МЗС Латвіі прапанавала яшчэ больш абмежаваць гандаль зь Беларусьсю і Расеяй

Сьцяг Латвіі, архіўнае фота

Пада забарону можа трапіць імпарт кніг, цацак і адзеньня з Расеі і Беларусі.

Як паведаміла латвійскае агенцтва LETA, Міністэрства замежных справаў Латвіі распрацавала папраўкі да закону аб падтрыманьні цывільнага насельніцтва Ўкраіны, якія прадугледжваюць забарону на імпарт асобных прамысловых тавараў расейскага і беларускага паходжаньня.

Цяпер папраўкі знаходзяцца ў працэсе ўзгадненьня. Як паведаміла журналістам пасьля паседжаньня партыяў кіроўнай кааліцыі міністар замежных справаў Байба Бражэ, урад, хутчэй за ўсё, разгледзіць іх на наступным тыдні, а Саэйма — на нечарговым паседжаньні 23 ліпеня.

Законапраект прадугледжвае забарону на імпарт у Латвію пэўных прамысловых тавараў як наўпрост з Расеі і Беларусі, так і з трэціх краін, калі гэтыя тавары паходзяць з названых дзяржаваў. Дакладны сьпіс забароненых тавараў у законе пакуль ня вызначаны — яго плянуюць уключыць у правілы Кабінэту міністраў, паведаміла агенцтва.

У сваю чаргу транзытныя перавозкі праз Латвію ў іншыя краіны Эўрапейскага Зьвязу абмяжоўвацца ня будуць.

Мэта рэгуляваньня — зьнізіць рызыкі для нацыянальнай бясьпекі Латвіі й спрыяць разрыву эканамічных сувязяў з Расеяй і Беларусьсю. Аўтары законапраекту таксама характарызуюць яго як інструмэнт сыгнальнай палітыкі, які пацьвярджае пазыцыю Латвіі і заклікае грамадзян адмаўляцца ад тавараў з гэтых краін, паведамляе LETA.

Чаму гэта важна

Законапраект прадугледжвае, што забарона будзе распаўсюджвацца на прамысловыя тавары, дагэтуль ня ўключаныя ў санкцыі ЭЗ, у тарыфныя або іншыя гандлёвыя абмежаваньні. Як адна зь першых групаў, на якія можа распаўсюдзіцца забарона, згадваюцца кнігі, газэты, відэагульні, спартовыя тавары, цацкі, адзеньне і абутак. Кошт імпарту гэтых тавараў у Латвію з Расеі і Беларусі ў 2023 годзе склаў 12,5 млн. эўра.

Праз санкцыі і моцна падвышаныя мыты традыцыйны экспарт Беларусі ў Латвію — мінэральныя ўгнаеньні, прадукцыя дрэваапрацоўкі, мэталапрадукцыя і цэмэнт — перасталі пастаўляцца на латвійскі рынак. Аднак дасюль на рынку Латвіі ёсьць абутак, адзеньне, трыкатаж, касмэтыка, а таксама прадукты харчаваньня і алькаголь зь Беларусі.

Кошт імпартаваных беларускіх тавараў у першым квартале гэтага году, як паведамляе агенцтва LETA, склаў каля 6,5 млн. даляраў, што ў 3,7 раза меней, чым у першым квартале мінулага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Латвіі спынілі рэкордную колькасьць спробаў незаконнага пераходу зь Беларусі за 32 месяцы

Што варта ведаць пра цяперашнія санкцыі супраць Беларусі

2020 год

Краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і Японія пачалі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Да гэтых і наступных санкцый далучаліся таксама іншыя краіны, у тым ліку партнэры ЭЗ.

Першапачаткова гэта былі пераважна візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў для чыноўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і для іншых асобаў, падазраваных ва ўдзеле ў рэпрэсіях і фальсыфікацыях выбараў.

2021 год

Эўразьвяз увёў эканамічныя сэктаральныя санкцыі пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

Сярод іншага, Эўразьвяз тады ўвёў абмежаваньні на імпарт беларускіх калійных угнаеньняў і забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. Эўрапейскім авіякампаніям таксама забаранілі авіяперавозкі празь Беларусь.

Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краінаў таксама ўвялі падобныя эканамічныя санкцыі пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.

У сьнежні 2021 году Эўразьвяз увёў пакет санкцыяў у сувязі зь міграцыйным крызісам, абвінаваціўшы афіцыйны Менск і Маскву ў «гібрыднай агрэсіі» супраць ЭЗ і выкарыстаньні нелегальнай міграцыі як зброі. Новыя санкцыі ЭЗ тычыліся 17 фізычных і 11 юрыдычных асобаў, чые актывы замарожваліся. Падобныя ж санкцыі тады ўвялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.

2022-2025 год

У лютым 2022 году расейскія войскі скарысталі тэрыторыю Беларусі для ўварваньня ва Ўкраіну, а ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны яны выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для абстрэлу Ўкраіны.

У сувязі з гэтым у лютым 2022 году пра новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі ЗША, Канада і Эўразьвяз. Гэтыя санкцыі тычыліся шэрагу беларускіх чыноўнікаў, вайскоўцаў, а таксама прадпрыемстваў. Цягам наступных месяцаў, свае аналягічныя санкцыі ўводзілі Карэя, Японія і шэраг іншых краінаў.

Ад 2022 году ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Ўкраіны Эўразьвяз зрабіў яшчэ больш за дзясятак санкцыйных крокаў адносна Беларусі. Мноства санкцый увялі таксама ЗША ды іншыя краіны. Сярод крокаў Эўразьвязу былі наступныя:

  • 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
  • 3 чэрвеня 2022 году ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу былі ўключаныя: кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, сыны бізнэсоўца Аляксея Алексіна Дзьмітрый і Віталь, сэрбскі бізнэсовец Багалюб Карыч, які меў інтарэсы ў Беларусі, пракурор Дзяніс Мікушаў, судзьдзя Мікалай Доля, былы кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын, генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, а таксама прапагандысты Ігар Тур, Андрэй Сыч, Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак. Таксама ЭЗ ухваліў адключэньне ад SWIFT «Белінвестбанку» і ўвёў новыя санкцыі супраць Беларуськалію, Беларускай калійнай кампаніі, «Інтэр-Табака», «Нафтана», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», Белмытсэрвісу, Белкамунмаша і Белтэлерадыёкампаніі.
  • 3 жніўня 2023 году ЭЗ дадаў у санкцыйныя сьпісы яшчэ 38 асобаў — пераважна судзьдзяў і начальнікаў калёніяў, а таксама прапагандыстаў Вадзіма Гігіна і Ксенію Лебедзеву. Пад санкцыі трапілі і тры прадпрыемствы — Белнафтахім, ААТ «Менскі электратэхнічны завод» і ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“»
  • 29 чэрвеня 2024 году Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія да таго ўвёў супраць Расеі. У прыватнасьці ЭЗ абмежаваў пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія маглі перадавацца ў Расею празь Беларусь. Гэта тычылася тавараў і тэхналёгій, зьвязаных са сфэрай абароны і бясьпекі, а таксама агнястрэльнай зброі і яе кампанэнтаў. Таксама ўвялі забарону на імпарт зь Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты, каб Беларусь не рабіла рээкспарту з Расеі забароненых тавараў.
  • 24 лютага 2025 году ў 16-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу было ўключанае беларускае прадпрыемства «Інтэграл» — вытворца паўправаднікоў, інтэгральных схемаў і іншай высокатэхналягічнай прадукцыі.
  • 27 сакавіка 2025 году Эўразьвяз увёў санкцыі яшчэ супраць 25 фізычных і 7 юрыдычных асоб Беларусі. У санкцыйны сьпіс, у прыватнасьці, трапілі Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, РУП «Беларускія лятарэі», ТАА «Рыдота», ААТ «Плянар», РВУП «Завод дакладнай электрамэханікі», а таксама ТАА «Цыбулька-Бел» з аграгарадку Гуды Лідзкага раёну (Горадзенская вобласьць). Уладальнікам «Цыбулькі-Бел» зьяўляецца дэпутат фэдэральнай зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы беларускіх палітвязьняў. Сярод асобаў пад санкцыямі апынуліся кіраўнікі вышэйназваных прадпрыемстваў, судзьдзі, чальцы ЦВК і партыі «Белая Русь».
  • 18 ліпеня 2025 году Эўразьвяз ухваліў 18-ы пакет санкцыяў, у тым ліку супраць беларускіх банкаў, кампаніі «Легмаш», і прадпрыемстваў вайсковай прамысловасьці.

2026 год

  • 23 красавіка Эўрапейскі Зьвяз ухваліў 20-ты пакет санкцыяў супраць Расеі, у які трапіла і Беларусь. На яе распаўсюдзілі забарону на экспарт у краіну тавараў, якія выкарыстоўваюць перадавыя тэхналёгіі. ЭЗ таксама забараніў аказаньне паслугаў у сфэры кібэрбясьпекі ў дачыненьні да дзяржаўных органаў Беларусі і структураў, што дзейнічаюць ад іх імя. Упершыню ў санкцыйны сьпіс трапіў турызм. ЭЗ вырашыў забараніць працу турагенцтваў і турапэратараў, паслугі гідаў і рэкляму турыстычных паездак у Беларусь. Для кантрактаў, якія ўжо дзейнічаюць, прадугледжаны кароткі пераходны пэрыяд.