ЗША нанесьлі новы ўдар па Іране. Тэгеран заявіў пра абстрэл у адказ амэрыканскіх баз у Кувэйце і Бахрэйне

Your browser doesn’t support HTML5

ЗША абвясьцілі аб новых авіяўдарах па цэлях на ўзбярэжжы Ірану 9 ліпеня 2026 году

Вайскоўцы ЗША ў ноч на 9 ліпеня аднавілі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану ў адказ на абмежаваньне суднаплаўства ў Армускай пратоцы.

Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, атака адбылася празь некалькі гадзін пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп абвясьціў аб заканчэньні пагадненьня аб спыненьні агню з Тэгеранам і папярэджаньні «моцна ўдарыць па іх [Іране] сёньня ўвечары».

«На загад галоўнакамандуючага сілы Цэнтральнага камандаваньня ЗША пачалі наносіць дадатковыя ўдары супраць Ірану, каб яшчэ больш аслабіць іх здольнасьць пагражаць свабодзе суднаплаўства ў Армускай пратоцы. Злучаныя Штаты прыцягваюць Іран да адказнасьці за нядаўнюю неабгрунтаваную агрэсію супраць камэрцыйных караблёў і цывільных экіпажаў, якія свабода ідуць па важным міжнародным водным шляху», — паведамілі ў Цэнтральным камандаваньні ЗША.

Іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) заявіў, што ў адказ на гэтыя ўдары атакаваў дронамі і ракетамі дзьве амэрыканскія вайсковыя базы ў Кувэйце і яшчэ дзьве — у Бахрэйне.

Разам з аднаўленьнем ваенных дзеяньняў ЗША скасавалі ліцэнзію на продаж іранскай нафты і аднавілі санкцыі, што дзейнічалі да падпісаньня мэмарандуму аб узаемаразуменьні, які мусіў адкрыць шлях да перамоў аб завяршэньні вайны. Амэрыканскі чыноўнік паведаміў Радыё Свабода, што гэтае рашэньне адлюстроўвае ранейшую пазыцыю адміністрацыі аб узаемасувязі выкананьня Іранам умоў па спыненьні ўдараў з эканамічным паляпшэньнем.

Аднаўленьне ўзаемных удараў Іранам і ЗША выклікалі новы сур’ёзны крызіс пасьля падпісаньня ў мінулым месяцы 60-дзённага мэмарандуму аб узаемаразуменьні, накіраваныя на спыненьне ваенных дзеяньняў і аднаўленьне аднаго з найважнейшых марскіх маршрутаў у сьвеце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што пасьля аднаўленьня баявых дзеяньняў угоды з Іранам «больш няма»


Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.