Электрастанцыя, пабудаваная ў месцы выхаду газаправодаў «Паўночны паток» на сушу ў паўночна-ўсходняй Нямеччыне, была спыненая пасьля дывэрсіі на гэтых трубаправодах. Цяпер аб'ект дэмантуюць і адпраўляюць ва Ўкраіну.
Прамысловая электрастанцыя ў Любміне (каля Грайфсвальду) належыць нямецкай кампаніі Securing Energy for Europe (SEFE).
Адрыян Мангабэр, прадстаўніца гэтай дзяржаўнай кампаніі, пацьвердзіла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што цяпер ідзе дэмантаж станцыі, а працэсам яе перадачы займаецца каманда ўкраінскага паліўнага гіганта «Нафтогаз».
Газаправоды «Паўночны паток», якія праходзяць па дне Балтыйскага мора з Расеі ў Нямеччыну, больш не працуюць.
У электронным лісьце прадстаўніца SEFE адзначыла:
«Былі разгледжаны ўсе варыянты паўторнага выкарыстаньня ці продажу [станцыі ў Любміне], у тым ліку вяліся перамовы аб продажы, аднак знайсьці камэрцыйна выгаднае рашэньне не ўдалося».
Паводле Мангабэр, перадача абʼекту Ўкраіне стала «найлепшай альтэрнатывай утылізацыі» пасьля таго, як у красавіку 2023 году станцыя спыніла працу.
Прамысловая электрастанцыя ў Любміне (каля Грайфсвальду), 7 верасьня 2022
Апошнімі тыднямі энэргетычная інфраструктура Ўкраіны ня раз была мішэньню расейскіх удараў — гэта скаардынаваныя дзеяньні, накіраваныя на тое, каб скарыстаць холад і цемру бліжэйшых месяцаў як зброю супраць Украіны. Паводле Мангабэр, перадача электрастанцыі павінна быць завершаная «ў першым квартале» 2027 году.
У траўні галоўная апазыцыйная партыя «Альтэрнатыва для Нямечыны» (AfD) марна спрабавала спыніць перадачу электрастанцыі Ўкраіне, сьцьвярджаючы, што яе вываз «абмяжуе выбар будучай энэргетычнай палітыкі». Партыя AfD выступае за спыненьне вайсковай дапамогі Ўкраіне і за зьняцьце санкцыяў з Расеі.
Ґеральд Юрґенс, прэзыдэнт бізнэс-асацыяцыі Заходняй Памэраніі, відавочна маючы на ўвазе вэрсію аб тым, што за зьнішчэньнем газаправодаў «Паўночнага патоку» стаіць Украіна, заявіў аднаму зь нямецкіх мэдыя:
«У многіх людзей складваецца такое ўражаньне: спачатку яны падрываюць газаправод, а потым забіраюць электрастанцыю. Гэта немагчыма нікому растлумачыць».
Акурат цяпер у Гамбургу праходзіць судовы працэс над афіцэрам украінскіх спэцыяльных сілаў, якога абвінавачваюць у кіраваньні групай, што ўчыніла дывэрсію на газаправодах «Паўночны паток». Кіеў адмаўляе сваю датычнасьць да выбухаў, якімі ў верасьні 2022 году былі пашкоджаныя тры з чатырох нітак падводных газаправодаў «Паўночны паток».
Мангабэр адзначыла, што рашэньне падараваць абʼект у Грайфсвальдзе Кіеву «было сустрэта з разуменьнем» пэрсаналам, які працаваў на станцыі. Дэмантаж абсталяваньня «прайшоў спакойна, не было інфармацыі пра нараканьні даўніх супрацоўнікаў ці кіраўніцтва», — дадала яна.
Аўтатрансфарматар, які грузяць для адпраўкі зь Літвы ва Украіну ў 2023 годзе
Перадача абсталяваньня з электрастанцыі ў Любміне — частка шырэйшай ініцыятывы пад эгідай Эўразьвязу, накіраванай на перадачу Ўкраіне кампанэнтаў энэргетычных абʼектаў, а часам і цэлых электрастанцыяў, выведзеных з эксплюатацыі.
У верасьні Літва паабяцала перадаць сотні тон абсталяваньня з Ігналінскай атамнай электрастанцыі, выведзенай з эксплюатацыі ў 2009 годзе. У сьнежні 2025 году ЭЗ завяршыў дэмантаж і перавозку зь Літвы ва Ўкраіну цэлай газавай цеплаэлектрастанцыі.
Абсталяваньне Віленскай цеплаэлектрацэнтралі даставілі 149 асобнымі партыямі агульнай вагой 2399 тон. Яго не зьбіралі наноў як суцэльны абʼект, а скарысталі па частках на ўкраінскіх энэргетычных прадпрыемствах.
Прадстаўнік ЭЗ паведаміў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што з моманту расейскага ўварваньня ў 2022 годзе Ўкраіне была аказаная дапамога ў галіне энэргетычнай бясьпекі на больш як 4 мільярды эўра. Гэтыя рэсурсы «могуць забясьпечыць гэнэрацыю энэргіі, дастатковай для патрэбаў прыкладна 9,6 мільёна чалавек».
«Мы працягваем цьвёрда падтрымліваць Украіну і дапамагаем украінцам перажыць гэтую зіму», — дадаў прадстаўнік ЭЗ.
Пры гэтым ён адмовіўся адказаць, якая частка перададзенай энэргетычнай інфраструктуры была зьнішчана расейскімі ракетнымі ўдарамі і атакамі дронаў.
Электрычны трансфарматар, які рыхтуюць да адпраўкі ва Ўкраіну на складзе ў лягістычным цэнтры ў Румыніі, ліпень 2023
У ліпені Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны падзякавала краінам ЭЗ, якія перадалі складнікі для электрастанцыяў, і паведаміла, што адбыліся праверкі іншых выведзеных з эксплюатацыі энэргетычных абʼектаў у Латвіі, Літве, Славаччыне, Аўстрыі, Харватыі і Нідэрляндах наконт іх магчымай перадачы.
Наступным абʼектам, прызначаным для перадачы Ўкраіне, стане Рыская ЦЭЦ-2 у Латвіі. 11 лістапада крыніца ў Брусэлі паведаміла Радыё Свабода, што цяпер разглядаецца магчымасьць перадачы Ўкраіне дзьвюх выведзеных з эксплюатацыі вугальных электрастанцыяў у Нямеччыне. Прадстаўнік ЭЗ адмовіўся назваць гэтыя нямецкія абʼекты, спаслаўшыся на небясьпеку дывэрсіяў.