Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць фактаў пра новага віцэ-прэмʼера Васіля Жарко


Васіль Жарко

Васіль Жарко прызначаны намесьнікам прэмʼер-міністра Беларусі. Раней ён займаў пасаду міністра аховы здароўя.

«Сапраўды, ёсьць у вашай галіны сурʼёзныя посьпехі. Але і велізарная колькасьць недахопаў, якімі вам прыйдзецца займацца і на пасадзе віцэ-прэмʼера. Яшчэ я выбраў таму, што вы ў нас міністар ужо зь велізарным досьведам. Напэўна, ніхто не затрымліваўся столькі на міністэрскай пасадзе. Гэта сьведчыць аб тым, што вы мелі вялікія задачы, якія трэба было вырашаць, і іх вырашалі. Калі б вы іх не вырашалі, вы б міністрам не былі», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, паведамляе БЕЛТА.

На новай пасадзе Жарко будзе апекавацца сацыяльнаю сфэраю — гэта адукацыя, ахова здароўя і спорт. Лукашэнка таксама нагадаў аб даручэньні дасягнуць у 2017 годзе сярэдняга заробку ў 500 даляраў.

«Заробак у людзей у сувязі з гэтымі эканамічнымі пэрыпэтыямі невысокі. Яго трэба падымаць, чаго б нам ні каштавала», — сказаў Лукашэнка.

Свабода сабрала пяць цікавых фактаў пра новага віцэ-премʼера.

1. Ня мог «вытурыць» са шпіталя Някляева

Васіль Жарко быў згаданы раней Аляксандрам Лукашэнкам у кантэксьце нападу на кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева перад Плошчай-2010.

Увечары 19 сьнежня 2010 году Някляева жорстка зьбілі супрацоўнікі спэцслужбаў, ён трапіў у рэанімацыю менскага шпіталя хуткай дапамогі, аднак паводле «рэкамэндацыі з самага верху» яго неўзабаве даставілі адтуль у СІЗА КДБ.

«Міліцыя зьбіла Някляева, ай-яй-яй, ай-яй-яй! Я знаходжу міністра аховы здароўя Жарко ўначы, кажу: „Васіль Іванавіч, я цябе пераканаўча прашу, пракантралюй, акажыце дапамогу. Ты ж разумееш, што смуроду столькі, што далей няма куды“. Ён мне кажа: „Ды супакойцеся вы, там драпіна на патыліцы і сіняк пад вокам“. Някляеў рвецца на плошчу, бо там безь яго ўжо дзеляць уладу. Падзеі на плошчы скончыліся. Сабралі кансыліюм, яго накіроўваюць на амбуляторнае лячэньне. Тэлефануе мне міністар і кажа: „Ды мы яго са шпіталя вытурыць ня можам. Пад дзьвюма коўдрамі схаваўся“. Знайшоў там адстойнічак, дзе вырашыў ціхенька адляжацца. Ня выйдзе!», — заявіў Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі 20 сьнежня 2010 году.

2. Працаваў разам з маці Ірыны Абельскай

У другой палове 80-х гадоў Жарко працаваў інтэрнам у Берасьцейскім дзіцячым абласным шпіталі разам зь Людмілай Пастаялкай — будучай міністрам аховы здароўя Беларусі, маці Ірыны Абельскай (асабістай лекаркі Аляксандра Лукашэнкі). Потым, у 2005-2006 годзе, разам з Пастаялкай Жарко працаваў у Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа.

Міністрам аховы здароўя Васіль Жарко стаў у 2006-м — ён пераняў пасаду акурат ад Людмілы Пастаялкі, якая заняла пасаду «сэнатара» ў Савеце Рэспублікі.

3. Неаднойчы абяцаў зьліквідаваць чэргі ў паліклініках

Васіль Жарко некалькі разоў рабіў публічныя заявы, што чэргаў у паліклініках больш ня будзе.

«У 2013 годзе чэргаў у паліклініках ня будзе», — заявіў Жарко ў сакавіку 2011-га.

Яшчэ праз год Жарко паабяцаў: «Чэргі ў беларускіх паліклініках зьнікнуць да 2014 году».

4. Дабудоўвае катэдж за 1 мільён даляраў

Газэта «Наша Ніва» паведаміла напачатку 2016 году, што ў лесе за Нацыянальнай бібліятэкай міністар Васіль Жарко дабудоўвае велізарны катэдж.

Паводле выданьня, у лістападзе 2010 году Менгарвыканкам прыняў рашэньне вылучыць Васілю Жарко ў пажыцьцёвае карыстаньне надзел унутры катэджавага пасёлку «Тапас». Кошт дому, які будуе на гэтым участку міністар, — большы за 1 мільён даляраў. Колькі за яго заплаціў Жарко — невядома. Будаўнічую пляцоўку агароджвае калючы дрот.

5. Быў у цэнтры скандалу з разьмеркаваньнем выпускнікоў

У лістападзе 2009 году Васіль Жарко апынуўся ў цэнтры скандалу, зьвязанага з разьмеркаваньнем маладых спэцыялістаў. Тагачасны рэктар Менскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту Павел Беспальчук апублікаваў ва ўнівэрсытэцкай газэце артыкул, у якім выкрываў карупцыю пры разьмеркаваньні выпускнікоў. Пры гэтым камісію па разьмеркаваньні ўзначальваў асабіста Жарко.

На наступны дзень пасьля выхаду газэты Беспальчук перастаў быць рэктарам, а вось міністар Жарко застаўся пры пасадзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG