Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім Ліпецку пасьля ракетнай трывогі буйны пажар. Расея атакавала Сумы на ўсходзе Ўкраіны

Пажар у Ліпецку, 21 ліпеня 2026 году
Пажар у Ліпецку, 21 ліпеня 2026 году

Працягваецца ваеннае супрацьстаяньне Расеі з Украінай у паветры пасьля адмовы Пуціна ад прапановы Кіева спыніць агонь на лініі фронту і ўдары ўглыб тэрыторыі дзьвюх краін.

Губэрнатар Ліпецкай вобласьці Расеі Ігар Артамонаў паведаміў, што пажар плошчай каля 2, 5 тысячы кв. м пачаўся «на адкрытай пляцоўцы на тэрыторыі вытворчых аб’ектаў». Зь ягоных словаў, пацярпелых няма.

Прычыну пажару ён не назваў. Раней у горадзе абвяшчалі ракетную небясьпеку, а мясцовыя жыхары, як сьцьвярджае Astra, гаварылі пра выбухі.

Паводле зьвестак журналістаў, пажар адбыўся на тэрыторыі паміж ЦЭЦ-2 і Наваліпецкім мэталюргічным камбінатам (НЛМК) — найбуйнейшым у Расеі сталеліцейным прадпрыемствам.

Украінскі OSINT-канал Supernova+ піша, што пажар узьнік на лягістычным складзе на вуліцы Алмазнай, дзе знаходзяцца вытворчасьці НЛМК.

Расея атакавала жылы дом і гандлёвы цэнтар у Сумах

Пасьля расейскага ўдару па Сумах на ўсходзе Ўкраіны шэсьць чалавек пацярпелі, зьнішчаная машына ратаўнікоў.

У выніку ўдару дрона па жылым доме пачаўся пажар на першым паверсе, паведамляе Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў (ДСНС) Украіны. У выніку параненыя шэсьць чалавек, сярод іх чацьвёра дзяцей.

Таксама быў атакаваны гандлёвы цэнтар, пачаўся маштабны пажар, паведамляюць ратаўнікі.

«Як толькі ратаўнікі пачалі тушэньне, супернік нанёс паўторныя ўдары. Падчас адной з атак зьнішчаны службовы аўтамабіль, а адзін транспарт ДСНС пашкоджаны», — гаворыцца ў паведамленьні.

У Харкаве пад удар трапіў прыватны дом у Нямышленскім раёне, пачаўся пажар. У выніку ранішняй атакі пацярпелі пяць чалавек, сярод іх 12-гадовае дзіця.

Паветраныя сілы УСУ паведамлялі, што ўначы расейскія вайскоўцы атакавалі Ўкраіну 58 бесьпілётнікамі, 46 зь якіх зьбітыя, 8 дронаў нанесьлі ўдары ў сямі лякацыях.

Чаму гэта важна

Украіна за апошнія два гады ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.

Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах.

Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.

Пастаўкі нафтапрадуктаў зь Беларусі ў Расею ў чэрвені 2026 году дасягнулі гістарычнага максымуму — 141 тысяча тон за першыя 25 дзён месяца.

Беларусь пастаўляла ў Расею нафтапрадукты, спачатку прызначаныя для экспарту ў краіны Цэнтральнай Азіі. Пасьля піку рэалізацыі аб’ёмы паліва зьнізіліся з больш чым 7 тысяч тон да сотняў тон на содні, што выклікала рост гуртовых цэнаў на бэнзін АІ-92 да 140–142 тысяч рублёў за тону.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG