Рэальныя даходы беларусаў нарэшце перасталі падаць. Пасьля амаль трох гадоў  

Паводле зьвестак Белстату, пасьля працяглага падзеньня рэальных наяўных грашовых даходаў беларусаў, што цягнулася ад 2015 году, гэтыя даходы ў верасьні 2017 году павялічыліся на 0,4% да верасьня 2016 году.

Падзеньне рэальных даходаў паскаралася да лістапада 2016 году, але пасьля стала запавольвацца — і цяпер прыпынілася.

За 9 месяцаў 2017-га грашовыя даходы на душу насельніцтва склалі ў сярэднім 546 рублёў 10 капеек. Гэта агульны аб’ём даходаў беларусаў, падзелены на ўсіх (у тым ліку дзяцей і пэнсіянэраў) да сплаты падаткаў, у іх уваходзяць таксама адсоткі па банкаўскіх укладах і выйгрышы ў лятарэях. Гэты від даходаў рос і раней.

А рэальныя наяўныя грашовыя даходы, што цяпер перасталі падаць, гэта даходы за выняткам падаткаў, збораў і ўнёскаў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі. Памер гэтага паказьніка быў прыблізна на 5% меншы за грашовыя даходы на душу насельніцтва (абсалютныя лічбы за верасень не публікуюцца).

Сярэднестатыстычны даход — ня той, што атрымлівае большасьць. Так, у ІІ квартале толькі 26,4% беларусаў мелі больш за 500 рублёў даступных рэсурсаў (гэта заробкі плюс іншыя грашовыя даходы плюс прадукты ўласнага вырабу ў грашовым выражэньні).

Рэальныя даходы беларусаў у ІІ квартале 2017 году паводле Белстату

Тым часам сярэдні налічаны заробак беларусаў, паводле Белстату, на верасень склаў 831,3 рублі. Аляксандар Лукашэнка ў жніўні загадваў давесьці сярэдні заробак да 1000 рублёў да канца году («па пяцьсот» даляраў ён абяцае ўжо больш за 10 год), але ў лістападзе вырашыў адкласьці такі рост заробкаў прынамсі да ІІ кварталу 2018 году.

Аўтар гіта пра «папіццот»: «Пачынаю адчуваць уласную адказнасьць за правал плянаў Лукашэнкі»