«Расея пры Пуціну загрузла ў хаосе». Як мяняецца рыторыка расейцаў падчас паліўнага крызісу ў выніку ўкраінскіх паветраных атак

Ілюстрацыйнае фота

Дэфіцыт бэнзіну ў Расеі, выкліканы ўкраінскімі ўдарамі па нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ) і перабоямі ў пастаўках, ужо закранае ня толькі аўтамабілістаў, а і жыхароў аддаленых вёсак.

Як мяняецца рыторыка расейцаў падчас паліўнага крызісу пасьля ўкраінскіх атак, дасьледавала Настоящее время.

У расейскіх вёсках людзі часта застаюцца бяз паліва для генэратараў, ня могуць захаваць прадукты пры адключэньнях электрычнасьці і дабрацца да аптэк і шпіталёў.

Падчас крызісу ў большасьці рэгіёнаў яшчэ і забаранілі запасаць бэнзін у каністрах.

«Растлумачце, чым вам не дагадзілі каністры? Мы жывем у вёсцы, дзе няма ні крамы, ні аптэкі, ні транспарту даехаць да гэтых выгодаў цывілізацыі. Усё жыцьцё мы прыяжджалі на запраўку за 30 км ад нашай вёскі раз у тыдзень і запраўлялі бак і каністру, а то і дзьве на выпадак адключэньня сьвятла. Як нам захаваць прадукты? У склепе? Як даехаць да раённага цэнтру — у крамы і назад?» — пытаецца ў акаўнце губэрнатара Ноўгарадзкай вобласьці Аляксандра Дронава жыхарка адной зь вёсак.

«Нам, пэнсіянэрам, бяз бэнзапілы чым дровы напілаваць? У нас даўгамерныя ляжаць, дровы да зімы высахнуць не пасьпеюць! Паліць сырымі і мерзнуць зімой — толькі праз тое, што наша кіраўніцтва далей за нос і вокны службовага аўта нічога ня бачыць і разумець ня хоча? Разьвязвайце ж праблему, блін!!! Уводзьце талёны ці дазваляйце хаця б 5-літровыя каністры — у людзей у вёсках матаблёкі, матакосы, генэратары, у рэшце рэшт!» — абураецца іншы вясковы жыхар Наўгародзкай вобласьці.

Людзі абураюцца, пытаюцца, як ім выжываць, бо на працу ў горад часта можна даехаць толькі на машыне.

«Крамаў, аптэкі, лекараў у нас у вёсцы няма. Да трасы, дзе ходзіць аўтобус Любыціна — Баравічы, 15 км пешшу. Уяўляеце, як гэта — 15 км з 6-гадовым дзіцём? Пачакаць, патрываць. Калі я неяк паскардзілася на дрэнную дарогу і немагчымасьць вывезьці дзіця ні ў краму, ні да лекара, да мяне апэратыўна прыехалі з органаў апекі. А пажалісься, што не прывезьці корму жывёлам, прыедуць да нас з вэтслужбы. Калі мы пыталіся, што нам рабіць — чыноўнікі нам сказалі, што трэба было сядзець у горадзе, а ня ехаць у такую глуш», — заявіла жыхарка Алена.

Што кажуць аб прычынах

Аб прычынах цяперашняга крызісу суразмоўцы кажуць неахвотна. Многія ўхіляюцца ад адказу або ўскладаюць адказнасьць выключна на ўкраінскае войска. Але ў ноўгарадзкіх сацыяльных сетках некаторыя карыстальнікі дазваляюць сабе больш рэзкія фармулёўкі:

«Разбамбілі некалькі НПЗ, вось Расея пры Пуціну пагрузла ў хаосе. Ідзе вайна, а наш урад ня ў стане нас засьцерагчы», — піша мясцовы жыхар.

Іншы выгароджвае губэрнатара вобласьці Аляксандра Дронава:

«Усё-ткі ня Дронаў вінаваты. Бамбіць украінцаў, СВА пачаў таксама ня Дронаў».

Падобныя камэнтары зьяўляюцца і ў інтэрнэт-форумах іншых рэгіёнаў Расеі, якія застаюцца для жыхароў ці не адзінай пляцоўкай публічных скаргаў. На старонцы губэрнатара Цюменскай вобласьці «Ўкантакце» мясцовы жыхар піша:

«Сёньня на ніводнай запраўцы бэнзіну няма зусім... Дзе бэнзін? Як у вёсках жыць?»

У адказ іншыя грамадзяне яму раяць перасесьці на каня — і давязе, і траву зьесьць сам, таму касіць не давядзецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна ўдарыла па буйным складзе Wildberries і нафтабазе пад Масквою

Чаму гэта важна

Украіна за апошнія два гады ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.

Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах.

Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.

Пастаўкі нафтапрадуктаў зь Беларусі ў Расею ў чэрвені 2026 году дасягнулі гістарычнага максымуму — 141 тысяча тон за першыя 25 дзён месяца.

Беларусь пастаўляла ў Расею нафтапрадукты, спачатку прызначаныя для экспарту ў краіны Цэнтральнай Азіі. Пасьля піку рэалізацыі аб’ёмы паліва зьнізіліся з больш чым 7 тысяч тон да сотняў тон на содні, што выклікала рост гуртовых цэнаў на бэнзін АІ-92 да 140–142 тысяч рублёў за тону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У расейскім Ліпецку пасьля ракетнай трывогі буйны пажар. Расея атакавала Сумы на ўсходзе Ўкраіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.