабаванымі. Аднак Віктар Варанец кажа, што сёньня ў кожнай бальніцы ў Горадні ёсьць адзін-два доктары, хто штодзённа карыстаюцца мовай і нават прыём вядуць па-беларуску. Усё ж гэта таксама зрух, кажа ён.

XS
SM
MD
LG