Пра гэта заявіў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода часовы павераны Ўкраіны ў Вашынгтоне. У гэты ж час нарастае двухпартыйны ціск на Кангрэс, каб той расьсьледаваў сытуацыю.
«Абмежаваньні хуткасьці ня былі зьнятыя», — сказаў 21 кастрычніка Дзяніс Сенік, часовы павераны ў справах Украіны ў ЗША, дадаўшы, што Кіеў не атрымаў ніякага адказу ні ад Пэнтагону, ні ад SpaceX.
Спрэчка вакол Starlink і яго прызначанага для войска аналягу Starshield выклікала пытаньні аб тым, хто санкцыянаваў абмежаваньні, ці ведала адміністрацыя Трампа пра іх загадзя і як гэтыя зьмены паўплывалі на здольнасьць Украіны абараняцца ад расейскіх атак.
21 кастрычніка дзяржаўны сакратар Марка Рубіё адмаўляў, што прэзыдэнт Дональд Трамп або хто-небудзь ва ўрадзе ЗША ініцыяваў зьмены ў гэтых сыстэмах. Але дэлегацыя Кангрэсу, якая нядаўна наведала Кіеў, заявіла, што абмежаваньні пагоршылі ўкраінскую супрацьпаветраную абарону і паставілі пад пагрозу амэрыканскі пэрсанал, які базуецца ва Ўкраіне.
Перабоі ў працы спадарожнікавай сыстэмы Starshield, вайсковай вэрсіі службы Starlink, якой кіруе SpaceX і ад якой Кіеў моцна залежыць у абароне ад расейскіх авіяўдараў, зрабілі Ўкраіну асабліва ўразьлівай з моманту першых паведамленьняў пра іх 13–14 кастрычніка.
Дэн Райс, былы спэцыяльны дарадца галоўнага вайскавода Ўзброеных сілаў Украіны і цяперашні прэзыдэнт Амэрыканскага ўнівэрсытэту ў Кіеве, заявіў для Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што спрэчка ідзе вакол некалькіх асобных пытаньняў: абмен выведнымі зьвесткамі, абмежаваньні хуткасьці спадарожнікаў і пастаўкі перахопнікаў ракет Patriot.
Райс сказаў, што, на яго думку, Рубіё, кажучы, што Злучаныя Штаты не перапынялі дапамогу Ўкраіне, меў на ўвазе абмен выведнымі зьвесткамі.
«Выведныя зьвесткі былі перададзеныя», — сказаў Райс і дадаў, што паведамленьням аб паветранай трывозе перашкодзіў дайсьці да людзей тэхнічны збой.
«Калі сакратар Рубіё кажа, што перапынку ў выведных зьвестках не было, — я яму веру», — кажа Райс.
Гэтае разьмежаваньне важнае, бо працяг абмену такімі зьвесткамі неканечне азначае, што таксама падтрымлівалася спадарожнікавая сувязь.
На брыфінгу 21 кастрычніка памочнік сэнатара-дэмакрата, які нядаўна вярнуўся з Кіева, сказаў, што дэлегацыя бачыла, як расейскія бесьпілётнікі і ракеты атакавалі сталіцу, а тэрмін папярэджаньня пра гэта быў надзвычай кароткім.
Памочнік заявіў, што абмежаваньні Starshield дзейнічалі падчас візыту 13–16 кастрычніка і што, паводле ацэнкі дэлегацыі, яны пагражалі як украінскім мірным жыхарам, так і амэрыканскаму пэрсаналу.
Выступаючы ў Мумбаі 21 кастрычніка, Рубіё падкрэсьліў, што Starlink і Starshield — гэта асобныя сыстэмы: Starlink — камэрцыйны спадарожнікавы інтэрнэт-сэрвіс, які таксама можна выкарыстоўваць для кіраваньня бесьпілётнікамі, у той час як Starshield — гэта спэцыялізаваны абаронны прадукт, які прадаецца і кіруецца празь Міністэрства абароны ЗША.
Рубіё сказаў, што не чытаў публікацыю The Wall Street Journal, у якой сказана, што Маск загадаў запаволіць хуткасьць. Ён адмаўляў, што Трамп ці іншыя амэрыканскія службоўцы ініцыявалі зьмены або загадзя ведалі пра гэтае рашэньне.
«Ні прэзыдэнт Злучаных Штатаў, ні хто-небудзь іншы ніколі не прасіў уносіць якія-небудзь зьмены ў гэтую сыстэму», — сказаў Рубіё.
Ён сьцьвярджаў, што ўрад ня можа дыктаваць, як прыватная кампанія кіруе камэрцыйным прадуктам, але пры гэтым прызнаў, што Starshield працуе адпаведна іншым дамоўленасьцям, бо яго закупляюць для выкарыстаньня ўрадам.
Дэмакраты і некаторыя рэспубліканцы заклікалі расьсьледаваць запаволеньне працы Starlink і Starshield
Сэнатар Адам Шыф з Каліфорніі ў сацыяльных сетках напісаў, што супярэчлівыя сьведчаньні патрабуюць поўнага расьсьледаваньня Сэнатам, і заклікаў Маска даць паказаньні пад прысягай.
Сэнатар Рубэн Гальёга з Арызоны таксама заклікаў Маска добраахвотна растлумачыць рашэньне аб працы сетак. Сэнатар Крыс Кунз з Дэлавэру заявіў, што Маск не павінен мець права ўплываць на вынік вайны «адным пстрыкам выключальніка», у той час як сэнатарка Элізабэт Уорэн з Масачусэтсу папярэдзіла аб рызыках сытуацыі, калі прыватны бізнэс дыктуе замежную палітыку ЗША.
Кангрэсмэнка Амі Бэра, дэмакратка з Каліфорніі, заявіла, што запаволеньне «падарвала ўкраінскую абарону і паставіла пад пагрозу жыцьці невінаватых», і заклікала Кангрэс высьветліць, хто санкцыянаваў гэта, і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
Рэспубліканскі дэпутат Браян Фіцпатрык з Пэнсыльваніі таксама заклікаў да расьсьледаваньня.
Асобна дзьвюхпартыйная група з амаль двух дзясяткаў чальцоў Палаты прадстаўнікоў заклікала Трампа ціснуць на Маска, каб дазволіць Украіне выкарыстоўваць Starlink для нацэльваньня на расейскія ракетныя ўстаноўкі ўнутры Расеі.
«Калі Ўкраіна ня можа надзейна перахопліваць расейскія «стрэлы», яна павінна мець магчымасьць страляць па «лучніку», — напісалі заканадаўцы ў лісьце, адпраўленым 21 кастрычніка, сьцьвярджаючы, што Ўкраіне патрэбная магчымасьць зьнішчаць пускавыя ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюцца для атак на яе гарады.
Ініцыятыву ўзначаліў рэспубліканскі дэпутат Джо Ўілсан з Паўднёвай Караліны, у яе складзе сем рэспубліканцаў і 16 дэмакратаў. Заканадаўцы заявілі, што наданьне Ўкраіне шырэйшага доступу да тэхнічных магчымасьцяў можа выратаваць жыцьці і лепш стымуляваць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна да перамоваў.
Дэлегацыя Сэнату таксама выказала занепакоенасьць іншымі затрымкамі дапамогі ЗША, у тым ліку перахопнікаў Patriot, аплочанымі, як паведамляецца, хаўрусьнікамі па NATO, але яшчэ не перададзенымі Ўкраіне.